ГРОДНА
Субота,
14 снежня
2024 года
 

Таямніца Божай Міласэрнасці

Лісты чытачоў

 Паважаная рэдакцыя!
Артыкул, прачытаны ў апошнім нумары газеты “Слова Жыцця” пра Маці Міласэрнасці, Заступніцы нашай зямелькі і людзей, якія жывуць на ёй, ускалыхнуў маё сэрца і заставіў напісаць да вас. Так склалася маё жыццё, што вельмі рана я засталася без роднай маці. Але ў маім жыцці яскрава я адчувала і адчуваю падтрымку і міласэрную любоў Божай Маці, асабліва ласку Вастрабрамскай Марыі Панны. Так пакіраваў Бог, што пасля атрымання дыплома настаўніка ў 1965 годзе я была накіравана на працу ў Астравец, а адтуль - рукой падаць да Вільні. У той час настаўнікам было забаронена нават думаць аб касцёлах і малітвах, але што было пасеяна ў душу набожным татам, тое не змог вырваць атэізм і забарона, а яшчэ глыбей пусціла карані. І таму, калі быў свабодны ад працы дзянёк, я ехала ў Вільню. А там, пераапрануўшыся, каб быць непазнанай, адразу з вакзала бегла, каб схіліць галаву перад Каралевай усяго свету і, адкрываючы сваю душу, даверыць думкі, праблемы, выказаць падзяку Заступніцы.
Там я бачыла розных людзей: бедных, багатых, радасных і тых, хто плакаў, хто маліўся на вуліцы, у капліцы, на лесвіцы і, нават тых, хто поўз на каленях з малітвай вакол капліцы. Аднойчы я прывезла і вучняў на экскурсію ў Вільню. Разам са мной была і жонка дырэктара школы – сібірачка, атэістка. Але мяне пацягнула да Вастрабрамскай Маці. Як тут, Божа, мне быць? “Сярод дзяцей было многа католікаў, я растлумачу ім усё..,але гэта атэістка мяне выдасць“, - так думала я. Напэўна, так пажадаў Бог, што я з дзецьмі пайшла без страху ў капліцу і прапанавала пайсці і ёй, нічога не тлумачачы. І яна стаяла там, заварожаная вялікай непараўнальнай сілай Маці Міласэрнасці, той цішынёй і прыгажосцю, што праз некалькі хвілін упала на калені. Мой страх, што яна выдасць мяне на працы, быў беспадстаўны. У другую суботу яна паведаміла ціхенька мне: “Я хачу зноў да Божай Маці... Прыгажосць і тая цудоўная атмасфера мяне пакарылі, усё гэта стаіць у мяне перад вачамі“.
    Вось - таямніца Божай Міласэрнасці! Гэта акрыліла яшчэ больш маю душу, пагасіла смутак і страх, пабудзіла да роздуму і ўдзячнай малітвы.
    Яшчэ адзін выпадак з жыцця... 29 гадоў таму назад мне быў пастаўлены страшны дыягназ, які быў не сумяшчальны з жыццём. А меншай дачушцы было 5 гадкоў, і я, молячыся да Божай Маці, прасіла пражыць хоць 5 гадоў, каб падрасла мая дачушка і змагла абслужыць хоць крыху сама сябе. І вось гэтая любоў і вера далі свой плён. Прайшло дзесяць гадоў у малітвах і просьбах, у роздуме, слязах. Я ўбачыла яскрава ў сне Маці Міласэрнасці, якая схілілася нада мной з пытаннем: “Прасіла 5 гадоў, а пражыла 10... Хочаш паміраць?” Я толькі крыкнула: “Дзякуй, але я яшчэ так патрэбна сваім дачушкам!” І я прачнулася ад крыку. Ці не цуд гэта?
    У маёй меншай дачушкі падрастае сынок, які служыць міністрантам у касцёле, і дачушка, якой ідзе пяты гадок. Але яна ведае ўжо мноства песенькаў, малітваў і кожную нядзельку наведвае святыню. Як гэта цудоўна! Дзякуй Табе, Марыя, за Тваю міласэрную любоў, бо сіла Яе – неймаверная. Да апошніх дзён ты будзеш у маім сэрцы разам са сваім пакутнікам за нашыя грахі – Тваім Сынам Езусам. Бо ніхто не можа пералічыць Твае цуды, пра якія дасканальна ведае толькі Усемагутны Бог. Міласэрная Панна, не астаўляй і далей нас без Тваёй апекі. Мы – цяпер з Табою на зямлі, а потым вельмі хочам сустрэцца з Табою ў небе.
    Ты, Вастрабрамская Божая Маці, знаходзішся ў мяне ў кожным куточку пакояў і ў сэрцы. За радасці і слёзы гэтага зямнога жыцця я ўдзячна Табе!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.