Лікбез для маладых мам

Актуальна - З жыцця Касцёла

Сучасныя мамы больш “прасунутыя”. Яны чытаюць розныя кнігі на тэмы выхавання дзіцяці, праводзяць шмат часу на інтэрнэт-форумах у пошуку адказау на пытанні “што можна / нельга / трэба”, “як лепш”, раяцца з іншымі бацькамі, купляюць эка-тавары, розныя цацкі, наведваюць развіваючыя цэнтры... Кожная з іх імкнецца быць супер-мамай. Але што усё-такі першачаргова уваходзіць у гэтае паняцце?
Вядома, любая жанчына марыць быць ідэальнай маці. І таму намагаецца рабіць усё правільна (асабліва калі становіцца мамай упершыню). Але дзіця – гэта не запраграміраваны камп’ютар, а жывая істота, якая нараджаецца са сваім характарам, патрэбамі і жаданнямі. Прадвызначыць жыццё маленькага чалавека немагчыма. У любы момант усё можа пайсці не так, як уяўлялася на прыгожых малюнках, марылася ў ружовых снах. І тады маці можа ахапіць вялікае расчараванне, а разам з ім – пачуццё бяссілля і віны, таму што чаканні не супадаюць з рэальнасцю, а ўсе інструкцыі “як належыць” не заўсёды атрымліваецца выкарыстаць на практыцы. Не трэба падманвацца, што роля маці зводзіцца да догляду за немаўлём: накарміць, напаіць, апрануць, даць адукацыю. Педыятр і дзіцячы псіхааналітык Дональд Вудс Вінікот акцэнтуе ўвагу на клопаце, які, “акрамя своечасовага задавальнення фізіялагічных патрэб, павінен быць афарбаваны любоўю”. Дарэчы, яе ніколі не бывае шмат.
Для дзіцяці вельмі карысныя эмацыянальныя зносіны з маці, яе погляд, усмешка, гаворка. Ад нараджэння немаўля патрабуе, каб з ім размаўлялі, насілі на руках, люлялі, лашчылі, захапляліся, іншым словам – няньчыліся. Многія бацькі думаюць, што гэтым можна разбэсціць дзіця. Але мацярынская пяшчота патрэбна чалавеку ў любым узросце. Для гарманічнага развіцця вельмі важна пачуццё бяспекі. Яно даецца менавіта мамай. Дзіцятка насычаецца мацярынскай любоўю, і калі падрастае, ужо не мае патрэбы ў пастаянным тактыльным сілкаванні.
   
Жаданне і патрэба быць маці закладзена ў жаночай прыродзе. Варта штодня дзякаваць Богу за дар мацярынства.

    З часам варта ўключаць дзіця ў сумесную дзейнасць: памыць посуд, спячы печыва, паліць кветкі, сыграць у супольную гульню. Гэта таксама вельмі збліжае эмацыянальна. Галоўнае, не крытыкаваць і не прыспешваць яго, калі нешта выходзіць не так хутка і добра, як у дарослых.
    Любіце сваё дзіця любым. Праводзячы з ім час, радуйцеся, таму што “дзіця – гэта свята, якое пакуль з табой”, – гаварыў урач і педагог Януш Корчак. Калі ў мамы атрымліваецца паспяхова ўзаемадзейнічаць з дзіцём, гэта дае ёй пачуццё задавальнення і ўсведамленне ўласнай бацькоўскай кампетэнтнасці. А дзіцяці такія зносіны з мамай дапамагаюць сфарміраваць падмурак для даверу і канструктыўных адносін з навакольным асяроддзем.
    Гэта пацвярджае псіхіятр і глыбока веруючы чалавек Рос Кэмпбэл, які ўвёў паняцце “эмацыянальнага рэзервуара”, што азначае сукупнасць патрэб, якія задавальняюцца праз любоў, фізічныя дакрананні мамы, а таксама агульную атмасферу ў сям’і. Чым больш запоўнены гэты рэзервуар, тым лепш станоўчыя эмоцыі і паводзіны дзіцяці. “І дай нам Бог знайсці ў сабе сілы задаволіць патрэбы нашых дзяцей у эмацыянальнай ежы”, – гаворыць псіхіятр. Маці павінны старацца напаўняць дзяцінства сыноў і дачок клопатам і ўвагай. Чым больш адорваем дзіця станоўчымі эмоцыямі, увагай, цеплынёй, пяшчотнымі абдымкамі і пацалункамі, тым больш яно спакойнае і радаснае.
   
