Ці існуе Божы план для кожнага чалавека?
Задай пытанне
“
Бласлаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які блаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным бласлаўленнем на нябёсах і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным” (Эф 1, 3–6).
†
Словы Святога Пісання падкрэсліваюць, што для кожнага чалавека Бог падрыхтаваў асабісты план збаўлення. Кожны чалавек не выпадковы, ён не выпадкова нарадзіўся ў той ці іншай сям’і, месцы, асяроддзі. У першую чаргу, ён пакліканы да збаўлення. Таксама кожны мае асабістыя пакліканні, індывідуальны жыццёвы шлях, ідучы якім дойдзе да збаўлення. Бог шануе нашу вольную волю, таму не змушае, а толькі заклікае да прыняцця Яго намераў паводле жыцця канкрэтнай асобы. Заданне кожнага ў тым, каб распазнаваць і старанна выконваць Божую волю, супрацоўнічаць з ласкай Пана. Гледзячы на ўласныя таленты і здольнасці, разважаючы падчас асабістай малітвы, чалавек можа паволі распазнаць Божы план паводле сябе і асабіста вырашыць, прымаць запрашэнне Усемагутнага ці не.