Таму “На скрыжаванні” – гэта своеасаблівая гарантыя паспяховых духоўных пошукаў. Толькі асаблівасць знаходжання на моладзе- вай пляцоўцы не ў тым, што чытачы шукаюць адказы на нейкія канкрэтныя пытанні, але імкнуцца задаваць сабе іх самі. І чым больш, тым лепш.
За ўвесь час на старонках газеты было апублікавана 66 нумароў рубрыкі. Разам мы шукалі свае слабыя месцы і выклікалі спакусу на дуэль, “уключалі” рэцэптары патрэбы і адкрывалі вочы на незаўважнае. Спрабавалі размаўляць на “добрай” мове, не давалі пылу асядаць на праблемах. Імкнуліся адпачыць з карысцю і пусціць у жыццё вецер змен. Спадзяюся, сумна не было. З кожным крокам мы набліжаліся да духоўнага ідэалу. Дасягнуць яго, вядома, немагчыма, а вось наблізіцца – у самы раз.
Сумеснымі намаганнямі моладзевая пляцоўка ўдасканальвалася. Без адказу не застаўся ніводзін ліст з прапановамі. Менавіта дзякуючы Вашым рэкамендацыям з’явіліся такія падраздзелы, як “інтэнцыя” і “заступнікі”. Вы былі тымі натхняльнікамі, якія прымушалі рухацца наперад.
Сёння разам перасякаем фінішную прамую. Але духоўная дыстанцыя працягласцю 6 гадоў становіцца, хутчэй, стартам для далейшых пошукаў. Жадаю кожнаму з Вас час ад часу задумвацца над тым, што за абалонкай рэчаў. Той, хто сумняваецца і разважае, ужо на крок бліжэй да ісціны. Шчыры дзякуй усім, хто быў побач!
Сучасны малады чалавек часта апынаецца на скрыжаванні. І, як правіла, мае патрэбу ў падказках, каб не заблукаць у жыцці. На працягу некалькіх гадоў рубрыка “На скрыжаванні” паказвала чытачам правільны кірунак. Праз яе кожны месяц набываў нейкі новы ў духоўным вымярэнні сэнс. Прапанаваўся прадмет разважанняў, а таксама справа, рэалізаваўшы якую можна было ўзмацніцца ў веры. Звычайна на кніжнай паліцы з’яўляліся новыя кнігі. У тэлефоне гучалі песні з добрым зместам... Ад імя ўсіх чытачоў дзякую аўтару рубрыкі, нашаму нязменнаму павадыру. Яго словы заўсёды краналі душу і прымушалі глыбока задумацца над сутнасцю рэчаў.
Мне падабаецца, што на моладзевай пляцоўцы інфармацыя духоўнага характару выкладаецца коратка і ясна. Зараз маладыя людзі шмат часу праводзяць у інтэрнэце, дзе прывыклі да фрагментарнага ўспрымання. Таму гэтая форма даволі зручная. Напачатку месяца кожны мог зрабіць сваім мота ўрывак са Святога Пісання, які, у сваю чаргу, задаваў тон і накірунак наступным падраздзелам рубрыкі. Аўтар заахвочваў маліцца ў адной інтэнцыі з Папам Рымскім, слухаць і чытаць штосьці хрысціянскае. Усё гэта было наглядным сведчаннем, што вера не абмяжоўваецца Касцёлам – яна можа і павінна пранікаць у паўсядзённае жыццё чалавека.
Выпускі рубрыкі хочацца чытаць зноў і зноў. Пераглядаць, асэнсоўваць, рабіць высновы. Часам нейкі выраз перамяняе думкі і нават усё жыццё. Найбольш мне спадабаўся выпуск “Расфарбоўваем жыццё ў святочныя колеры!”. У ім ёсць такія словы Пана: “Калі хто хоча ісці за мною, (...) няхай возьме свой крыж” (Лк 9, 23). Як мне здаецца, крыж – гэта ключ да распазнання Бога праз людзей, падзеі, абставіны... Ад яго цяжару часам чалавек падае. Але вельмі важна падымацца і крочыць наперад, нягледзячы ні на што і ні на каго... Цешыць, што, калі хочаш перамяніцца, знаходзіш у рубрыцы канкрэтныя парады, як гэта ажыццявіць.
Працуючы са старэйшай моладдзю, я выкарыстоўвала ўпадабаныя падраздзелы для катэхезы. Мне вельмі хацелася прывучыць маладых людзей чытаць штосьці духоўнага плану, развіваць сваю веру. Часта задавала ім дамашнія заданні, каб паглядзелі пэўныя артыкулы са “Слова Жыцця”, у тым ліку і рубрыку “На скрыжаванні”. Маю надзею, што зараз выхаванцы мяне не падводзяць і цікавяцца тым, што можа ўзмацніць іх маральна і духоўна.
Евангелізацыя моладзі – вельмі патрэбная і важная справа. Рубрыка “На скрыжаванні” – добрае таму пацвярджэнне. Займальная, цікавая. Але не сакрэт, што зараз маладыя людзі (за рэдкім выключэннем) слаба чытаюць папяровыя выданні. Таму жадаю журналістам “Слова Жыцця” свае таленты і досвед даверыць лічбаваму носьбіту. Каб дастукацца да маладых сэрцаў, напэўна, варта выкарыстоўваць мабільныя дадаткі, інтэрнэт-рэсурсы, відэаканалы і г. д. А чытачоў заахвочваю годна сведчыць аб сваёй веры, пачынаючы з простых жэстаў: жывой размовы, поціску далоні або шчырага позірку ў вочы.