Чаму велікапосныя практыкі абавязкова выконваць у любові?

Адпачынак - Дзіцячы куточак

ciekawcyУ перыяд пакаяннага 40-дзённага шляху Вялікага посту мы павінны імкнуцца стаць лепшымі. Для гэтага Евангелле прапануе ўсім добра вядомыя спосабы: пост, малітву і міласціну. Галоўнае ў іх практыкаванні – гэта матыў, які павінен грунтавацца на любові да Бога і бліжняга. Калі ён адсутнічае, губляецца плён ад затрачаных высілкаў. Няхай сведчаннем таму будзе наступная байка пра Вялікі пост.
На пачатку Вялікага посту сустрэліся Пост, Малітва і Міласціна. І сталі яны спрачацца паміж сабой: хто першы трапіць у Неба. Пастанавілі як мага хутчэй яго заслужыць.
    Пост строга захоўваў традыцыі. У Папяльцовую сераду з’еў 3 пасілкі, толькі 1 дасыта. Над кубкам какавы і булкай з джэмам задумаўся, ад чаго б тут адмовіцца. Пастанавіў не есці слодычаў. Схаваў далёка ў шафку торбачку з цукеркамі і каробачку з пячэннем. Замкнуў шафку на ключ.
– Збыў гэта з галавы, – сказаў, задаволены сваёй знаходлівасцю.
    За ўвесь дзень не з’еў нічога салодкага, нават гарбату не пасаладзіў. Вось гэта быў пост!
    – А можа, паспрабаваць зусім радыкальна? – задумаўся. – Толькі вада!
    Пасля гэтага Пост адчуў сябе дрэнна, хадзіў раздражнёны. Пасварыўся з суседам, палаяўся з прадаўшчыцай, прагнаў дзяцей, што гулялі пад яго акном. Але вытрымаў цэлы дзень без ежы.
    – Заўтра буду ў Небе, – думаў. Аднак гэта не дапамагло. Раніцай прачнуўся ва ўласным ложку.
    У той час Міласціна накіравалася ў банк. Мела трохі зберажэнняў. Пастанавіла частку з іх аддаць і пералічыць пэўную суму на рахунак гарадскога ўраду.
    – Толькі адзначце, калі ласка, што гэта ад мяне, – сказала пры аконцы ў банку. Падпісала неабходныя дакументы i выйшла за дзверы.
    – Панечка, дай на хлеб, – пачула голас бабулькі жабрачкі. Але нават не паглядзела на яе. Прайшла міма і накіравалася ў школу.
    – Тут грошы на абеды для бедных дзяцей, – паведаміла сакратарцы.
    Тая падзякавала за дар.
    Раніцай Міласціну асляпіў бляск святла.
    – Неба... – прашаптала жмурачыся. І як жа раззлавалася, калі аказалася, што гэта ўсяго толькі вясенняе сонца.
    А што адбывалася ў гэты час з Малітвай? Як яна хацела заслужыць Неба?
    Малітва пайшла ў касцёл. Дастала ружанец і кніжачку для набажэнстваў, укленчыла і пачала маліцца:
    – Пане Божа, вазьмі мяне ў Неба. Паглянь, колькі часу я праводжу ў касцёле, як доўга стаю на каленях. Вазьмі мяне першай. Я заслугоўваю Неба больш, чым Пост і Міласціна. Малітва кленчыла так цэлы дзень. Калі пачыналі балець калені, садзілася на хвілінку на лаву, а потым зноў станавілася на калені. Абышла ўсе касцёлы ў горадзе. Вечарам вярнулася дамоў. Стомленая, яна адправілася спаць.
    Калі прачнулася раніцай у сваім ложку, была моцна здзіўлена і расчаравана.
    Праз нейкі час Пост, Міласціна і Малітва зноў сустрэліся разам.
    – Я аддала столькі грошай! – крычала Міласціна. – І нічога!
    – Я малілася амаль без перапынку, – паскардзілася Малітва.
    Пост не змог нічога сказаць. Змучаны, сядзеў на лаўцы.
    Калі яны так крычалі і жаліліся адно аднаму, убачылі постаць, якая накіроўвалася да іх па вуліцы. Не ведалі, хто гэта, але тая выразна знала іх. – Я Любоў, – прадставілася постаць. – Мяне прыслаў Бог.
    Малітва, Міласціна і Пост падышлі бліжэй.
    – Дарагія, – казала Любоў, – да гэтай пары вам не хапала аднаго – любові. Без яе нельга трапіць у Неба. Даваць грошы трэба з любоўю і бескарысліва. Посціць трэба з любоўю і радасна. Маліцца трэба...
    – Так, зразумела, з любоўю і не на паказ, – прашаптала Малітва.
    Да Пальмовай нядзелі засталося яшчэ шмат дзён. Пост, Малітва і Міласціна мелі многа часу, каб змяніцца. Ім дапамагла Любоў. Разам яны аказаліся ў Небе.
    Вялікі пост з’яўляецца асаблівым часам, каб пераглядзець матывы сваіх учынкаў і стаць на правільны шлях, які вядзе ў Божае Валадарства.
   
   
Заданне:
    разрабі добры ўчынак “у цішы сэрца”, каб пра яго ведаў толькі Ты і Бог.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.