Я сталела, разам з тым павялічваліся кіламетры да Маці – Будслаў, Тракелі, Гудагай, Вострая Брама, Чэнстахова, Лурд... Кожнае з гэтых месцаў пакінула велізарны след у маім жыцці. Гэта людзі, важныя рашэнні, новы вопыт і ўзрастанне ў веры. Менавіта пілігрымкі – пешыя ці аўтамабільныя – навучылі мяне аднаму правілу: Марыя заўсёды выслухае. Як у штодзённым жыцці мы бяжым адразу да маці, так і да Нябеснай Мамы варта бегчы.
Просьбы, складаныя праз Яе заступніцтва, выслухоўваюцца часцей – гэта такі лайфхак, які сапраўды працуе.
Другім крокам да больш блізкіх зносін з Марыяй быў моладзевы Ружанец, на які мы збіраліся раз на тыдзень.
Пасля забаў ці размоў за гарбатай вельмі важна было суцішыцца і засяродзіцца на супольнай Ружанцовай малітве. Гэтая традыцыя перарасла ў звычку і прагненне да падзякі Маці за кожны добра праведзены час.
З часоў моладзевага ўзрастання прайшло ўжо трохі часу, і гэта застаецца добрым падмуркам. Праз усё жыццё, куды б я ні пайшла і з кім бы ні была, Марыя прыцягвае мяне да сябе і заўсёды аказваецца дзесьці побач. Гэта яснае пацвярджэнне таго, што Яна сапраўды Маці. Навучыцца б яшчэ быць такім жа сапраўдным дзіцём для Яе…