Паўгадзіны для Марыі

Актуальна - З жыцця Касцёла

Паважаныя Чытачы, запрашаем Вас прыняць удзел у кастрычніцкай акцыі! Заахвочваем знайсці крышку часу ў дзень на Ружанец, каб пасродкам пацераў сабраць малітоўны букет для Валадаркі неба і зямлі.
У гонар Каралевы Ружанца названа шмат каталіцкіх святынь у Беларусі, у тым ліку і ў Гродзенскай дыяцэзіі: парафіі пад тытулам Маці Божай Ружанцовай існуюць у Лабне (Сапоцкінскі дэканат), Песках (Мастоўскі дэканат), Солах (Смаргонскі дэканат) і Радуні (Радунскі дэканат). У свята Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (7 кастрычніка) мясцовыя вернікі адзначаюць парафіяльны адпуст.

 Ружанец-бранзалет   Чаму не хочацца адгаворваць Ружанец?
    Многія людзі, не будзем утойваць, без энтузіязму паглядзяць на гэтую ідэю, тлумачачы сваю пазіцыю тым, што сёння і вольнай хвіліны не маюць. Каму цяжка адшукаць у распарадку дня паўгадзіны на Ружанец (або і менш – хоць на 1 дэкаду), прапануем не выдзяляць час на яго спецыяльна. Гэта як? Можна маліцца падчас прыгатавання сняданку або па дарозе на працу. Той самы “неспецыяльны” час з’яўляецца, напрыклад, у чарзе да касы ў краме ці на прыём да ўрача. Пры жаданні можна замяніць музыку ў навушніках ці радыёхвалю ў аўтамабілі на запіс ружанцовай малітвы. Такі падыход вучыць адчуваць час, заўважаць, калі той праходзіць марна ці менш эфектыўна, каб пасля выкарыстоўваць яго з карысцю.
    Шмат тых, хто спасылаецца на сваю безуважлівасць падчас адмаўлення Ружанца: не атрымліваецца засяродзіцца, а таму лепш наогул не чытаць малітвы, чым рабіць гэта фармальна. Св. Альфонс Лігуоры ў “Трактаце аб малітве” пісаў, што такая з’ява можа ўзнікаць як раз таму, што ружанцовая малітва вельмі дакучае д’яблу. Але гэта не падстава, каб адмаўляцца ад высакароднай ідэі! Уся справа ў тым, што трэба пастарацца і прыкласці намаганні, каб не падарыць Найсвяцейшай Маці млявыя, непрыгожыя “ружы”. Дарэчы, такое рашэнне робіць букет яшчэ больш каштоўным. Вельмі важна перад пачаткам малітвы прасіць неабходных дароў і ласк у Найвышэйшага: праз парыў сэрца розум можа быць узняты Святым Духам. Варта ўсведамляць, што ненаўмысная страта засяроджанасці (і калі з гэтай з’явай вядзецца барацьба), не знішчае духоўнага плёну малітвы.
   
Ірландскі ружанец    Як моляцца Ружанцам
    З даўніх часоў вядомы шматлікія спосабы адгаворвання Ружанца. Людзі моляцца ў розных інтэнцыях, індывідуальна і супольна, гучна і ў цішыні, рэгулярна і ў надзвычайных сітуацыях.
    З ХV ст. у коле вернікаў арганізоўваюцца Ружанцовыя брацтвы, Вечны Ружанец. Ад ХІХ ст. у Касцёле распаўсюджаны рух Жывога Ружанца. Сёння, напэўна, у кожнай парафіі існуюць прадстаўнікі гэтага таварыства. Ахвочыя вернікі штодня моляцца дэкадай Ружанца пэўнай таямніцы. У выніку супольнасць з 20-ці чалавек поўнасцю адгаворвае марыйную малітву, ахвяруючы яе ў вызначанай інтэнцыі. Існуюць “ружы” мужчынскія, жаночыя, маці, бацькаў, моладзі, сужэнстваў, хворых і церпячых і інш.
    Ужо на працягу 70-ці гадоў існуе малітоўная супольнасць “Ружанец дарогі пакаяння і малітвы аб супакоі ў свеце”. На сёння яна налічвае больш за 2 мільёны чалавек у 105-ці краінах свету.
    Таксама праводзяцца шматлікія акцыі ружанцовай малітвы. Вернікі, ведаючы пра яе моц і сілу, выходзяць у публічныя месцы з ружанцамі, каб памаліцца, напрыклад, супраць легалізацыі абортных кампаній, за навяртанне сваёй краіны і тым самым звярнуць увагу грамадства на пэўныя праблемы сучаснасці. Ніводная просьба не застаецца нявыслуханай у Бога. А калі яе яшчэ і ахвяраваць на алтар праз рукі Марыі, вынікі стануць відавочнымі неўзабаве.
   
