Прывесці моладзь да Бога праз асабісты прыклад

Актуальна - З жыцця Касцёла

Моладзь у касцёле
“Гуляйце, скачыце, бегайце, шуміце. Для мяне важна толькі адно: каб вы не грашылі”. З гэтымі словамі звяртаўся да сваіх выхаванцаў св. Ян Боско – заснавальнік салезіянскай супольнасці. Такога дэвіза прытрымліваюцца таксама ў араторыі св. Яна Боско пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, дзе вядзецца праца з дзецьмі і моладдзю. Некалькі разоў на тыдзень дзесяткі мясцовых маладых жыхароў збіраюцца ў салезіянскім моладзевым цэнтры, каб з малітвай і адарацыяй, святам і весялосцю, спартыўнымі баталіямі і творчымі вечарамі бавіць вольны час. У гэтым наведвальнікам дапамагаюць аніматары, служэнне якіх заключаецца ў добрасумленным выкананні штодзённых абавязкаў, ахвярнасці, радасці, што паходзіць ад чыстага сумлення і лучнасці з Панам.
Хто такія аніматары?
    Кл. Марк Найдзіч SDB, адказны за араторый св. Яна Боско ў Смаргоні, распавядае, што падрыхтоўка аніматараў у салезіянскім цэнтры вядзецца ўжо не адзін год. Яны працуюць у харызме Дона Боско, а галоўная мэта іх служэння – пастаянная прысутнасць сярод дзяцей і моладзі, евангелізацыя і сведчанне сапраўднай хрысціянскай радасці.
Падчас “Гісторыю аніматарства ў Смаргоні можна адлічваць ад моманту адкрыцця араторыя ў 2004 годзе, – гаворыць кл. Марк. – Спачатку маладыя людзі збіраліся самі па сабе, па суботах рыхтавалі вечары, спартыўныя спаборніцтвы, адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Адным словам, шукалі шляхі і магчымасці, каб запоўніць вольны час. З 2008–2009 гадоў пачалася больш сур’ёзная фармацыя будучых аніматараў. Сярод хлопцаў і дзяўчат шукалі тых, хто спрытнейшы, інтэлектуальна развіты, прытрымліваецца маральных прынцыпаў і гатовы ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне іншых. 13-гадовыя падлеткі пачыналі праходзіць адмысловую міні-школу аніматарства, вучыліся быць памочнікамі. Гэтая падрыхтоўка трывала 2 гады: памочнікі знаёміліся з асобай кс. Боско, вучыліся адказваць за дзіцячы араторый, бавіць час з дзецьмі, якія прыходзілі ў цэнтр пасля св. Імшы. Ладзілі для іх забавы, святы, забаўляльныя імпрэзы”.
    Той, хто годна праходзіў гэтае выпрабаванне, складаў адмысловыя абяцанні і пераходзіў на наступную ступень – кандыдата ў аніматары. “У сваю чаргу шлях ад кандыдата да аніматара таксама займае прыкладна 2 гады. Каб падняцца на вышэйшую ступень, трэба праявіць сябе, прадэманстраваць свае здольнасці, уменні. І тут усё залежыць выключна ад канкрэтнага чалавека і яго актыўнасці, – тлумачыць кл. Марк. – У працэсе падрыхтоўкі кандыдаты прымаюць удзел у фармацыйных сустрэчах, паглыбляюць разуменне салезіянскага вучэння, сваю духоўную сталасць, узрастаюць у аніматарскім пакліканні. Калі бачым, што кандыдат з’яўляецца добрым хрысціянінам, з якога ў духоўным плане можна браць прыклад, што ён сапраўды гатовы бескарысліва ахвяраваць свой час і сваё сэрца дзеля іншых, шчыра прагне стаць на гэты валанцёрскі шлях і пайсці па ім, прымаем яго ў аніматары”.
    Кл. Марк падкрэслівае, што кандыдаты і аніматары – “душа араторыя”. Яны прыходзяць сюды не толькі, каб ім карыстацца, але і для таго, каб праяўляць сваю любоў у адносінах да іншай асобы, даваць нешта ад сябе, чымсьці дзяліцца.
    “Аніматарства базуецца на ўзаемнай інтэграцыі 3-ох асноўных аспектаў: розуму, веры і любові. Тут можна правесці аналогію са свечкай, у якой воск – гэта розум. Ён дае форму, выразнасць. Кнот – гэта вера, цэнтральны элемент, унутраны стрыжань, без якога траціцца сэнс. А полымя – любоў, без якой нічога не мае сэнсу. Аніматарства з’яўляецца змаганнем не толькі за іншага чалавека, але і за самога сябе, пераадольваннем уласных бар’ераў і комплексаў. Яно дапамагае вучыцца любіць сябе і іншых”, – падсумоўвае адказны за араторый.
   
