Сённяшняе Евангелле – а мы гаворым пра 10 раздзел Евангелля паводле Лукі – распавядае вядомую прыпавесць пра добрага самараніна. Кім быў гэты чалавек? Ён быў адным з тых, хто ішоў з Ерузалема ў Ерыхон па дарозе праз Юдэйскую пустыню. На пачатку гэтай дарогі нейкі чалавек падвергнуўся нападу бандытаў; яго абрабавалі, збілі і кінулі амаль нежывога. Перад самаранінам прайшлі святар і левіт – дзве асобы, уключаныя у здзяйсненне культу ў святыні Пана. Яны бачылі гэтага беднага чалавека, але прайшлі, не затрымаўшыся. А самаранін, калі ён убачыў чалавека, “злітаваўся” (Лк 10, 33), гаворыць Евангелле. Ён злітаваўся! Ён падышоў да яго і перавязаў раны, паліваючы алеем і віном, і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз у заезд і аплаціў яго прабыванне там. Адным словам, ён паклапаціўся пра яго: гэта прыклад любові да бліжняга. Але чаму Езус выбраў самараніна ў якасці галоўнага героя прыпавесці? Бо юдэі пагарджалі самаранамі з-за розніцы рэлігійных традыцый. Езус жа паказвае, што сэрца самараніна добрае і шчодрае, і што, у адрозненне ад святара і левіта, ён увасабляе волю Бога, Які хоча больш міласэрнасці, а не ахвяры (параўн. Мк 12, 33).
Бог заўсёды жадае гэтага: каб мы былі міласэрнымі, а не ішлі, асуджаючы ўсіх! Ён жадае міласэрнасці з сэрца, бо Ён сам міласэрны. Ён разумее нашыя пакуты, нашыя цяжкасці, нашыя грахі таксама. Ён дае нам усім міласэрнае сэрца, і гэта тое, што робіць самаранін: прыпадабняецца да Божай міласэрнасці, той міласэрнасці, у якой сам мае патрэбу.
Фрагмент разважанняў “Анёл Панскі”, 14.07.2013, паводле Radio Vaticano †