Баскскі ружанец-пярсцёнак    Маліся, як зручна
    Сёння існуе шмат форм ружанца, на якім можна адгаворваць марыйную малітву. Класічны ружанец складаецца з 59-ці злучаных паміж сабой пацерак і крыжа. Яны – за выключэннем 5-ці – утвараюць акружнасць. Існуюць таксама іншыя, менш распаўсюджаныя разнавіднасці.
    Напрыклад, ірландскі ружанец. Ён уяўляе сабой толькі 1 дэкаду пацерак, не замкнутых у кальцо. З аднаго боку ніткі прымацоўваецца крыж, а з другога – кальцо. Па меры адлічвання таямніцы ружанцовай малітвы яно надзяваецца на наступны з 5-ці пальцаў, і пералік пацерак вядзецца нанова. Дадзены від ружанца цалкам хаваецца ў далоні. Менавіта па такой прычыне ён і быў прыдуманы падчас ганенняў на католікаў у Англіі і Ірландыі ў ХVІ–ХVІІІ стст. З-за кампактнай формы рэлігійны атрыбут мог выкарыстоўвацца вернікамі патаемна.
    Вялікую папулярнасць у католікаў набыў баскскі пярсцёнак-ружанец. На ім размешчаны 10 выступаўзерняў, якія намацваюцца вялікім пальцам, і патоўшчаны крыж. Незвычайная для ружанца форма, як і ў Ірландыі, выпрацавалася ва ўмовах ганенняў на каталіцызм на поўначы Іспаніі і поўдні Францыі. Пярсцёнкавы ружанец таксама называюць “салдацкім”, так як раней класічны ружанец было немэтазгодна браць у ваенны паход, а вось у форме пярсцёнка – зручна, ды і сапсаваць рэлігійны атрыбут значна складаней.
    Падобны пярсцёнак носіцца, як правіла, на ўказальным пальцы правай рукі. Пры выкарыстоўванні часцей за ўсё змяшчаецца на верхнюю фалангу пальца для забеспячэння свабоднага кручэння. Таксама сустракаюцца пярсцёнкі-ружанцы, складзеныя з 2-юх частак: уласна пярсцёнка і рухомай шыны з адзнакамі і крыжом. Удасканаленая канструкцыя больш прыстасаваная да ўжывання: не патрабуе зняцця з ніжняй фалангі пальца пры адгаворванні малітвы.
    Сёння адна з найбольш распаўсюджаных форм ружанцаў – бранзалет. Часцей за ўсё 1 дэкада пацерак злучана ў акружнасць. Ёсць і такія, што аплятаюць кісць некалькі разоў. Абавязковы элемент – крыж ці медальён.
    Ружанцы вырабляюць з разнастайных матэрыялаў: каменю, дрэва, пластмасы і г. д. У ваенны час людзі рабілі пацеркі нават з найкаштоўнейшага – мякішу хлеба. Зараз, калі пад рукой няма ніякага атрыбута, што нагадвае ружанец, вернік моліцца літаральна на пальцах. І гэта не робіць малітву непаўнавартаснай. Першачаргова – сама малітва, а ружанец – толькі дапаможны элемент. Ці Вы гатовы ахвяраваць Найсвяцейшай Панне свой час? Адводзячы ў кастрычніку паўгадзіны для Маці Божай, атрымаем у выніку цэлы дзень у месяцы, засяроджаны на малітве. Такі шыкоўны букет, згадзіцеся, не сорамна падарыць Марыі, якая ўвесь час заступаецца за чалавека перад Богам. Адметную прыгажосць яму абавязкова нададуць Вашы “ружы” цярплівасці, самаадданасці і даверу.
   
10 матывацый для таго, каб узяць у рукі ружанец:
   
    1. Грэшнікі будуць прабачаны.
    2. Спрагненыя душы – напоены.
    3. Вязні знойдуць свае кайданы разбітымі.
    4. Тыя, хто плачуць, адкрыюць для сябе шчасце.
    5. Спакушаемыя здабудуць супакой.
    6. Бедныя знойдуць дапамогу.
    7. Вернікі перажывуць перамены.
    8. Невуцкія будуць навучаны.
    9. Жывыя даведаюцца, як пераадолець гонар.
    10. Пакуты памерлых будуць палегчаны прашэннямі.