“Арханёл” горада над Нёманам

Роздум - На шляху да святасці

5 лістапада – Дыяцэзіяльны дзень малітвы за памерлае духавенства
У касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне знаходзіцца памятная дошка ў гонар кс. інфулата Міхала Арановіча, фундаваная ўдзячнымі вернікамі. Магіла святара на старых каталіцкіх могілках заўсёды задбаная. Там часта можна пачуць малітву людзей, для якіх выключная асоба святара не можа застацца забытай. Наадварот, яна і надалей натхняе сваім прыкладам. 43 гады душпастырскай дзейнасці кс. Міхал прысвяціў Гродзеншчыне. Выбраўшы Бога, святар заставаўся верным Яму і свайму пакліканню ажно да апошняга моманту жыцця.
Пачаткі святарскага шляху
    Кс. Міхал нарадзіўся ў 1907 годзе ў вёсцы Любешчы на Беласточчыне (Польшча). У 1926 годзе паступіў у духоўную семінарыю ў Вільнюсе (Літва). Там жа адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Універсітэта ім. Стэфана Баторыя. Святарскае пасвячэнне прыняў у 1932 годзе з рук аб-па Рамуальда Ялбжыкоўскага.
Першай душпастырскай пляцоўкай кс. Арановіча была Каменка недалёка ад Шчучына. У той час яна налічвала каля 4-ох тысяч вернікаў. Пасля таго, як стан здароўя мясцовага пробашча кс. Мечыслава Савіцкага значна пагоршыўся, кс. Міхал стаў тут вікарыем “каад’ютарам”, а затым і пераняў пасаду пробашча.
    У 1939 годзе яго мабілізавалі ў армію як капелана 3-га палка шэвалежэраў у Сувалках. Затым ксёндз быў інтэрніраваны ў лагеры ў Літве. У Каменку вярнуўся ў 1941 годзе. Паслугу пробашча мясцовай парафіі выконваў на працягу чарговых 5-ці гадоў.
   
    Душпастырства ў горадзе над Нёманам
    У 1948 годзе па прапанове генеральнага вікарыя кс. Антонія Курыловіча кс. Міхал згадзіўся стаць капеланам гродзенскага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі). Аднак праз 2 гады святыня была зачынена. З вялікім смуткам святар перанёс Найсвяцейшы Сакрамант у касцёл Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі), дзе стаў вікарыем.
    У 1951 годзе быў арыштаваны і да 1953 года знаходзіўся ў ГУЛАГу ў Кемераўскай вобласці. Затым вярнуўся ў Гродна. На працягу года працаваў з кс. Курыловічам, а пасля яго смерці стаў пробашчам пабернардынскай парафіі.
    Гэта былі драматычныя часы для Каталіцкага Касцёла ў Гродне. Кс. Міхал быў адзіным святаром па правым баку Нёмана, а таксама генеральным вікарыем усёй Гродзеншчыны. На другім баку Нёмана ў касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі) працаваў а. Аркадзь Вальтась. Пасля яго смерці ў 1975 годзе кс. Міхал на працягу некаторага часу быў адзіным святаром у Гродне.
   
    Нязломны абаронца веры
    Ксёндз дачакаўся перамен і адраджэння Касцёла на тэрыторыі сучаснай Беларусі толькі ў 1988 годзе. У той час улады дазволілі прыбыць на працу ў Гродна кс. Тадэвушу Кандрусевічу, а таксама не забаранілі візіт прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа.
    Кс. Міхал доўга і ахвярна выконваў святарскую паслугу. У 1979 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў яго Ганаровым папскім прэлатам, а затым – інфулатам.
    Памёр святар 30 жніўня 1991 года. Пахавальная ўрачыстасць, што адбылася 2 верасня ў пабернардынскім касцёле, сабрала амаль усё духавенства з Беларусі, шмат святароў з Польшчы і Літвы, а таксама тысячы вернікаў, якія прагнулі выразіць вялікаму святару сваю павагу і прызнанне. Сведкі ўзгадваюць, што пахавальная працэсія праходзіла па вуліцах Гродна і такога тлуму на пахаванні горад не бачыў з часоў смерці Элізы Ажэшкі і а. Мельхіёра Фардона.