ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Што есць Папа ў Вялікім посце?

З жыцця Касцёла

7 цікавых фактаў з Ватыкана
1. Меню для Святога Айца на 40-дзённы перыяд посту ствараецца значна раней. Са стала цалкам знікаюць дэсерты, што з’яўляецца для папы Францішка вялікай ахвярай, таму што ён вельмі любіць торты і прысмакі, асабліва дульсэ дэ лечэ – крэм з каймака. Таксама Папа поўнасцю адмаўляецца ад віна, якое час ад часу ўжывае падчас абеду. Яшчэ Святы Айцец вядомы тым, што любіць піцу. У свой дзень нараджэння, акрамя торта, ахвотна з’ядае і традыцыйную італьянскую страву. Аднак падчас посту Папа адмаўляецца ад усіх кулінарных задавальненняў.

2. Пачынаючы з Папяльцовай серады, у меню трапезнай у ватыканскім Доме св. Марты, дзе жыве Святы Айцец, з’яўляецца больш вегетарыянскіх страў, а колькасць мясных – памяншаецца. Калі такія і ёсць, то часцей за ўсё гэта эскалопы з бульбай, гарошкам ці гароднінай, курыца грыль або індычыная грудзінка. Тыповыя стравы, якія ў гэты час падаюць сёстры, што займаюцца гатаваннем ежы, гэта рызота, амлет з бульбай ці з гароднінай і сырам, не вельмі прыпраўленыя, звычайныя кароткія макароны з таматным соусам. Таксама ёсць вялікі выбар салатаў і садавіны. На вячэру часцей за ўсё рыс або суп, гародніна, кавалачак сыру.
3. На першым месцы на стале Папы знаходзіцца хлеб. Ставяць яго ў цэнтр пасілкаў, бо гэта не толькі асноўная ежа чалавека, але і кожнага хрысціяніна. Згодна звычаю, ім трэба дзяліцца з усім чалавецтвам, і гэтай ідэі папа Францішак застаецца верным, сам даючы найлепшы прыклад.
    За час пантыфікату Святы Айцец таксама ўвёў у сваім асяроддзі звычку піць ерба матэ – парагвайскую гарбату, цалкам натуральную, якая запавольвае працэс старэння і адначасова багата вітамінамі А і В, а таксама антыаксідантамі.
4. Святы Айцец не пераборлівы, ніколі не скардзіцца на ежу і заўсёды есць проста. Сціпласць папскага стала ўразіла ўжо многіх з тых, хто быў запрошаны да яго, таму што Папа нярэдка частуе звычайнай талеркай макарон, шніцэлем з гарошкам і перцам, садавінай і кавай. Гэтае меню каштуе менш за 10 еўра. Нават першая вячэра пасля абрання яго Папам была вельмі сціплай і здзівіла ўсіх гасцей. Такім чынам ён даў відавочны сігнал, што не важна тое, што ядуць, а важна кампанія, размова за сталом і святкаванне пасілкаў. Усё гэта як найбольшую каштоўнасць ён прынёс з роднага дома. Стол сям’і Берголіа не быў перапоўнены. Маленькі Хорхе мусіў навучыцца гатаваць, таму што яго маці, калі нараджала апошняе, пятае дзіця, закрануў параліч.
    Да таго часу, як яна прыйшла ў норму, сын ужо самастойна кухарыў. Дома жылі вельмі проста. Ніколі нічога не выкідвалі. З таго, што заставалася на кухні, прыдумвалі новыя стравы.
5. З самага пачатку свайго пантыфікату Папа здзіўляе не толькі сціпласцю ў ежы, але і стылем спажывання пасілкаў. Ён не есць у сваіх апартаментах, а карыстаецца сталовай у Доме св. Марты. Cтолік, за якім часцей за ўсё сядае Францішак, размешчаны ў канцы залы, у якой адначасова можа змясціцца каля 40-ка чалавек, і не аддзелены ад астатніх ніякай перагародкай. Папа сядае за сталом, дзе прыйдзецца, бо не мае свайго пастаяннага месца. Калі падразумяваецца самаабслугоўванне, ён бярэ паднос і становіцца ў чаргу за стравамі, так, як і ўсе астатнія супрацоўнікі Ватыкана.
6. У мінулым годзе падчас Вялікага посту папа Францішак атрымаў незвычайную прапанову. Дзяўчынка па імені Генэзіс Батлер, якая прадстаўляе кампанію “Million Dollar Vegan”, накіравала Папу адкрыты ліст. Яна заклікала Святога Айца змяніць сваё харчаванне на час Вялікага посту і перайсці на веганскую кухню. На яе думку, такая акцыя магла б садзейнічаць клопату пра навакольнае асяроддзе праз адмаўленне ад мяса і асэнсаваны выбар ежы. Калі б Папа згадзіўся на прапанову Генэзіс, арганізацыя абавязалася прызначыць мільён даляраў на любую выбраную ім дабрачынную мэту. Папа напісаў дзяўчынцы адказ праз Дзяржаўны сакратарыят. У лісце падзякаваў за дзейнасць арганізацыі, прадстаўнікі якой клапоцяцца пра свет, што з’яўляецца агульным домам, аднак не выкарыстаў запрашэнне.
7. Не толькі падчас Вялікага посту, але і на працягу ўсяго года Святы Айцец часта паўтарае зварот “Добрага абеду” ці “Добрай вячэры”, адрасаваны тысячам вернікаў падчас кожнай малітвы “Анёл Панскі” ў Ватыкане. Гаворка ідзе пра культуру сустрэч, якая ствараецца менавіта за сталом у сям’і. Традыцыю супольнага ўжывання пасілка вельмі ўшаноўвалі ў сям’і папы Францішка. Святы Айцец ставіць сваёй задачай падкрэсліць яе значэнне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.