“А ў чым справа??? Няўжо так нельга???” Колькі разоў з гэтымі пытаннямі сутыкаюцца душпастары, калі спрабуюць зрабіць заўвагу наконт таго, як трэба апранацца, збіраючыся прыйсці ў храм Божы. Мы спрабуем тлумачыцца розным: не навучылі, не ведаем і г.д. У той жа час, “няведанне закону не вызваляе ад адказнасці”. Кажам, што не маем “зялёнага паняцця аб тым, як апрануцца ў касцёл”, а адначасова лічымся з неабходнасцю адпаведна апрануцца ў іншых месцах і сітуацыях.
Шукаючы адказу на пытанне, як апрануцца ў касцёл, я перш за ўсё павінен адказаць на вельмі простае, але ў той жа час фундаментальнае пытанне: “Куды, навошта і да Каго я іду, выбіраючыся ў касцёл”. Бо праз адзенне выражаецца маё стаўленне да месца і падзеі, на якой я знаходжуся. Цікава, што, напрыклад, у Італіі перад храмамі стаіць “касцёльная варта”, якая прыпамінае аб прыстойным адзенні тых, хто прыходзіць да святых месцаў. Справа датычыць не толькі жанчын, хоць іх у першую чаргу, і не заканчваецца з заканчэннем лета, хоць менавіта ў гэты перыяд узнікае найбольш непаразуменняў. †