Што значыць маліцца да Беззаганнага Сэрца Марыі?

Зваротная сувязь - Задай пытанне

Культ Сэрца Марыі існаваў у Касцёле ўжо у ХІІ ст. Па-рознаму развіваўся і прымаў разнастайныя формы. У ХІХ ст. адно з брацтваў, прысвечаных Беззаганнаму Сэрцу Марыі, налічвала больш за 20 мільёнаў членаў! Адкуль такая папулярнасць?
    Пра Сэрца Марыі можам прачытаць нават у Святым Пісанні. У евангеліста Лукі знойдзем 2 фрагменты: “А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19), “А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм” (Лк 2, 51).
Евангеліст Лука, як сцвярджае традыцыя, быў лекарам і разумеў, якім важным органам для чалавека з’яўляецца сэрца. Аднак ён выкарыстоўвае гэтае слова згодна з габрэйскай і, хіба што, з агульначалавечай традыцыяй як паняцце духоўнае. Сэрца – гэта месца, дзе чалавек збірае, назапашвае свой духоўны і жыццёвы досвед. Мы, безумоўна, маглі б спрачацца і гаварыць: не, гэта розум, памяць і г. д. Але нават у нашай мове не кажам “баліць розум за чалавека” альбо “памяць трывожыцца”. Кажам – “сэрца крывёй абліваецца”. І гэта не азначае даслоўна, што ў нас пачаліся нейкія фізіялагічныя працэсы, але тое, што як асоба перажываем за канкрэтную справу ці чалавека.
    У гэтым сэнсе сэрца – гэта мы, гэта я. Таксама і з Сэрцам Марыі. Яе Сэрца – Яна сама!
    Калі параўнаем заклікі розных літаній, то заўважым вялікую розніцу. Напрыклад, Ларэтанская літанія – гэта гімн праслаўлення Маці Божай, зварот да Марыі Трыумфатаркі, да Нябеснай Валадаркі. А літанія да Беззаганнага Сэрца – малітва ў перажыванні да Марыі зямной, блізкай і зразумелай звычайнаму чалавеку.
    Культ Сэрца Марыі – гэта спроба вернікаў наблізіць Яе да сябе. Сэрца – напамін пра чалавечнасць, пра тое, што Марыя з’яўляецца сапраўднай асобай, якая жыла, хвалявалася, цярпела.