Ці ўсе грахі могуць быць прабачаны?
Задай пытанне
кс. Андрэй Рылка Паводле ave-maria.by
Святое Пісанне гаворыць пра тое, што існуе грэх, які ніколі не будзе прабачаны чалавеку ні ў зямным жыцці, ні ў вечнасці. Біблія называе яго грахом супраць Святога Духа (параўн. Мц 12, 31–32; Мк 3, 28–29; Лк 12, 10; 2 П 2, 20–22; Гбр 6, 4–6. 10, 26–29). Але ў чым канкрэтна ён заключаецца? Знайсці адказ на пытанне нам дапамагае Катэхізіс каталіцкага Касцёла (ККК, 1864).
Ёсць падрабязнае апісанне 6-ці праяўленняў граху супраць Святога Духа:
1. Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць; 2. Упадаць у роспач або сумнявацца ў Божай ласцы; 3. Супраціўляцца спазнанай праўдзе веры; 4. Зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку; 5. Заставацца закамянелым у грахах; 6. Адкладаць пакаянне ажно да смерці. Калі разважаць пра сутнасць гэтых праяўленняў граху, можна заўважыць, што ўсе яны зводзяцца да 2-юх крайнасцей. Умоўна іх можна назваць фальшывым духоўным аптымізмам і фальшывым духоўным песімізмам.
У першым выпадку чалавек не ўстрымліваецца ад граху, бо лічыць, што Бог абавязкова яму прабачыць.
У другім выпадку – таксама не ўстрымліваецца ад граху, але ўжо з адваротнай матывацыяй: ён лічыць, што Бог яму ніколі не прабачыць.
†
Здаецца, у сучасным свеце асабліва папулярнае першае з узгаданых праяўленняў: жыць у граху, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць. Людзям прыемна ўсведамляць, што Усявышні іх любіць заўсёды, усюды, незалежна ад акалічнасцей. Аднак чалавек, які трывае ў граху і суцяшае сябе надзеяй на Божую міласэрнасць, становіцца ахвярай уласнага эгаізму. Ён лічыць, што можна грашыць, бязмежна выкарыстоўваць любоў Створцы – аж нават да таго, што перакінуць на Усемагутнага клопат аб выратаванні, а самому нічога пры тым не рабіць, разбураць, свавольнічаць.
Гэта тыповыя паводзіны капрызнага дзіцяці, якое не ўмее любіць і не жадае змяняцца. Адсутнасць спачування, ахвярнасці, няўменне валодаць сабою такі чалавек прыкрывае прыгожымі словамі пра сваю слабасць і бязмежнасць Божай міласэрнасці. Аднак яго ўчынкі сведчаць пра тое, што ён не шануе ні Бога, ні сябе. Варта ўсведамляць, што ўсё вырашаюць не красамоўныя прамовы пра Збаўцу, любоў і спадзяванні, а канкрэтныя дзеянні, скіраваныя на неадкладнае вызваленне душы з няволі.
Дык чаму ж не прабачаецца грэх супраць Святога Духа? Чаму не прабачаецца празмерная надзея грэшніка на Божую міласэрнасць? Незалежна ад праяўленняў і перакананняў грэх супраць Святога Духа з’яўляецца свядомым трываннем у граху і нежаданнем ад яго пазбавіцца, адкідваннем такой магчымасці. Чалавек не хоча прыняць прабачэнне. А ўмова прабачэння – гэта пакаянне, адмаўленне ад граху.