ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

“Касцёлам кіруе Святы Дух, і трэба даверыцца Яму”.

Інтэрв'ю

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пра сыход на пенсію
3 студзеня, у свой дзень нараджэння, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сышоў на пенсію. Наведаўшы Гродна ўпершыню пасля вяртання на родныя землі, іерарх адказаў на пытанні чытачоў мясцовых каталіцкіх СМІ.
– Эксцэленцыя, ці адчувалі Вы малітоўную падтрымку з Беларусі, калі знаходзіліся ў Польшчы?
    – Так, я адчуваў магутную малітоўную падтрымку вернікаў Беларусі: не толькі католікаў, але і прадстаўнікоў іншых веравызнанняў. Гэта быў знак салідарнасці, які мне дапамагаў несці крыж выгнання з надзеяй на вяртанне, што і адбылося ў вігілію Божага Нараджэння. У выніку, я змог святкаваць яго разам са сваімі вернікамі.

    – Падзяліцеся, калі ласка, што адчувалі, калі даведаліся, што можаце вярнуцца на Радзіму.
    – Я чакаў гэтага моманту вельмі доўга, ажно 4 месяцы. Кожны дзень шукаў звесткі ў інтэрнэце. Чакаў, што зазвоніць телефон, і я пачую паведамленне: ужо можна вярнуцца. Самым цяжкім было якраз чаканне. Таму з вялікай радасцю ўспрыняў навіну ад нунцыя, што прыйшоў час вяртання. Мой настрой адразу заўважылі святары парафіі св. Антонія ў Сакулцы, дзе я знаходзіўся. Толькі збіраўся ўсё ім расказаць, як апярэдзілі мяне, пытаючыся, ці часам не вяртаюся, бо на маім твары “ўсё напісана”.
   
    – Ці чакалі такога “падарунка” на дзень нараджэння ад папы Францішка – прыняцця адстаўкі?
    – Я выхаваны ў духу “Roma locuta, causa finita” (“Рым сказаў, справа вырашана”), таму не задаваўся пытаннем, ці прыме Папа маю просьбу аб звальненні з абавязкаў. Паводле кананічнага права, ва ўзросце 75 гадоў трэба звярнуцца да Святога Айца з просьбай аб вызваленні ад выконваемых абавязкаў. Як вырашыць Папа – гэта яго справа. Днём раней ці пазней – не мае значэння. Таму адстаўка ў дзень нараджэння мною ўспрымаецца нармальна. Ведаю шмат такіх выпадкаў у іншых краінах.
   
    – Ці цяжка сыходзіць з пасад Мітрапаліта і ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пасля доўгіх гадоў знаходжання на іх?
    – Не стаўлю сабе такога пытання. Прыйшоў час, і трэба сысці. Патрэбны маладыя, больш энергічныя біскупы з новымі ініцыятывамі. Іерархі змяняліся, змяняюцца і будуць змяняцца, але Касцёл застаецца. Трэба ўмець сысці ў час.
   
    – Як адчуваеце сябе на пенсіі? Ці яшчэ не “рассмакавалі” яе?
    – Пакуль што не “рассмакаваў”. Хачу працягваць служыць людзям у душпастырстве. Мне падабаецца цэлебраваць розныя набажэнствы, абвяшчаць Евангелле. Цяпер буду мець больш часу для гэтага, бо адпадаюць кіраўнічыя і адміністратыўныя справы.
   
    – Ці змяніўся Ваш распарадак дня?
    – Не. Я ўстаю ў 6.30. Кароткая малітва. Абавязковая 30-хвілінная гімнастыка. Літургія гадзін і іншыя малітвы. Св. Імша. Сняданак. Рыхтую перадачу спраў новаму біскупу. Цягам дня – малітвы Літургіі гадзін, Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці і іншыя. Часам еду на набажэнствы ў парафіі. Яшчэ засталіся некаторыя запланаваныя раней справы, якія стараюся рэалізаваць.
   
    – Цяпер у Вас будзе менш абавязкаў. Ці маеце якія-небудзь хобі?
    – Люблю спорт, асабліва футбол. Але пасля аперацыі на пазваночнік не магу больш ганяць мяч. Чакаю, калі можна будзе наведваць басейн, бо падабаецца плаваць. Люблю таксама тэалагічныя і асабліва гамілетычныя кнігі, на што цяпер буду мець больш часу.
   
    – Якія планы на будучыню? Дзе плануеце жыць: у Мінску ці ў Гродне? Можа, вернецеся ў родны Адэльск?
    – Пакуль што застаюся ў Мінску, а потым будзе бачна…
   
    – Як змагацца з несправядлівасцю, насіллем і беззаконнем у нашы часы?
    – Трэба жыць паводле Божага закону. У ім усё прапісана. Асабліва трэба памятаць пра запаведзь любові да Бога і бліжняга, а таксама аб акце пакаяння і жалю за грахі ды аб неабходнасці прабачэння. Але для гэтага трэба адпаведна выхаваць чалавека. Таму перад Касцёлам і грамадствам стаіць адказнае заданне выхавання маладога пакалення. І тут павінны актыўна развівацца адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам. Касцёл мусіць мець большую прысутнасць у дзяржаўных СМІ. У навучальных установах неабходна выкладаць асновы рэлігіі як факультатыў. Дзяржава павінна падтрымліваць дзейнасць Касцёла, гарантуючы яго аўтаномію.
   
    – Ксёндз Арцыбіскуп, Вы ведаеце і, напэўна, адчуваеце любоў людзей да Вас… Дайце, калі ласка, параду, як па-хрысціянску прыняць Вашу адстаўку, а таксама новыя змены ў Касцёле ў Беларусі?
    – Шчыра дзякую за любоў вернікаў да сваіх пастыраў, у тым ліку да мяне. Я адчуваў яе заўсёды, але асабліва моцна – падчас свайго выгнання. За ўсё гэта вельмі ўдзячны людзям. Касцёлам кіруе Святы Дух, і трэба даверыцца Яму. Ён лепш ведае, якая асоба і ў які час павінна кіраваць Касцёлам. Так было заўсёды, так ёсць і цяпер. Усё на хвалу Бога!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.