Любоўю сваёй мацярынскай прыгожая

Актуальна - З жыцця Касцёла

14 кастрычніка ў краіне адзначаецца Дзень маці
У гэтае свята кожны з нас хоча асаблівым чынам падзякаваць самаму блізкаму чалавеку на зямлі за дар жыцця, клопат, пяшчоту і дабрыню, далікатнае і чулае сэрца, у якім ніколі не згасае бескарыслівая любоў. З маленства і на працягу ўсяго жыцця матуля – наш Анёл-ахоўнік. І пакуль яна ёсць, нават у сталым узросце адчуваем сябе дзецьмі.
Вялікія сем’і ў беларускім грамадстве, зрэшты, як і ва ўсім свеце, сёння становяцца сапраўднай рэдкасцю. Таму не дзіўна, што жанчыны, якія адважыліся на нараджэнне 3-іх і больш дзяцей, выклікаюць павагу і захапленне. Да ліку такіх самаадданых матуль можна з упэўненасцю аднесці Леакадзію Данілаўну Мажэйка. Жанчына выгадавала 10-ых дзяцей. А яны, у сваю чаргу, падарылі бабулі 15 унукаў, 16 праўнукаў і 2-іх прапраўнукаў.
Леакадзія Данілаўна, якой улетку споўнілася 90 гадоў, сустракае ў акуратным, дагледжаным доме ў в. Баранава (дэканат Гродна-Захад).
    – Дык гэта Вы выхавалі 10-ых дзяцей? – пытаюся.
Дзеці, унукі і праўнукі – частыя госці ў доме Леакадзіі Данілаўны, бо гэта месца, дзе любяць, цэняць і чакаюць    – Так, – сціпла адказвае жанчына і пачынае распавядаць гісторыю свайго жыцця. – Я таксама выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і. На той час для простых вяскоўцаў гэта, можна сказаць, была норма. Калі сама выйшла замуж, пытанне колькасці дзяцей з мужам Юзафам нават не агаворвалі: колькі Бог дасць! А надарыў Ён нашу сям’ю вельмі шчодра і хлопчыкамі, і дзяўчынкамі. Першынец Казімір нарадзіўся ў 1949 годзе. Потым на свет прыйшлі Данута, Леакадзія, Ян, Марыя, Юзаф, Часлава, Станіслаў, Тэрэза. Апошняя дачушка Ірына нарадзілася ў 1971 годзе. Сказаць, што выхоўваць іх усіх было нялёгка – нічога не сказаць. Але добры Бог і Найсвяцейшая Маці, да якіх я заўсёды звяртаюся ў сваіх малітвах і прашу аб заступніцтве, дапамагалі і ўмацоўвалі нашу сям’ю ў штодзённых клопатах і справах. Леакадзія Данілаўна ўзгадвае, што адразу пасля шлюбу жылі з мужам у маленькім дамку, трымалі гаспадарку. Цяжка было: трэба і малых гадаваць, і працаваць. Падымацца даводзілася на досвітку, класціся спаць – калі ўжо стаяў змрок.
    – Зараз на адно дзіця 7 нянек. Да таго ж, ёсць пральныя машыны, памперсы ды іншыя выгоды.
    І то маладыя маці скардзяцца, што ім не хапае часу, – гаворыць жанчына. – А нам думкі пра вольны час нават у галаву не прыходзілі!
    Як пайду на працу ў калгас, дык старэйшыя дзеці застаюцца ў няньках. Самі паядуць, малых пакормяць, па гаспадарцы дапамогуць. Так і гадаваліся. Калі сям’я папоўнілася дзецьмі, гаспадар задбаў пра новы прасторны дом. Але, прызнаецца Леакадзія Данілаўна, некаторыя аднавяскоўцы глядзелі на іх з асуджэннем. Часам нават кпілі і лічылі дзівакамі.
Леакадзія Данілаўна з мужам Юзафам і дзецьмі    – Канешне, нашыя заробкі не дазвалялі асаблівай раскошы. Але мы трымалі вялікую гаспадарку, садзілі агарод, і дзеці ніколі не адчувалі сябе ў чымсьці абдзеленымі. Яны заўсёды былі дагледжаныя, чыстыя, акуратна апранутыя... Як кажуць: “Бог даў дзіця, то дасць і на дзіця”, – падсумоўвае мая суразмоўца. На пытанне што галоўнае ў выхаванні Леакадзія Данілаўна адзначае: дысцыпліна, уласны прыклад і вера ў Бога.
    – Мы стараліся гадаваць дзяцей у справядлівасці, строгасці і любові. Асабістым прыкладам хацелі зашчапіць у іх працавітасць і стараннасць, каб разумелі каштоўнасць свайго дому, сваю ролю ў сям’і. Вучылі, каб дапамагалі адзін аднаму, каб паважалі людзей. Нікому нічога не трэба было паўтараць па некалькі разоў, бо словы бацькоў успрымаліся як закон. Але ж дзеці ёсць дзеці. Часам гарэзнічалі, то і ў куток даводзілася ставіць, – гаворыць жанчына. – Стараліся сеяць у сэрцах і душах сыноў і дачок зерне веры, хоць гэта было няпроста ў савецкі атэістычны час.
   
Самыя цёплыя і светлыя ўспаміны ў нас звязаны з мамай, яе дабрынёй, мудрасцю, цярплівасцю, з тым, што яна дала нам не толькі жыццё, але і першыя ўрокі духоўнасці. Таму Дзень маці – гэта цудоўная нагода, каб шчыра падзякаваць сваёй матулі, папрасіць у яе прабачэння, павіншаваць, падарыць кветкі, праявіць клопат і яшчэ раз прызнацца ў сваіх самых лепшых пачуццях.

    З маленства вучылі дзяцей маліцца. Пасля ўпотайкі вадзілі іх у суседнюю вёску на катэхезу і да Першай святой Камуніі. Дзяцей з-за гэтага каралі ў школе, палохалі выключэннем. Мяне выклікалі да дырэктаркі. Але я не стамлялася паўтараць, што вера – самае каштоўнае і святое ў жыцці нашай сям’і, таму ніколі яе не зрачэмся. Упэўнена, што менавіта дзякуючы тым хрысціянскім ідэалам, якія былі закладзены ў душах дзяцей з першых гадоў жыцця, з іх выраслі добрыя, спагадлівыя, шчырыя ды адказныя людзі.
    Мая суразмоўца падкрэслівае, што ўсе дзеці аднолькава любімыя. Бацькі нікога з іх не выдзялялі, стараліся кожнага акружыць пяшчотай і клопатам. Можа, таму сыноў і дочак Леакадзіі Данілаўны не трэба лішні раз прасіць наведаць маці і дапамагчы. Хто можа, той і едзе.
    – Дзеці і ўнукі мяне часта наведваюць, клапоцяцца пра здароўе, дапамагаюць, даглядаюць, як могуць, мой сталы век, – з гонарам расказвае жанчына. – З нецярпеннем чакаю кожнага з іх. За ўсіх душа баліць. Думаю: як там у іх справы? ці здаровыя? Самае важнае для мяне – іх шчасце і дабрабыт.
    Подзвіг Леакадзіі Данілаўны, якая выгадавала 10-ых дзяцей, дзяржава адзначыла ордэнам “Маці-гераіня”. Але галоўнай перамогай, дасягненнем і ўзнагародай свайго жыцця жанчына лічыць любоў, павагу і ўдзячнасць сваіх сыноў і дачок.