Камісія па грамадскіх справах і прававых адносінах са свецкімі ўладамі
Праца Сіноду
![](/images/stories/n507/synod.jpg)
Жыць Евангеллем.
Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі
Пан Езус даручае кожнаму асабістую місію. Свецкія католікі як члены Хрыстовага Касцёла маюць заданне распазнаць прыроду свайго паклікання, годнасці, духоўнасці і адказнасці. Праз прыняты сакрамант св. хросту яны ўключаюцца ў паўсюднае святарства, г. зн. асабіста ўдзельнічаюць у святарстве Хрыста, ахвяруючы сябе саміх і ўсе свае ўчынкі.
Дыяцэзіяльны сінод падкрэслівае, што свецкія асобы здзяйсняюць першую і найважнейшую місію Касцёла, якой з’яўляецца асвячэнне справы стварэння. Рэалізуюць яе, калі жывуць таямніцамі Хрыста, удзельнічаюць у апостальскай місіі Касцёла праз сямейнае, прафесійнае жыццё, дзейнасць у галіне культуры і адпачынку, грамадскія, эканамічныя, палітычныя адносіны. ✝︎
Камісія прыгадвае, што Касцёл не можа заставацца абыякавым да людскіх праблем і іх наступстваў, таму ў межах сваёй кампетэнцыі прагне ўдзельнічаць ва ўсіх складаных працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве. Яго абавязкам з’яўляецца маральная ацэнка непакоячай сітуацыі, фармуляванне адпаведных указанняў, а таксама пошук новых шляхоў для паляпшэння жыцця людзей.
Між іншым, члены Камісіі ўказваюць на існуючыя негатыўныя з’явы ў дыяцэзіі, такія як беспрацоўе, пашырэнне асяроддзя людзей, выключаных з грамадства, залежнасць ад азартных гульняў, парнаграфіі, алкаголю (у тым ліку п’янства сярод дзяцей і моладзі), наркотыкаў і інш. Мэтай Камісіі з’яўляецца заклік вернікаў да салідарнасці ў дзеяннях, якія дапамогуць пераадолець паталогіі грамадска-эканамічнага жыцця. Навучанне Касцёла выводзіцца з Евангелля і з’яўляецца дэталізацыяй яго ўказанняў у жыцці. Такім чынам, кожны хрысціянін абавязаны прадпрымаць дзеянні, накіраваныя на стварэнне больш справядлівага і чалавечнага свету.
Члены Камісіі рэкамендуюць святарам у вядзенні душпастырства імкнуцца да паглыблення сацыяльнага вучэння Касцёла, асноўным чынам праз распаўсюджванне звязаных з ім дакументаў, асабліва папскіх сацыяльных энцыклік, і катэхезу для дарослых. Да свядомасці вернікаў неабходна данесці, што Касцёл прымае актыўны ўдзел у стварэнні грамадскай сістэмы, у якой найбольшымі каштоўнасцямі з’яўляюцца справядлівасць, роўнасць і шанаванне годнасці кожнага чалавека.
Ахінём малітвай усіх членаў Камісіі, каб іх праца паспрыяла супольнаму дабру ў нашым грамадстве.