ГРОДНА
Субота,
14 снежня
2024 года
 

Прызванне да святарства

Семінарыйная газета

Валадар, Хрыстэ!
Дарагія міністранты! Вітаю вас ізноў на старонках нашай семінарыйнай газеткі. У гэтым нумары я хацеў бы запрасіць вас задумацца разам над тым, чым ёсць святарства. Цяпер каталіцкі Касцёл адзначае ва ўсім свеце год Святарства з нагоды 150-ай гадавіны смерці св. Яна Марыі Віянэя, заступніка ўсіх святароў.
    Я думаю, што кожны святар задаваў не раз Богу наступнае пытанне: “Пане, ці Ты не памыліўся, прызываючы і адорваючы мяне такой вялікай уладай?! Ты ведаеш мае слабасці і знаеш, да чаго я больш ці менш здольны”. На самай справе, дар прызвання да святарства будзе для нас заўжды таямніцай. Езус Хрыстус гаворыць, што “Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод” (Ян 15, 16). Бог прызывае чалавека да сваёй службы ўжо ў першыя хвіліны яго жыцця. Пророк Ерамія так піша ў сваёй кнізе: “Пан накіраваў да мяне наступныя словы: “Перш чым Я сфармаваў цябе ва ўлонні маці, то ведаў пра цябе, перш чым ты прыйшоў у свет, Я асвяціў і паставіў цябе прарокам для народаў” (Ер 1, 4 - 5).
Кожны дзень святар стаіць перад Богам, каб маліцца не толькі ад свайго імя, але і ад імя ўсіх людзей, за цябе, дарагі брат, і за мяне. Святар з’яўляецца чалавекам, які нястомна пераадольвае такія ж самыя цяжкасці і спакусы, якія ёсць і ў нас, з дапамогай малітвы. Гэта святар клапоціцца пра захаванне лучнасці паміж чалавекам і Богам. Ён моліцца за гэта ля алтара і з брэвіярыем у руках, у канфесіянале падчас споведзі і катэхезы, на ружанцы і ў цені вечнай лямпы. І калі мы бачым яго самотным, то ён знаходзіцца разам са сваім Эўхарыстычным Сябрам. Святар узносіць заўжды свае рукі ў малітве.
    Крыніцай, з якой ксёндз чэрпае сілы, з’яўляецца св. Імша. Штодзённа ён сам раздумвае над тым, як гэта адбываецца, што пасля кароткіх словаў, сказаных над кавалкам хлеба, Усемагутны Бог сыходзіць на яго слабыя людскія далоні. Разам са святаром мы можам збірацца вакол алтара на Эўхарыстыі. Тады ксёндз становіцца незаменным пасрэднікам паміж Богам і чалавекам.
    Святар – гэта таксама пастыр, які гатовы заўжды шукаць заблуканую авечку. Гэта менавіта ў канфесіянале ён пазнае нашыя слабасці і падзенні, ацэньвае жаданне выправіць сваё жыццё ў лепшы бок, распазнае ў нас дзейнасць Святога Духа і перадае прабачэнне грахоў, а гэта толькі Бог можа зрабіць. Святы Ян Марыя Віянэй гаварыў: “Хоць бы было тут 200 анёлаў, то і так яны не маглі б даць вам дараванне грахоў. Толькі святар можа гэта зрабіць. Ён можа вам сказаць: “Я адпускаю табе грахі, ідзі ў супакоі”.
    Наш час патрабуе руплівых і святых святароў Езуса Хрыста. Сённяшні сапсаваны свет насміхаецца з паставы актыўнай і безагаворачнай любові да іншага чалавека. Няхай жа нашая малітва будзе ўсё больш гучнейшай просьбай да Хрыста, каб Ён даў адвагу і сілу для тых, да якіх Езус звяртаецца са словамі: “Пайдзі за Мной!” Мой малады сябар, можа сёння цябе кліча Хрыстус. Ці хацеў бы ты з Ім несці крыж? Ці жадаў бы ты паміраць з Езусам на Галгоце? Ці хацеў бы жыць толькі для Яго і бязмежна Яму даверыцца? Калі ты чуеш хоць ціхі Яго голас, які заклікае менавіта ў гэты бок, то не грэбуй ім, але, ацэньваючы свае ўменні, правер яго падчас сваёй вучобы ў семінарыі.
Разнастайнасць літургічнага ўбрання з’яўляецца знешнім знакам, які гаворыць пра розныя функцыі, якія ў сваю чаргу вынікаюць з розных ступеняў і літургічных паслугаў. Давайце сёння нагадаем сабе пра некаторыя з іх:
ДалматыкаКапаДалматыка – дыяканскае ўбранне, якое апранаецца на альбу і стулу. Спачатку далматыка была свецкім адзеннем. Яна паходзіла з Далмацыі, ад назвы якой гэтае ўбранне ўзяло назву. У IX ст. далматыка стала літургічным убраннем дыякана. Яна мела заўжды белы колер з чырвонымі вертыкальнымі палосамі, якія ішлі ад плячэй уніз спераду і ззаду. З XIII ст. яе колер пачалі дастасоўваць да колеру арната. Далматыка з’яўляецца ўбраннем радасці і сімвалам звышнатуральнай справядлівасці.
    З самага пачатку капа была ўбраннем князёў і каралёў. Такім чынам, гэта не ёсць літургічнае адзенне ў такім значэнні, як астатняе літургічнае ўбранне. Паўсюдна няма таксама прынятай сімволікі. Святар ужывае капу падчас асабліва ўрачыстай літургіі і ў час удзялення святых сакрамэнтаў па-за св. Імшой.
    На тым, дарагія сябры, я хацеў бы закончыць. Я жадаю вам, каб вы ішлі за Панам на працягу ўсяго свайго жыцця з даверам і надзеяй. Здзяйсняйце ўсё, што вы робіце, з юнацкім запалам. Усміхайцеся і ніколі не трацьце пачуцця гумару. Старайцеся слухаць Хрыста, а Ён пакажа вам Праўду і адорыць сваім благаславеннем. Валадар сярод нас, Хрыстэ!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.