Хрысціянская этыка не забараняе ні забіванне жывёл, ні спажыванне іх мяса. Аднак пры гэтым неабходна дадаць наступнае:
1) Дазвол на спажыванне мяса чалавек атрымаў толькі пасля першароднага граху (Быц 9, 2). Паводле першаснага парадку, зададзенага Стварыцелем, і свет жывёл, і чалавек павінны былі спажываць раслінную ежу (Быц 1, 29). Толькі пасля грэхападзення, а асабліва пасля патопу, чалавек атрымаў дазвол ужываць побач з расліннымі таксама і мясныя патравы. Св. Тамаш Аквінскі выказваўся так: “Простае жыццё спыняецца на спажыванні пладоў зямлі, а мяса мы спажываем з шукання раскошы і цікавасці жыцця” (Summa teologica, 1-2 q. 102 a. 6 ad 2).
2) Хрысціянская духоўнасць заўсёды высока цаніла ўстрыманне ад спажывання мяса, а таксама ад любога забівання.
Сярод вегетарыянцаў неаднойчы распаўсюджваецца перакананне, што запаведзь “не забівай” датычыць таксама забароны забіваць жывёл. Аднак, гэтая запаведзь у сваім літаральным гучанні не ахоплівала нават забіцця чалавека на вайне і выканання кары смерці, бо гэтыя акты габрэйская мова акрэслівае тэрмінамі “harag” i “hemit”, у той час як у пятай запаведзі ўжыта слова “rasah”, што адпавядае слову “забойства”. Тым больш, пятую запаведзь Дэкалогу пашырае сам Езус, і няма сумневу, што справа датычыць толькі чалавека: “А я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду” (Мц 5, 21). †