    Не толькі забаўляць, але выхоўваць
    С. Дар’я Еўтухоўская FMA, адна за арганізатарак працы смаргонскага араторыя, адзначае, што на дадзены момант кандыдаты і аніматары – гэта, у асноўным, старэйшая моладзь: вучні выпускных класаў або студэнты. Кожны тыдзень яны рыхтуюць забаўляльныя вечары ды іншыя цікавыя мерапрыемствы для наведвальнікаў араторыя.
    “Субота і нядзеля – найбольш загружаныя дні, калі збіраецца шмат моладзі. Сярод нашых гасцей як практыкуючыя католікі, так і дзеці ды моладзь, далёкія ад веры і святыні, – распавядае с. Дар’я. – Аніматары арганізоўваюць для іх кінапрагляды, спартыўныя спаборніцтвы, гульні. Неад’емнай часткай такіх сустрэч з’яўляецца малітва. Таксама аніматары звяртаюцца да ўдзельнікаў сустрэчы са «слоўкам» – кароценькім павучаннем. «Слоўка» не абавязкова звязана з пытаннямі веры, яно можа мець нейкі выхаваўчы аспект, закранаць пэўныя маральнаэтычныя пытанні. Паколькі зараз перыяд Вялікага посту, то акцэнтуем увагу на Евангеллі, цытуем выбраныя ўрыўкі, над якімі пазней разважаем. Гэта робіцца дзеля таго, каб, пакідаючы араторый, малады чалавек мог над чымсьці задумацца, нешта прааналізаваць”.
    С. Дар’я таксама падкрэслівае, што задача аніматараў – не толькі забаўляць, але і выхоўваюць. “Нашыя аніматары радасныя. Яны «здабываюць» сэрцы наведвальнікаў араторыя, бо з чуласцю акружаюць іх апекай і любоўю, не шкадуюць лішні раз сказаць добрае слова ці ўсміхнуцца. Яны таксама на ўласным прыкладзе паказваюць, што жыць з Богам у сэрцы – гэта прыгожа. Штодня дэманструюць сваімі паводзінамі, што хрысціянскія прынцыпы, пра якія часта гаворыцца падчас сустрэч у араторыі, з’яўляюцца не пустымі словамі, а фундаментам, на якім базуецца жыццё сапраўднага салезіянскага аніматара. Св. Ян Боско хацеў выхаваць маладых людзей, каб яны былі добрымі хрысціянамі, сумленнымі грамадзянамі і шчаслівымі жыхарамі Неба. Нашыя аніматары таксама кіруюцца гэтым жаданнем у сваім служэнні”.
   
Марта Адахоўская
    Я наведвала араторый з самага маленства. Назірала і захаплялася, якой надзвычайнай энергіяй прасякнута кожнае свята і мерапрыемства. З самім жа паняццем аніматарства пазнаёмілася падчас летніка ў араторыі. Мяне вельмі ўразіла, як маладыя людзі, нават школьнікі, цалкам аддаюць сябе служэнню дзецям. Праз вясёлыя гульні, тэатральныя пастаноўкі, малітву паказваюць, якім прыгожым можа быць жыццё ў веры. Тады ўва мне загарэўся нейкі агеньчык, і я зразумела, што таксама хачу праз аніматарскае служэнне, радасць, усмешкі, сяброўства і падтрымку дапамагаць бліжнім пазнаваць Бога.
    Лічу, што галоўнае правіла аніматара – быць ініцыятыўным, не баяцца выйсці насустрач Богу і чалавеку. У буднія дні мы дзяжурым у араторыі: сочым за парадкам, гуляем з тымі, хто прыйшоў. Таксама прымаем непасрэдны ўдзел у арганізацыі касцёльных урачыстасцей, прапануем свае ідэі, рыхтуем дэкарацыі і касцюмы.

