Кс. Андрэй Рылка – філосаф, тэолаг. Даследуе пытанні адносінаў паміж верай і розумам, рэлігіяй і мараллю. Цікавіцца праблемамі ўплыву стэрэатыпаў на спосаб мышлення і вераванняў людзей.
- Шаноўны святар, часам можна сутыкнуцца з такім поглядам: веру ў Бога, але не веру святарам, бо бачу іх грахі. Усе мы ў Касцёле маем большую альбо меншую свядомасць сваёй грэшнасці, але як звычайным вернікам, асабліва моладзі, глядзець на грэшнасць святароў?
Адказ: - Грэшнасць чалавека ў большай ці меншай ступені – гэта смутная рэчаіснасць нашага зямнога жыцця, наступства першароднага граху. Годнымі сакрамэнта Святарства Касцёл прызнае не бязгрэшных, бо такіх няма на гэтым свеце (1 Ян 1, 8), але тых, каго Бог паклікаў і хто на момант прыняцця гэтага сакрамэнта прызнаны дастаткова падрыхтаваным да таго, каб быць дарыцелем Божых ласкаў. Таму грэшнасць святара – гэта пацвярджэнне таго, што ён, як і кожны іншы хрысціянін, недасканалы, а толькі крочыць шляхам удасканалення. Адзін толькі Бог дасканалы на 100 %. Таму бачачы слабасць святара кожнаму хрысціяніну варта задумацца над тым, што ён канкрэтна робіць для таго, каб падтрымаць гэтага чалавека на яго нялёгкім шляху барацьбы не толькі са злом у сабе, але - і ў тысячах вернікаў. Святару не столькі патрэбна крытыка, сколькі падтрымка вернікаў.†