25 верасня ў Поразаве (Ваўкавыскі дэканат) адбыліся ўрачыстасці ў сувязі з 550-годдзем утварэння парафіі. Галоўным цэлебрантам урачыстай св. Імшы быў біскуп Казімір Велікаселец (дапаможны біскуп з Пінска), які таксама звярнуўся да сабраных з гаміліяй. У сваім пастырскім слове біскуп прыгадаў гісторыю поразаўскай парафіі і заахвоціў вернікаў не баяцца стаць святымі. Па прыкладах св. Станіслава Косткі і Божага Слугі Яна Паўла II кожны чалавек можа ў XXI стагоддзі жыць шчасліва, слухаючы голас Бога.
Падчас св. Імшы біскуп удзяліў сакрамэнт Канфірмацыі вялікай групе парафіян з Поразава і зычыў, каб святыня заўсёды былы поўнай. Святары і вернікі, якіх у гэты дзень шмат сабралося ў касцёле, спявалі ўдзячнае «Te Deum». Айцец пробашч Станіслаў Садоўскі OFM Conv. свой зварот да верных распачаў словамі: «Дзякуйце Богу, не гасіце Духа» – а ў гэты прыгожы дзень было за што дзякаваць Богу. Душпастыр заклікаў таксама сваіх вернікаў, каб яны з яшчэ большым запалам збіраліся ў вельмі прыгожай поразаўскай святыні. Падчас урачыстасці сабраным была прадстаўлена кніга «550 гадоў рымска-каталіцкай парафіі ў Поразаве» (па-польску і беларуску) з уступам біскупа Аляксандра Кашкевіча, якую напісаў а.др Юзаф Макарчык OFM Conv. Заахвочваем усіх набыць гэтую кнігу, якая распавядае пра гісторыю поразаўскай парафіі.