   
Аліна Арцюкевіч
    Кожны, хто з’яўляецца аніматарам, хоча ахвяраваць сябе і свой час дзеля моладзі і дзяцей, якія гэтага патрабуюць. Не магу сказаць, што гэта лёгка. Насамрэч, калі ты “непакліканы”, то наўрад штосьці атрымаецца. Каб быць сапраўдным аніматарам, трэба, не шкадуючы, ахвяраваць сябе. Таксама важна разумець, што салезіянскі аніматар адрозніваецца ад звычайнага аніматара. Мы не прыходзім, каб проста “весяліць” моладзь, але каб дапамагчы знайсці шлях да сапраўднага шчасця, да Бога праз гульні, спевы, вечарыны, радасць і абавязкова праз малітву.
    Шмат маладых людзей у сучасным свеце з’яўляюцца нібыта пакінутымі. Часта ім не хапае бацькоўскай любові, таму шукаюць гэтую любоў на вуліцы, сярод такіх жа, як і яны, з дапамогай цыгарэт ці алкаголю. У той жа час мы – аніматары, святары салезіяне і сёстры салезіянкі – спрабуем быць для іх сапраўднымі сябрамі. Хочам паказаць іншы варыянт, як можна добра правесці вольны час. Ведаю некалькіх маладых людзей, якія пасля знаёмства з салезіянамі і араторыем змянілі сваё жыццё.

   
Караліна Сняжко
    Аніматарства – гэта не праца, а пакліканне. Аніматар – той, хто можа аддаць сваё жыццё для іншых. На першы погляд можа паказацца “шалёным”, але ён проста вельмі адданы сваёй місіі, якая заключаецца ў выратаванні душ, што заблукалі. Дзякуючы намаганням нашай вялікай салезіянскай сям’і, святарам і манаскім сёстрам у жыцці маладых людзей адбываюцца вялікія цуды: тыя, хто адыходзіў ад Бога альбо зусім не ведаў Яго, навярнуліся і даверыліся Усявышняму.
    Праз фармацыю і старанную працу мы становімся тымі, хто жыве ў еднасці з Богам і ў каго на першым месцы заўсёды будзе Езус і Марыя! Аніматарства падаравала мне другую сям’ю, новых сяброў, таксама яно дапамагае ісці па прыступках да святасці. Я вельмі ўдзячная Богу за гэтую магчымасць.

   
Міхаіл Дудко
    Салезіянскі аніматар – гэта чалавек дзеяння, які не сядзіць на месцы, ідзе наперад і вядзе за сабою іншых. Ён запальвае духам радасці тых, хто знаходзіцца побач. Гэта таксама чалавек, які шчыра дзеліцца з іншымі сваімі талентамі, асабістым часам. Наша задача – не дапусціць граху, стварыць атмасферу дабра і радасці. Вельмі цешуся, што лёс звёў мяне з салезіянскай сям’ёй і я змог рэалізаваць сваё пакліканне – дзейнічаць на карысць іншых людзей.
    Аніматарства шмат у чым мне дапамагло: я пазбавіўся пэўных комплексаў, навучыўся правільна камунікаваць, здабыў новыя веды і ўменні, якімі карыстаюся не толькі ў араторыі, але і ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, зараз у сваім студэнцкім асяроддзі з лёгкасцю магу арганізаваць нейкую імпрэзу ці экскурсію, бо ведаю, як гэта правільна рабіць.

   
Юлія Забельская
    У нашай камандзе не можа быць “я”, ёсць толькі “мы”, бо разам працуем дзеля агульнага выніку. Для кожнага, упэўнена, гэта ў радасць – рабіць тое, што па-сапраўднаму любіш. Арганізоўваем розныя акцыі, праводзім вечары для моладзі, тэматычныя сустрэчы, адарацыі. Галоўнае – быць сярод рабят, запальваць іх і не даваць згаснуць.
    Аніматарства цікавае для мяне тым, што я магу пазнаёміцца з новымі людзьмі, пазнаць іх унутраны свет, таксама магу сама раскрывацца як асоба. Спачатку я была вельмі сціплай і замкнутай дзяўчынкай, але араторый мяне па-сапраўднаму змяніў, паказаў, на што на самой справе здольна. Я шчаслівая, што Бог абраў мяне менавіта для аніматарства.

   
Кацярына Цялега
    Зараз я з’яўляюся кандыдатам у аніматары. У нас сапраўдная салезіянская сям’я, дзе мы праводзім шмат часу разам, развіваемся фізічна і духоўна. Калі казаць пра цяжкасці, то зараз яны ўзнікаюць выключна з-за таго, што вучуся ў 11 класе і парой не хапае часу, каб прымаць удзел у арганізацыі некаторых мерапрыемстваў. Але з усіх сіл стараюся паспяваць і ў школе, і ў араторыі.
    Дзякуючы аніматарскай актыўнасці маё акружэнне змянілася ў лепшы бок. Я знайшла новых сяброў, атрымала вопыт працы з дзецьмі і моладдзю. Упэўнена, што сапраўдны салезіянскі аніматар – чалавек-душа, чалавек-запальнічка, які распальвае агонь унутры іншых людзей. Я таксама да гэтага імкнуся.