ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Крочыць слядамі Святой Сям’і

З жыцця Касцёла

27 снежня – свята Святой Сям’і
Калі кожны з нас раздумвае пра сучасную сям’ю, то заўважае ў ёй шматлікія цяжкасці і праблемы. Адначасова ідзе пошук магчымых выхадаў для яе, а таксама розных узораў для пераймання. У гэтым пошуку на першым месцы павінна быць Святая Сям’я, якая з’яўляецца прыкладам для кожнай хрысціянскай сям’і.
Ксёндз Ян Бэртхер, заснавальнік супольнасці Місіянераў Святой Сям’і, зазначыў у сваёй працы “Культ і перайманне Святой Сям’і”, што Езус, Марыя, Юзаф – гэта тры нераўназначныя вяршыні, якія любілі адзін аднаго. На іх прыкладзе здзяйсняецца такая ўзнёслая гармонія няроўнасці, што аналагічнай не было і ніколі не будзе ва ўсім створаным свеце. Рэалізаваць любоў у сужэнстве – нялёгкая справа. І Святой Сям’і не былі аблегчаны высілкі ў гэтым плане. Іх супольнае жыццё не было лёгкім, але нягледзячы на гэта дзякуючы сваёй вернасці і цнотам іх прыклад сямейнага жыцця і далей служыць узорам для пераймання. Ксёндз падкрэсліў, што кожная хрысціянская сям’я – гэта дамашні Касцёл, узмоцнены прысутнасцю Хрыста, так як Святая Сям’я, узмоцненая прысутнасцю Дзіцятка Езус, пілігрымуе ў часе да канца вякоў, ідучы на сустрэчу з Богам-Айцом. На гэтым шляху сучасныя сем’і крочаць слядамі вандроўкі Святой Сям’і, якая ішла першай у гэтай пілігрымцы веры, чым з’яўляецца жыццё.
Хрысціянскія сем’і існуюць для таго, каб стварыць супольнасць асобаў у любові. Сужэнская любоў выражаецца ў выхаванні сваіх дзяцей як бацькоўская любоў. Але трэба памятаць, што вучачы дзяцей чалавечнасці, бацькі самі пазнаюць яе ізноў і вучацца ёй нанова.
   Сям’я павінна быць як скала, якая супраціўляецца ўсім хвалям жыццёвых катаклізмаў і павінна заставацца апорай для жыцця асобаў, якія звязаны адзін з адным сужэнствам. А калі гэтая “скала” – нетрывалая і пачынае расколвацца, то тут крыўдзіцца чалавек і робіцца “пралом” у веры. А менавіта вера, давер, павага, узаемнае зразуменне, паблажлівасць і адказнасць складаюць аснову трываласці сужэнскай супольнасці. Ці ёсць ідэальныя сем’і? Хіба ніхто не адважыўся б адказаць на гэтае пытанне станоўча. Але напэўна ёсць сем’і, якія маглі б быць узорам для іншых. Лёс сутыкнуў мяне два гады таму назад з сям’ёй Аблажэвічаў з вёскі Старая Дубавая недалёка ад Адэльска. Гэта звычайная і адначасова выключная сям’я. Яны выхавалі 12 дзяцей у згодзе, павазе да працы і людзей, памяркоўнасці да жыццёвых справаў, аддаючы ім усю сваю бацькоўскую любоў і адначасова вучачы любові. А дапамагае ім ў гэтым глыбокая вера, а Бог, бачачы ўсё гэта, акружае іх сваёй няспыннай апекай. У гасцёўні іхняга дому на сцяне вісіць вялікі абраз Святой Сям’і. Пані Тэрэза і Раман Аблажэвічы прызналіся мне, што яна з’яўляецца ўзорам для іх у штодзённым жыцці і дапамагае вытрымаць у згодзе і любові. На жаль, ёсць сем’і, якія забыліся пра тое, што існуюць такія пачуцці. Аднойчы я разам з працаўнікамі грамадскай апекі адправілася ў кватэру сужэнства С. у адзін з раёнаў Гродна. Двое заплаканых маленькіх дзяцей, адно з іх не перапавітае... Даўно не прыбіраная кватэра...Гаспадыня тлумачыла, што ў яе няма часу, бо гандлюе на рынку. Гэтыя, далікатна гаворачы, не вельмі мілыя ўражанні дапоўніў яе п’яны муж, які вярнуўся з працы і нягледзячы на прысутнасць чужых людзей, учыніў скандал і накрычаў на дзяцей. Усё гэта не патрабуе каментарыя. Прыклады “добрых” і “злых” сем’яў можна было б прыводзіць вялікае мноства. Застаецца фактам тое, што цяпер большасць сем’яў перажывае сур’ёзны крызіс. Змучанасць, турботы на месцы працы і складанасці штодзённага дня садзейнічаюць таму, што самыя бліжэйшыя асобы ў сям’і робяцца як бы чужымі адзін аднаму і заняты вырашэннем толькі ўласных справаў. У многіх дамах няма цяпла хатняга ачагу, атмасферы блізкасці і свята, супольнай малітвы, супольнага перажывання і інтэрпрэтавання падзей у сям’і, школе, парафіі, на месцы працы, у прафесійнай, грамадскай сферах і па-суседску. Усё гэта прыводзіць да цяжкасцяў, напружання і расчаравання, якія ўзрастаюць у адносінах паміж мужам і жонкай, складанасцяў у выхаванні дзяцей і моладзі. Застаецца фактам тое, што многія сем’і, пазбаўленыя сувязі з рэлігіяй і з-за гэтага маральна аслабленыя, хутка распадаюцца, што вельмі негатыўна ўплывае на дзяцей. На жаль, у Беларусі не хапае сямейных кансультацый, працаўнікі якіх маглі дапамагчы вырашыць сямейныя праблемы.
    На шчасце, гэтую пустату запаўняе Касцёл, ствараючы ў дыяцэзіях сямейныя кансультацыі. У энцыкліцы “Evangelium Vitae” Ян Павел II зазначыў: “Сям’я з’яўляецца месцам аб’яўлення святасці жыцця, якоя асабліва сёння патрабуе сапраўднай абароны ў поўным адстойванні поглядаў і перакананняў. Сям’я стаіць на варце маральных каштоўнасцяў і павінна “чэрпаць” з навучання Касцёла”. І менавіта ў гэтыя складаныя часы Касцёл стараецца дапамагаць і падтрымліваць хрысціянскія сем’і, звяртаючы асаблівую ўвагу на іхнюю евангелізацыю і ўмацоўванне веры. Закончыць гэтыя разважанні можна словамі малітвы Яна Паўла II: “Няхай Святая Сям’я – ікона і ўзор для кожнай людской сям’і, дапаможа кожнаму ісці наперад у духу Назарэту. Няхай яна дапаможа кожнай сям’і паглыбляць свядомасць уласнай місіі ў грамадстве і Касцёле цераз праслуханае Божае слова, малітву і братэрскае сумеснае жыццё” (Ян Павел II, ліст да сем’яў 23).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.