Як пазбавіцца ад самабічавання?
Задай пытанне
Самабічаванне, незадаволенасць тым, што робіш для Бога і бліжніх, параўнанне сябе з іншымі і пастаяннае самапрыніжэнне – гэта яскравыя рысы скрупулёзнага чалавека, часта звязаныя з неапрацаваным эгаізмам і, магчыма, нарцысізмам.
У жыцці скрупулёзных асоб дамінуюць страх і няўпэўненасць: нібы яны горшыя за іншых і няздатныя да чагосьці. Такія ж адчуванні ўзнікаюць і наконт адносін з Богам у духоўным жыцці. Яны не здольны ацэньваць свае паводзіны на практыцы, і хоць могуць дакладна прааналізаваць тэарэтычныя сітуацыі, падобныя да ўласнай, даць добрыя парады іншым, застаюцца бездапаможнымі адносна сябе.
†
Каб зразумець прыроду скрупулёзаў, трэба звярнуцца да лацінскага кораня тэрміна гэтай праблематычнай з’явы. “Scrupulus” – літаральна “каменьчык” – першапачаткова азначаў надзвычай дробную вагу, якая нахіляла шалі толькі самых адчувальных вагаў. Такім чынам, выкарыстанне гэтага слова ў маральным сэнсе азначала залішнюю педантычнасць пры абмеркаванні пытанняў, звязаных з функцыянаваннем сумлення.
На падставе ўласнага досведу св. Ігнацый Лаёла прапануе такім асобам у якасці сродку для барацьбы “разважанне пра міласэрнасць”. Гэтая медытацыя базуецца на тым, што чалавек не ў стане выплаціць велізарную запазычанасць перад Панам, велічыню якой ён нават не можа ацаніць. Гэта становіцца немагчымым, бо чалавек не прымае, што Той, каму ён вінны, даруе, забывае і дае яму незразумелую і свабодную любоў. Гэта вопыт, які здымае хваравітае пачуццё запазычанасці, нараджаючы мір і ўдзячнасць Богу.
Такім чынам, св. Ігнацый раіць выйсці з безнадзейнасці, увайсці ў вопыт вылячэння і ўбачыць сваю будучыню, а не засяроджвацца на разбуральным мінулым, ранах і недахопах. Такая сітуацыя больш не руйнуе псіхіку дзякуючы прымірэнню з самім сабой. Прымірэнне, крыніцай якога з’яўляецца Божая міласэрнасць, дае сапраўдны супакой душы.
Кожны з нас – вобраз Божы, унікальны і непаўторны. Гэта значыць, няма горшых у Божых вачах: ёсць іншыя, але не горшыя. Нам трэба больш канцэнтравацца не на сваіх ранах, але на ранах Езуса Хрыста, бо ў іх, як кажа прарок Ісая, “аздараўленне нашае”.