ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Найсвяцейшая Сям’я! Благаслаў і ахоўвай усе сем’і свету!

На шляху да святасці

Лістапад уводзіць нас у таямніцу Назарэту, прыбліжаючы яе цераз заснавальніцу сёстраў-назарэтанкаў.
    12 лістапада 1842 г. у Рашковай Волі недалёка ад Варшавы нарадзілася Францішка Сядліская, пазнейшая маці Марыя ад Езуса, Добрага Пастыра. З ранняга дзяцінства яна была закахана ў Богу і толькі ў Ім бачыла крыніцу, мэту і змест свайго існавання. Яна захацела прысвяціць сваё жыццё выключна Боскаму Узлюбленаму, але пачаць манаскае жыццё змагла, згодна волі духоўнага кіраўніка, толькі ў 30 гадоў! Маладая асоба была цалкам аддана Хрысту і Яго службе.
    Маладая Францішка разглядваецца і адчувае патрэбы свету, Касцёла і Айчыны. Яна заўважае ўбогіх, хворых, дзяцей-сіротаў. Прызыў дапамагчы нясецца адусюль. Таму ў гэты час паўстаюць шматлікія манаскія супольнасці дзеля таго, каб ахапіць сваёй малітвай і канкрэтнай дапамогай усіх дзяцей Касцёла.
Францішка затрымлівае свой позірк на сям’і. Яна разумее, якім вялікім скарбам грамадства з’яўляюцца здаровыя, шчаслівыя сем’і і адначасова бачыць, колькі небяспек ім пагражае! Сузіраючы таямніцу жыцця Святой Сям’і і ўсё больш успрымаючы настойлівую просьбу аб дапамозе сем’яў, якія знаходзіліся пад пагрозай, сястра распазнае Божы замысел. У 1973 г. яна засноўвае супольнасць сёстраў Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, харызматам і місіяй якой будзе “пашырэнне Валадарства Божай Любові ў сабе і сярод іншых, асабліва ў сем’ях”.
    У Беларусі сёстры-назарэтанкі працуюць у 8 мясцовасцях: у Гродне і Навагрудку, у Лідзе і Мінску, у Маладзечне і Смаргоні, у Будславе і Івянцы. Пераважным чынам яны займаюцца апостальскай дзейнасцю, катэхізуючы, працуючы ў парафіях. Аднак верныя галоўнай мэце іхняй дзейнасці, яны арганізоўваюць сустрэчы і рэкалекцыі для ўсіх сем’яў, кіруюць таварыствамі імя Найсвяцейшай Сям’і. Адначасова ў духоўным плане назарэтанкі ахопліваюць усе сем’і сваёй штодзённай малітвай. Асабліва ў лістападзе мы давяраем Богу і Святой Сям’і ўсе вашы інтэнцыі, адгаворваючы Навэнну да нашай благаславёнай заснавальніцы маці Марыі ад Езуса, Добрага Пастыра.
    Аналагічна як у пару жыцця с. Францішкі Сядліскай, так і цяпер сем’і знаходзяцца пад пагрозай разводаў, здрадаў, рознага роду паталогій. Але ж вядома: якая – сям’я – такая будзе дзяржава і ўвесь свет. Таму так істотна моцнае “ўкараненне” ў Богу, каб не “згарэць” у духоўным плане, каб не замучыцца, любячы мужа (жонку) і дзяцей, каб не адпала жаданне служыць. Благаславёная Францішка Сядліская не пераставала да канца жыцця, нягледзячы на цяжкую хваробу, абвяшчаць Божую Любоў словам і чынам. Яна служыла ахвярна сёстрам і кожнай асобе, якая патрабавала дапамогі. А сілы і моц чэрпала ў Богу! Сястра-заснавальніца паверыла ў Яго Любоў, прыняла яе і дзялілася ёй.Мы павінны зрабіць тое ж самае! Бог любіць нас! Ён жа звяртаецца да нас: “Ты – дарагі ў маіх вачах, набыў вартасці і Я люблю цябе” (Іс 43, 4). Таму давайце “паглыбімся” ў акіян Божай Любові, а свае сем’і даверым заступніцтву благаславёнай Францішкі Сядліскай, аб’ядноўваючыся ў кароткім малітоўным закліку з сёстрамі-назарэтанкамі: “Езу, Марыя, святы Юзаф апякуйцеся намі!”

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.