Як вядома, для веруючых асоб вельмі важным з’яўляецца аўтарытэт таго, на падставе чыйго сведчання мы прымаем за праўду тыя ці іншыя пастулаты. Безумоўна, для нас, хрысціян, гэтым першым аўтарытэтам з’яўляецца Стварыцель, які праз сваё Аб’яўленне перадаў нам збаўчую праўду аб Сабе. Аднак, існуе яшчэ адно, хоць, можа, і ўскоснае, але вельмі моцнае сведчанне аб праўдзівасці нашай веры. Гэтым сведчаннем з’яўляюцца вернікі папярэдніх пакаленняў, якія сваім жыццём прамаўлялі аб тым, што Бог ёсць, што Ён – гэта сэнс жыцця, за які тое ж самае жыццё можна аддаць. Да нас гэтае сведчанне дайшло ў вельмі разнастайных формах: прыклад розных асоб (вельмі часта невядомых і ананімных), сухія факты і статыстыкі, якія добра ілюструюць стан рэчаў на той момант, канкрэтныя гістарычныя здарэнні і многае іншае. Таму, можа, цяпер, калі мы перажываем Год веры, варта прыпомніць гэтыя моманты і гэтых асоб, для якіх вера з’яўлялася Праўдай, Сэнсам і, без перабольшвання, Жыццём.
Матывам, які падштурхнуў мяне звярнуць на гэта ўвагу, былі пэўныя статыстычныя даныя, на якія я натрапіў, збіраючы матэрыял аб мінуўшчыне Касцёла на Гродзеншчыне. Аказваецца, што на 1945 год у Беларусі працавала 225 святароў, да 1953 года 130 з іх было арыштавана. Не менш цікавай з’яўляецца статыстыка судовых рашэнняў: згодна з выдадзенымі ў 1944 – 1952 гадах судовымі рашэннямі, 50% святароў атрымала 25 гадоў працы ў лагерах, а 30% – “толькі” 10 гадоў. Але гэтага, праўдападобна, аказалася замала, таму кожнага з іх пазбавілі грамадзянскіх праў на 5 гадоў з поўнай канфіскацыяй маёмасці. †