Варта ведаць (109)

Актуальна - Варта ведаць

 Папа Францішак атрымаў у падарунак ад вытворцы шыкоўны аўтамабіль Lamborghini Huracan, які каштуе больш за 280 тыс. даляраў. Святы Айцец перадаў яго на аўкцыён. Частку сумы, выручанай ад продажу, атрымае фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” на аднаўленне знішчаных хрысціянскіх вёсак на Раўніне Ніневіі ў Іраку. Астатнія грошы будуць прызначаны на праект дапамогі жанчынам – ахвярам гандлю людзьмі і прастытуцыі, а таксама на карысць урачоў, якія лечаць жанчын і дзяцей у Афрыцы.

    Дзякуючы прэзідэнту Дональду Трампу і першай лэдзі ў Белым Доме ўжо запанаваў святочны настрой. Гэта не толькі аздобленыя елкі і дэкарацыі, але і калядная стаенка з Дзіцяткам Езус. Гэта сапраўды добрыя змены, паколькі папярэднік прэзідэнта быў прыхільнікам адкрыцця на мультыкультуралізм, а яго віншавальныя паштоўкі гаварылі ў цэлым пра “святочны час”. Прэзідэнт Трамп абяцаў, што перапыніць гэтую свецкую традыцыю, а Божаму Нараджэнню верне рэлігійнае вымярэнне.
   
     Дзяржаўныя ўлады Кітая выдалі загад аб забароне наведвання Ватыкана. За невыкананне прадпісання прадугледжаны штраф у памеры 300 тыс. юаней (каля 40 тыс. еўра). Афіцыйная падстава для забароны – адсутнасць дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Апостальскім Пасадам. Неафіцыйнай нагодай стала некантралюемая евангелізацыя яго народа. Уладам не падабаецца, што кітайцы падчас турыстычных падарожжаў цікавяцца Касцёлам не толькі з мастацкага ці гістарычнага пункту гледжання, але і каталіцызмам як хрысціянскай рэлігіяй.
     
    А. Фрэнсіс Соланус Кейсі з Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў абвешчаны бласлаўлёным, 2-ім па ліку народжаным у ЗША. Беатыфікацыя адбылася пасля пацвярджэння цуду ацалення жанчыны ад невылечнай генетычнай хваробы скуры праз яго малітоўнае заступніцтва. Як зазначыў прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі кард. Анджэла Амата, капуцын “спасціг вяршыні святасці не мучаніцкай смерцю, але дасканалай любоўю да Бога, самааддана служачы бедным, маргіналізаваным і бяздомным. Ён пастаянна быў сярод патрабуючых, цярпліва выслухоўваючы кожнага і спрабуючы ўсім дапамагчы”.
   
   • Спартсмен Абдул Азіз Тэттэ, які іграе ў познанскім футбольным клубе, пасля кожнага матча збірае выкарыстаны рыштунак калег (непатрэбныя буцы і футболкі, мячы), каб раздаць яго дзецям у Гане. “Яны не змогуць купіць сабе тыя рэчы, – тлумачыць Тэттэ. – Каб гэта зразумець, трэба нарадзіцца ў Афрыцы”. Футбаліст штогод прылятае на Радзіму. Едзе фургонам у краму, загружае яго прадуктамі і прадметамі першай неабходнасці. “Бог мяне блаславіў і паслаў такі лёс, што цяпер магу несці дапамогу іншым”, – гаворыць мужчына.

credo.pro; pch24.pl; niedziela.pl