ГРОДНА
Пятніца,
06 снежня
2024 года
 

Прыпынак - Познань

З жыцця Касцёла

У нядзелю 3 студзеня б.г. моладзь акадэмічнага душпастырства “Open” і маладыя людзі з розных парафій нашай дыяцэзіі вярнуліся з сёлетняй 32-ой еўрапейскай сустрэчы, арганізаванай у розных гарадах Еўропы экуменічнай супольнасцю братоў з Taize. Гэтыя сустрэчы з’яўляюцца чарговымі этапамі пілігрымкі даверу па зямлі, якая пачалася ў 1978 г. у Парыжы. На гэты раз з 28. 12. 2009 г. – 2. 01. 2010 г. гасцінна прымала нас Познань.
У паломніцтве даверу, якое было арганізована супольнасцю братоў з Taize, здзіўляе перш за ўсё тое, што сустрэчы моладзі павінны былі прыводзіць да адзінства, нягледзячы на выгляд, мову, нацыянальнасць, адукацыю, гісторыю, культуру і веравызнанне. Разам з іншымі маладымі людзьмі з розных краінаў мы стараліся прадумаць і адкрыць у сабе ізноў супольныя каштоўнасці, да якіх мы імкнёмся, адшукаць шлях да праўды і аб’яднання. Аб неабходнасці такіх сустрэчаў для маладых людзей сведчыць даволі вялікая колькасць яе ўдзельнікаў. Нас было ў Познані каля 30 000 чалавек. Нягледзячы на такую значную лічбу асобаў усім гасцям хапіла месца для начлегу ў жыхароў Познані.

Праграма сустрэчы традыцыйна была напоўнена супольнай малітвай і спатканнямі. Пасля поўдня мы мелі магчымасць наведаць горад і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Кульмінацыйны момант – супольная вячэрняя малітва і адарацыя крыжа. Быў час на глыбокую малітву ў месцах поўнай цішыні і адарацыі, дзе на працягу доўгіх гадзінаў святары прадаўжалі спавядаць.

    Як і штогод прыёр супольнасці накіроўвае да ўдзельнікаў еўрапейскай сустрэчы пасланне, у якім згадвае пра самыя істотныя праблемы грамадскага развіцця. У сёлетнім пасланні брат Алаізій успомніў пра прыклад з Кітая, дзе хрысціянства складае канфесійную меншасць і не мае зручных умоваў для свайго развіцця, аднак, дзейнічае дынамічна і вельмі актыўна. Адсюль яскравай была для нас сутнасць разважанняў, якая датычыла галоўнай тэмы “Адрадзіць адвагу”. Мы пачулі пра гераічныя прыклады духоўных і свецкіх асобаў, якія ператвараюць складаную рэчаіснасць Кітая сваёй адвагай і любоўю.

    Запаў у душу роздум пра нашыя людскія жаданні. Сёння людское сэрца перапоўнена рознымі жаданнямі і імкненнямі, але надышоў час рашэння і стойкасці. Брат Алаізій прапанаваў нам у сваіх разважаннях выбіраць прастату ў жыцці, каб заахвоціць дзяліцца тым, што ў кожнага з нас ёсць, адкрыцца на іншых. Ён сцвярджаў, што ўменне адказацца ад таго, што можна мець, вызваліць нас з самотнасці. Мы пачулі словы Святога Пісання: “Вы – соль зямлі. (...) Вы – святло свету” (Мц 5, 13 – 14) і зварот: “Надышоў час, каб вы, моладзь, усвядомілі, што гэта вам трэба даць прыклад даверу да Бога іншым. Творца заклікае нас, каб мы перамянілі свет у лепшы бок з вялікім размахам, але і з глыбокай пакорай”.

    У апошні дзень 2009 г. з вялікім здзіўленнем мы прынялі вестку пра тое, што праз год сустрэча Taize адбудзецца ў Ротэрдаме (Нідэрланды). Краіна, дзе будзе арганізована сустрэча, належыць да адной з найбольш свецкіх у Еўропе. Пасля хвіліны роздуму мы не здзіўляліся месцу сустрэчы, відавочна, там найбольш патрэбна нашае хрысціянскае сведчанне аб даверы да Бога і да іншага чалавека.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  26

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.