ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

ІII Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі: “Што мы павінны рабіць?” Ён сказаў ім у адказ: “Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае”.
    Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: “Настаўнік! Што мы павінны рабіць?” Ён адказаў ім: “Не патрабуйце нічога, што больш за дазволенае вам”.
    Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: “А мы што павінны рабіць?” Ён адказаў ім: “Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю”.
    Калі ж народ чакаў, і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён? Ян адказаў усім: “Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным”. Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

Лк 3, 10-18

Гэтая навука прапануе супакой сэрца

    Святы Ян Хрысціцель, падрыхтоўваючы шляхі Месію, які надыходзіў, паклаў пачатак часу, у якім усё павінна быць ясна, асабліва ў сферы чалавечых паводзінаў, што падлягаюць маральнай ацэнцы. Пытанні, якія ставілі людзі св. Яну, паўставалі з сумненняў, якія хвалявалі людскія сэрцы. Чалавек, які гатовы змяніць жыццё ў лепшы бок, павінен адчуць неспакой: што ён павінен рабіць, дзе шукаць шляху, які вядзе ў правільным напрамку. Гэта датычыць кожнага, хто запутаўся ў граху і ў яго выніках. Асабліва небяспечны апошнія: вынікі зла, якія як бы “ткуць” вакол нас “сетку заняволення”, бездапаможнасці. Але калі нават зло стане штодзённай з’явай, калі яно здолее апанаваць спосаб мышлення і лад людскога жыцця, то яно не стане ніколі дабром! Тады нашае сумленне – адзін з вялікіх дароў Бога-Творцы беспамылкова высылае папераджальны сігнал: неспакой сэрца, які нараджае сумненні ў дачыненні да памылковых паводзінаў. І павінна з’явіцца канкрэтнае пытанне: “Што я павінен рабіць, каб змяніць сітуацыю і атрымаць унутраны супакой?” Хоць голас сумлення можа быць заглушаны, падмануты, аднак, раней ці пазней ён дасць знаць аб сабе.
    Цяпер усё мацнейшым становіцца перакананне, што ўражлівае сумленне з’яўляецца перашкодай для правядзення зручнага ладу жыцця, але сённяшняе Евангелле разам з Янавым навучаннем напамінаюць, што крытэрыі нашага сумлення - не правілы, дыктуемые светам, але Божае слова. Вернік параўноўвае свае жаданні, свае паводзіны з канкрэтнымі навучаннямі свайго Збавіцеля, прыкладамі людзей, для якіх Евангелле не з’яўляецца недасягальным ідэалам. Святы Ян меў дакладныя ўказанні для людзей, якіх непакоілі сумненні. Не інакш будзе і ў навучанні Езуса. Гэта праўда: Хрыстовыя патрабаванні – вельмі высокія, але іхняя яснасць і перш за ўсё дапамога Збавіцеля ў іх рэалізацыі заахвочваюць хоць бы паспрабаваць іх рэалізаваць.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.