ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Што ксёндз запісвае ў свой сшытак падчас душпастырскага каляднага візіту?

Задай пытанне

кс. Павел Салабуда У кожнай парафіі вядуцца парафіяльныя картатэкі. Дзякуючы сабранай інфармацыі пра людзей, якія жывуць на тэрыторыі парафіі, пробашч можа лепш ведаць сваіх парафіянаў, іх патрэбы і жаданні, а таксама акружыць клопатам у духоўным плане супольнасць, якая яму даверана. Немагчыма трымаць усю інфармацыю пра сваю парафію ў галаве, таму што ёсць большыя ці меншыя парафіяльныя супольнасці і па гэтай прычыне вядзецца парафіяльная дакументацыя. На працягу году пробашч можа заўжды заглянуць у картатэку і прыгадаць сабе пра важныя звесткі, якія датычаць парафіянаў.
    А таму ў такой картатэцы пробашч запісвае перш за ўсё асабістыя даныя тых, хто жыве ў дадзенай кватэры ці доме (імя, прозвішча, год нараджэння), правярае, ці не было зменаў за апошні год. Пробашч занатоўвае таксама інфармацыю, якая датычыць рэлігійнага жыцця дадзенай сям’і і паасобных яе членаў. Запісваецца дата Хросту, I Камуніі і Канфірмацыі, а наконт дзяцей упісваецца, як яны ўдзельнічаюць у катэхізацыі. Душпастыр зазначае таксама дату душпастырскага візіту і правярае, ці сістэматычна сям’я прымае святара з душпастырскім калядным візітам.

    У сшытку ксёндз занатоўвае таксама тое, як удзельнічае сям’я ў жыцці парафіі, ці захоўваюцца рэлігійныя звычаі, ці ў сям’і чытаюць Святое Пісанне, ці супольна моляцца, ці ў памяшканні ёсць крыж і рэлігійныя абразы, ці ў сям’і пануе цвярозасць, якая яе матэрыяльная сітуацыя, ён зазначае, ці сям’я патрабуе матэрыяльнай дапамогі. Святар заносіць у свой сшытак яшчэ наступныя звесткі: ці рэгулярна, ці зрэдку члены сям’і ўдзельнічаюць у св. Імшы, ці сістэматычна спавядаюцца. Пасля такой сустрэчы ксёндз ацэньвае рэлігійнасць сям’і агульна. Картатэка ў парафіі звычайна вядзецца дакладна і старанна, каб новы святар (пробашч ці вікарый), заглядваючы ў яе, мог бы распазнаць цяперашні стан парафіі, пазнаёміцца са спіскам вернікаў і вызначыць напрамак працы для духоўнага развіцця даверанай яму паствы. Увесь час картатэка дапаўняецца пробашчам. Кожны парафіянін можа прыйсці ў парафіяльную канцылярыю, каб паведаміць пра тое, што ў сям’і наступілі змены ці пра тое, што ён – новы член парафіі.
    Парафіяльная картатэка дапамагае палепшыць парафіяльнае жыццё. Парафія – гэта адна вялікая сям’я, а пробашч мае асаблівы абавязак: каб гэтая сям’я была Божай, і як найбольшая колькасць людзей магла сустрэць Хрыста ў сваім жыцці. Давайце ж супольна дбаць пра духоўнае развіццё кожнага з нас. Няхай калядны час дапаможа кожнаму з нас сустрэць Хрыста, які благаславіць нас у Новым годзе.
    Ксёндз прыходзіць у дом – Бог – у доме.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.