ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пірсінг, татуіроўкі, модныя ўборы і макіяж... Забараняць?

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда, псіхолаг
Самым складаным узростам у дзяцей бацькі і выхавацелі лічаць перыяд сталення. Гэта час, калі малады чалавек змагаецца за незалежнасць і індывідуальнасць. Такая барацьба часцей за ўсё выяўляецца ў зменах знешняга выгляду, што для дарослых вельмі часта бывае непрымальным. Напрыклад, малады чалавек пачынае задумвацца аб пірсінгу ў носе альбо некалькіх завушніцах у вушах, аб пафарбаваных валасах або татуіроўцы на перадплеччы. Падобныя паводзіны нярэдка становяцца прычынай для спрэчак. Падлетак змагаецца за іншасць, а бацькі хочуць “нармальнасці”.
Для падлетка важна прыняцце аднагодкаў, дарослыя ж задумваюцца аб успрыняцці іх дзяцей усім грамадствам. Самае галоўнае правіла – не аказваць ціску: гэта не з’яўляецца выхаваўчым метадам. Што рабіць, калі малады чалавек заяўляе, што хоча пафарбавацца ў блакітны колер, зрабіць татуіроўку ці ўставіць завушніцу? Прапаную некалькі парад для бацькоў, якія дапамогуць ім захаваць раўнавагу і не сапсаваць адносіны са сваімі дзецьмі.
    1. Бацькам варта патлумачыць дзіцяці, што яны не маюць нічога супраць некаторых змен у яго знешнасці, але пры гэтым звярнуць увагу, што вельмі важна, каб гэтыя змены не выклікалі непрыемнасцей, напрыклад, у школе.
    У любой навучальнай установе заўсёды ёсць пэўныя абмежаванні. Можна таксама распавесці гісторыю аб сваім жаданні змяніць знешні выгляд у школе і аб тым, што ў дарослым узросце да гэтых змен ужо зусім іншы падыход.
    2. Калі дзіця настроена рашуча, для некаторых эксперыментаў, напрыклад, афарбоўвання валасоў або нанясення пэўнага макіяжу, можна прапанаваць час канікул. Варта адзначыць, што татуіроўкі і пірсінг могуць нанесці шкоду здароўю, а выдаліць іх будзе значна складаней і значна даражэй. У размовах з маладымі людзьмі неабходна падкрэсліваць вельмі важную ролю здароўя ў жыцці, заахвочваць больш адказна ставіцца да сябе.
    3. Трэба размаўляць пра любыя змены, якія адбываюцца з маладым чалавекам. Так ён зможа навучыцца ў бацькоў, як трэба апранацца і што адзенне павінна быць падабрана адпаведна месцу (напрыклад, па-рознаму апранаемся ў школу, у касцёл, у госці да знаёмых ці ў спартзалу). Бацькам таксама варта згадзіцца на любімыя джынсы дзіцяці альбо дазволіць яму апрануцца на сустрэчу з сябрамі так, як хоча. Густ падлеткаў вельмі часта змяняецца, а бацькі як назіральнікі могуць пэўным чынам карэкціраваць яго.
    4. Калі дзяўчаты хочуць карыстацца касметыкай у непаўналетнім узросце, варта пагаварыць пра тое, ці могуць яны дазволіць сабе выдаткаваць уласныя кішэнныя грошы на яе і ці не сапсуе такі макіяж іх натуральную прыгажосць.
    Бацькі, а ў дадзеным выпадку маці, павінны расказаць і растлумачыць дачцэ пра свае густы, перавагі ў фарбаванні, а таксама пра тое, колькі клопатаў і праблем са здароўем можа выклікаць даволі ранняе і актыўнае фарбаванне.
    5. Не трэба супярэчыць таму, што выгляд падлетка – яго справа, бо гэта сапраўды так. Але ў атмасферы разумення і размоў прасцей дамовіцца аб магчымых зменах у яго жыцці. Таксама варта прыглядзецца, кім з’яўляюцца сябры вашага дзіцяці і дзе яно праводзіць вольны час.
    Душпастыру, які займаецца моладдзю ў парафіі і знаходзіцца побач з маладымі людзьмі, варта адзначаць падобныя праяўленні барацьбы за індывідуальнасць у выхаванцаў. Часцей падкрэсліваць у размовах дар цела і жыцця, дадзены Богам, прыгадваць вучэнне Касцёла і каштоўнасці, якія павінен выбіраць чалавек. Правільна падрыхтаваная катэхеза на гэтую тэму альбо нязмушаныя бяседы з моладдзю дапамогуць ім стварыць адзіны і сапраўдны вобраз сябе як асобы, не губляючы індывідуальнасці і ўсведамлення, што з’яўляюцца любімымі Богам.
    Пытанні можна дасылаць на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.