Усмешка, дотык, цяпло і клопат – гэта для дзіцяці лекі ад усіх бед.

    Пасля ІІ Сусветнай вайны ў выніку страшнай трагедыі засталося шмат дзяцей-сірот. Адкрывалася вялікая колькасць прытулкаў, у якіх былі арганізаваны добрыя ўмовы для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі, што засталіся без бацькоў, раслі. Аднак многія з іх часта хварэлі, адставалі ў псіхафізічным развіцці, а то і зусім не дажывалі да года.
    Спачатку меркавалі, што дзецям проста не хапае харчавання. Потым падалося, што ўся справа ў інфекцыі. Праз некаторы час спецыялісты, якія займаліся гэтай праблемай, звярнулі ўвагу на вопыт аднаго з дзіцячых прытулкаў Германіі, дзе працавала няня, што вяртала да жыцця безнадзейных дзяцей. Як жанчыне гэта ўдавалася? Рабіла яна ўсё вельмі проста: прывязвала да сябе дзіця і цэлы дзень з ім не расставалася. Такім чынам маляня заўсёды было побач, што б ні рабіла няня. Яна дарыла яму сваё цяпло, размаўляла з ім, гладзіла па галаве. І паступова дзіця ажывала і ішло на папраўку.
    Апісаны выпадак яшчэ раз нагадвае нам пра тое, што ў дзіцяці ёсць жыццёва важная патрэба быць прывязаным да дарослага, які яго даглядае. Наіўна лічыць, што з парушэннем прыхільнасці сустракаюцца толькі дзеці, якія трапілі ў неспрыяльныя ўмовы развіцця. Такое можна назіраць і ў шчаслівых сем’ях. Нават калі ў дзіцяці ўсё ёсць: ад дарагіх цацак да лепшай адукацыі ў свеце, – гэта не паказчык. Дабрабыт дзіцяці залежыць не ад умоў, у якіх ён жыве, а ад адносін блізкіх людзей, з якімі знаходзіцца побач.
   
У сучасным свеце часта навязваецца меркаванне, што калі маеш дзіця, ты павінна цалкам у ім растварыцца. Нарадзіўшы, неабходна без рэшты ахвяраваць сябе на алтар мацярынства. Але трэба не баяцца дазваляць сабе заставацца асобай са сваімі інтарэсамі і патрэбамі. Варта ўсведамляць, што кожная мама мае патрэбу і права (!) на адпачынак. Ёй, як і ўсім, неабходна аднекуль чэрпаць новыя сілы, аднаўляць свае ўнутраныя рэсурсы. Каму спадабаецца вечна стомленая і раздражнёная жанчына? Выраз “шчаслівая мама – шчаслівае дзіця” цалкам апраўданы. Са старажытных часоў вядома, што псіхалагічны стан маці ўплывае на самаадчуванне дзіцяці і яго далейшае развіццё. Таму клопат пра сябе вельмі важны, бо ён спрыяе будаванню правільных, здаровых адносін з сабой і акружаючымі.

    Невялікі вопыт мацярынства прывёў мяне да разумення: усё, што цяпер трэба маленькаму дзіцяці, – гэта мая прысутнасць, любоў і спакой. Быць мамай не азначае дасканала валодаць пэўнымі навыкамі. Трэба адпусціць кантроль за тым, што я павінна ўсё рабіць правільна. Маё дзіця – асобны чалавек са сваімі перажываннямі, пачуццямі і эмоцыямі. Важна, каб яно адчувала сябе любімым, прынятым і абароненым, каб ведала, што мае на каго абаперціся. І яшчэ. Я ўпэўнена, што кожная мама – самая лепшая для свайго дзіцяці.