У час Вялікага посту часцей углядаемся ў Крыж Пана, адаруем Яго святыя раны, дзякуем, што для нашага збаўлення Езус прыняў на сябе такія жудасныя мукі. Разам з Ім перажываем усе гэтыя падзеі. Крыж Хрыста з’яўляецца знакам таго, што Бог раздзяліў людскі лёс. З пакорай прыняў пакуты, адзіноту, пагарду і сорам, з любоўю прабачыў тых, хто яго праследаваў. Гледзячы на распяцце, мы ўпэўніваемся, што Божы Сын сапраўды і поўнасцю спазнаў людское цярпенне. Ні боль, ні ганьба, ні самотнасць, голад ці прыгнёт, катаванні, вязніца, страх ці смерць Яму не чужыя.
Крыж прыгадвае, што дарога да хвалы вядзе праз працу і самаадрачэнне. Бо ўваскрасенне Хрыста нельга разглядаць без Яго крыжа. Таму калі чалавек не пройдзе Крыжовы шлях разам з Езусам і не злучыцца з Яго цярпеннем, радасць ад “пустой магілы” змёртвыхпаўсталага Пана будзе няпоўная і павярхоўная. Радасць у хрысціянстве заўсёды прыходзіць пасля пакут, адрачэння, намаганняў... Таму крыж і ўваскрасенне Хрыста непарыўна звязаны з чалавечым лёсам.
Каб ісці з Езусам, чалавек павінен прыняць свае цярпенні, неспакой, няўдачы, расчараванні. Прайсці Крыжовы шлях, знайсці ў ім уласнае жыццё, падаць і ўставаць, каб уваскрэснуць. Павінен таксама, як і Хрыстос, прайсці праз смерць, каб знайсці сапраўднае жыццё. Няма іншага шляху.
Дарагія Чытачы!
Мы ўжо на паўдарогі. Нельга забывацца, што перажываем асаблівы час ласкі. Давайце зробім высілак навяртання, да якога былі закліканы на пачатку гэтай пілігрымкі. Нашымі добрымі ўчынкамі вытрам Езусу крывавы пот з ілба. Няхай рэгулярны ўдзел у набажэнствах Крыжовага шляху і Песень жальбы будзе нашым уласным трываннем пад крыжом. Знойдзем жа на гэта час, каб Хрыстос у сваім цярпенні не быў самотны. Папросім Яго, каб ачысціў нашыя сэрцы ад усіх думак і пачуццяў, якія паходзяць не ад Бога. Няхай напоўніць нас святлом і любоўю, каб у велікодную раніцу, як св. Марыя Магдалена, маглі з радасцю прывітаць уваскрослага Пана.