ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Св. Рыта: заступніца ў складаных сітуацыях

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі св. Рыта прадстаўлена ў манаскім уборы –   чорным хабіце і белым вэлюме – з шыпамі на лбе. Яе атрыбутамі з’яўляюцца  двое дзяцей, распяцце, інжыр, пчолы, ружа.З’яўляецца адной з самых папулярных святых на працягу некалькіх стагоддзяў. Людзі моляцца да яе ў самых розных інтэнцыях: падлетак просіць, каб бацькі зноў сталі колішнімі; студэнтка – аб паспяховай здачы экзамена; выпускнік – аб добрай працы; жанчына, якой здрадзіў муж, – аб сілах, каб прабачыць і жыць далей... Святая прыцягвае церпячых, прыгнечаных цяжкімі жыццёвымі клопатамі, хворых, адзінокіх, усіх тых, хто з людскога пункту гледжання знаходзіцца ў складанай сітуацыі.
Каштоўная жамчужына
    Рыта нарадзілася каля 1380 года ў Рокапарэна, недалёка ад Кашы (Італія). Была адзінай дачкой у сям’і горцаў. Хоць дзяўчына адчувала пакліканне да манаскага жыцця, бацькі вырашылі, што яна павінна выйсці замуж за Паола Манчыні.
Гэты шлюб цяжка назваць уданым. Муж Рыты быў імпульсіўным і жорсткім чалавекам, аднак жанчына заўсёды была цярплівай да яго. Нарадзіла дваіх сыноў. Але была вымушана гадаваць дзяцей адна, таму што Манчыні ў хуткім часе забілі члены мафіі. Убачыўшы, што сыны, падобным чынам, як іх бацька, збочваюць на дрэнную дарогу, прасіла Бога, каб лепш забраў іх з гэтага свету, чым тыя стануць забойцамі. Хлопцы памерлі падчас эпідэміі.
    Пасля смерці сыноў Рыта рэалізавала сваё жаданне ўступіць у кляштар аўгустыянак у Кашы. Жанчына не ўмела ні чытаць, ні пісаць, таму ёй даручалі вельмі простыя паслугі, якія тая ахвотна выконвала. Падчас працы Рыта часта цалавала пярсцёнак – знак сваёй сувязі з Езусам Абраннікам.
    Шмат малілася. Вымаліла сабе дар стыгматаў. На галаве манахіня адчувала рану ад аднаго з шыпоў з вянка Езуса, што нагадвала ёй пра Мукі Збаўцы. Гэтая містычная з’ява працягвалася 15 гадоў. Рыта таксама прасіла Бога, каб рану не бачыў ніхто навокал, і была пачутая.
    Памерла ад туберкулёзу 22 мая 1457 года ў Кашы. Беатыфікавана папам Урбанам VIII у 1628 годзе. Кананізавана 24 мая 1900 года папам Львом XIII. Пантыфік назваў святую “каштоўнай жамчужынай Умбрыі”.
    На сёння толькі ў Італіі налічваецца па меншай меры 300 касцёлаў і капліц пад тытулам св. Рыты. Сярод іх ёсць прыкладна 50 парафій і каля 10-ці санктуарыяў. Абраз святой таксама можна ўбачыць у многіх святынях. Найбольш вядомы санктуарый, цэнтр культу, знаходзіцца ў Кашы. Цела св. Рыты, захаванае ад раскладання, спачывае там у шкляной труне.
   
   Чаму мы можам навучыцца ў св. Рыты?
    Постаць святой нагадвае аб адным з найбольшых прагненняў людскога сэрца – супакоі. Сваім сціплым і ціхім жыццём яна заахвочвае нас увайсці на дарогу пакоры і паслухмянасці.
   
    Цікава!
    Пры магіле св. Рыты неаднаразова адбываліся надзвычайныя рэчы. Калі праз некалькі гадоў у касцёле адбыўся раптоўны пажар, нягледзячы на тое, што ўся святыня была зруйнавана, кіпарысавая труна з целам святой засталася некранутай.
   
    З вуснаў святой
    “Любі і змагайся!”.
   
   Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Рыту 22 мая.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.