ГРОДНА
Панядзелак,
09 снежня
2024 года
 

Перамена, якая асноўваецца на любові, свабодзе і праўдзе

На шляху да святасці

Ідзі выпраставаны сярод тых, што - на каленях, сярод тых, хто адвернуты плячамі, звергнуты ў прах. Ты ўцалеў не для таго, каб жыць. У цябе ёсць мала часу, трэба засведчыць сваім жыццём аб Богу. (…) А ўзнагародзяць цябе за гэта тым, што маюць пад рукой: з’едлівым смехам, забойствам на сметніку. (…) Будзь верны. Ідзі.
Збігнеў Гэрбэрт “Пасланне пана Кагіта”
Вялікі пост мае заданне падрыхтаваць нас плённа сустрэць таямніцу крыжа і ўваскрэсення Пана. Усе чалавечыя старанні накіраваны на нашае навяртанне, каб схіліць сэрцы да адзінай і выключнай прапановы Збавіцеля: вярнуць сяброўства з Богам, нашым Творцам, Айцом і нашым прызначэннем. Вялікі пост будзе часам унутранай перамены, наколькі мы згадаем сабе пра абавязак сведчыць пра чалавечую годнасць. Разважаючы пра гэта абавязацельства нельга абмінуць Езуса, бо Яго шляхі – гэта дарогі людской годнасці. Ён ніколі нікім не пагрэбаваў, не ўнізіў. Перад Ім кожны з нас становіцца вялікі, адзіны. Хворым Хрыстус ахвяроўваў шанс вылячэння, звар’яцелым – вызваленне ад злых духаў. Езус даваў грэшнікам шанс пачаць новае жыццё. Наш Збавіцель вяртаў людзям іхнюю годнасць. Дзякуючы Яму ў нас ёсць шанс паўстаць з упадкаў і выпрастаць згорбленыя плечы лакея.
Сустракаючы Езуса, мы накіроўваем погляд угару, падымаем галаву, каб лепш і больш бачыць акружаючы свет, больш яго зразумець. Езус абвясціў на гары самую важную сваю навуку пра восем благаславенняў. Настаўнік завёў трох апосталаў на высокую гару, каб там аб’явіць ім сваю боскую прыроду. З гары з узнятай галавой усё відаць лепш, лепш можна заўважыць далёкія гарызонты. Адсюль лягчэй выбраць шлях да намечанай мэты. Дарогі Хрыста вядуць нас заўжды да гораў…
    На Хрыстовых шляхах было шмат людзей, звыкла простых, убогіх, часта тых, каго адапхнулі і пра каго забыліся. Праўда, Езус не грэбаваў пабываць у гасцях у фарысеяў і багатых мытнікаў. Хоць Настаўнік рэкамендаваў сваім вучням паважаць уладу, але ясна размяжоўваў паміж тым, што ёсць тленнае, а што – боскае: “Аддайце імператару тое, што належыць яму, а Богу – тое, што належыць Творцы”.
    Езус быў у палацах улады толькі адзін раз: да Пілата і Ірадам Анціпы Яго зацягнулі ў кайданах на суд, а дакладней, для асуджэння на смерць, прысуд на якую ўжо быў вынесены раней. Настаўнік не прысвячаў шмат увагі магнатам і ўладарам гэтага свету. Можна смела сказаць, што Ён скарыўся іхняму насіллю і ў людскім разуменні атрымаў паражэнне. Нягледзячы на гэта, ніхто не аспрэчвае Хрыстовай улады над светам.
    Свет прадстаўляецца нам дваякім спосабам. Ён можа нам спрыяць або аказацца непрыязны. Жыццё належыць таксама да няўстойлівых каштоўнасцяў. Толькі нясталыя людзі бачаць свет у адным колеры. Толькі дзеці змогуць размаляваць абразок адной фарбай. Нясталыя асобы рэагуюць на зменлівасці лёсу эмацыянальным разладам. Такім чынам, дзе ж шукаць у жыцці і свеце стабільнасці, на чым упэўнена рабіць свае крокі, ідучы ўгару да прадбачанай мэты зямной вандроўкі?
    Вялік пост – гэта пошук Хрыстовых шляхоў. Толькі крочачы з Ім па жыцці ў нас ёсць гарантыя: дасягнуць нашага прызначэння. Адносіны Збавіцеля да свету і Хрыстовая ўлада над ім даюць нам шанс фарміраваць нашае існаванне і свет паводле Божых планаў.
    Заўжды Вялікі пост нагадвае вернікам пра Бога, якія захоўваюць саюз, заключаны паміж Творцам і чалавекам. “Бог памятае пра свой саюз” – пра гэтую праўду гаворыць усё Аб’яўленне, Стары Запавет з доўгай гісторыяй выбранага народу. Аб гэтай праўдзе вучыць Езус, які абвяшчаў Евангелле і схіляўся над кожнай людской бядой. Калі Бог застаўся верны на працягу вякоў, не пакінуў чалавека нават тады, калі расчароўваўся з-за нашых здрадаў, то можа варта дазволіць, каб Ён узяў нас за руку яшчэ раз і правёў шляхамі вернасці.
    Зацікаўцеся Хрыстовымі шляхамі ў Вялікім посце. Не бойцеся непрадбачаных складанасцяў у жыцці , ані тым больш, калі яны пададуцца нам вельмі цяжкія. Бог будзе заўжды нас суправаджаць. Ён не пакіне і не падмане нас ніколі. Рызыкнуўшы пайсці за Езусам, мы вучымся Яго спосабу паглядзець на самога сябе, на свет і бліжняга. “Вось – чалавек” – сказаў Пілат, паказваючы натоўпу ўбічаванага, укрыжаванага Езуса. Вось што могуць зрабіць з чалавека грахі і нявернасць Божым запаведзям. Паглядзець у святле праўды на сябе, заўважыць уласныя хібы і слабасці – гэта патрабуе немалой адвагі. Можа яшчэ большай смеласці патрабуе памяркоўнасць да бліжняга.
    У жыцці Езуса была апошняя дарога на Кальварыю – Крыжовы шлях. Калі сілай, якая падсілкоўвала нашага Збавіцеля на вуліцах Ерузалімы, была любоў, то напрамак гэтай дарогі быў вызначаны свабодай і праўдай. Езус не адчуваў сябе чым-небудзь абмежаваны, змушаны. Ён выконваў волю свайго Айца ў небе, будучы цалкам свабодны. Парадаксальна, але нават людская нянавісць была ўключана ў выкананне Божага плану збаўлення.
    Праўда Крыжовага шляху – нязвыкла выразная: “Так Бог палюбіў свет…”. Каб кожнае сэрца, забруджанае грахом і злом, магло чакаць вылячэння і абмыцця. Каб ніхто не адчуваў сябе выключаны з гэтай любові, нават лотр, які вісеў побач з Хрыстом, які, як ён сам казаў, атрымаў слушную кару. Непраўдападобна: дзякуючы гэтай любові нават непасрэдныя віноўнікі цярпення і смерці маглі пачуць: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць!”
    Гэтыя тры вартасці: любоў, свабода і праўда – неабходны, каб мы маглі ісці за Хрыстом і ля Яго змяняць нашае жыццё і акружаючы нас свет. Не страчвайце ж духа ў слабасцях і сумненнях з-за незразумення многімі. А тых, хто рашыў пайсці гэтым шляхам, будзе падтрымліваць Божы Дух. Няхай жа пад крыжам мы, памерлыя для нянавісці, заняволення і маны, зможам ў радасці чакаць паўстання з памерлых.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.