ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня 2024 года |
Знак нашага збаўлення
Прадаўжаецца Вялікі пост. Гэта ёсць час роздуму над уласным жыццём, пара старанняў, каб унутрана перамяніцца ў лепшы бок і навярнуцца да Бога. Самае значнае заданне для кожнага хрысціяніна на Вялікі пост – паверыць у Божую любоў да кожнага грэшніка, гледзячы на крыж і на Цела Божага Сына на ім. “Але Ён быў прыбіты за нашыя грахі, забіты за нашыя віны” (Іс 53, 5). Таму мы не можам весці размову пра крыж і ўкрыжаванне Езуса, пісаць і разважаць пра гэта, як пра даўнюю старажытнюю гісторыю, бо яна - няспынна жывая і актуальная рэчаіснасць і найвышэйшая любоў. Вялікі пост павінен ажывіць гэтую праўду.
Са дня смерці Божага Сына на Галгоце крыж стаў сімвалам найвышэйшай любові і ахвяры. Таму яго размяшчаюць зверху святыняў і капліцаў, у дамах вернікаў, на дарогах і на раздарожжах, на літургічным адзенні, на грудзях хрысціянаў, якія ахінаюць сябе знакам крыжа, тым самым сведчачы аб веры ў сваё збавенне, дзякуючы Хрыстовай муцы, смерці, і просяць аб Божым благаславенні. Крыж стаў сімвалам цярпення і пакуты. Сам Хрыстус указаў нам на гэтае значэнне крыжа, калі сказаў: “Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе і возьме крыж свой і ідзе следам за Мной” (Мц 16, 24). Крыж напамінае, што смерць і цярпенне не з’яўляюцца заканчэннем чалавечага жыцця, бо другім яго бокам ёсць хвала Змёртвыхпаўстання, перамога над злом, новае жыццё.
†
“А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету”
(Ліст св. апостала Паўла да Галатаў 6, 14)
Знак крыжа
Для ўсіх вернікаў падставай ёсць знак, якому навучылі дома – знак крыжа – гэтая першая малітва да Бога. Гэта так, таму што знак крыжа – гэта заклік Божага імя, каб пачаць размову з Айцом, Сынам і Святым Духам ці ўвайсці з Богам у які-небудзь важны момант жыцця: пачаць ці закончыць дзень, адправіцца падарожнічаць, добра выканаць працу, бяспечна выйсці са складанай сітуацыі ці проста з’есці якую-небудзь страву. Малітва, апярэджаная гэтым знакам, дазваляе нам праслаўляць Збаўцу, які памёр на крыжы і такім чынам здзейсніў справу адкуплення. Бог заключыў Новы Саюз з выбраным народам, вызваленым з няволі граху, цераз кроў, якая была праліта на крыжы. Хрыстус, які аб’яўляе Айца і разам з Ім пасылае нам Святога Духа, праслаўляецца, ушаноўваецца і мы пакланяемся Езусу ў знаку крыжа. Кожны хрысціянін, молячыся з верай, публічна сведчыць аб Ім перад людзьмі і паказвае, што гэта Яго адзіны Бог. Калі нам штосьці ўдаецца зрабіць у жыцці, то мы жагнаемся, каб у малітве падзякаваць за гэта Богу. Позірк на гэты знак, як і дакрананне з верай да крыжа Хрыста ратуе чалавека ад смерці, а таго, хто верыць у Хрыста, вызваляе ад граху. Трэба дзякаваць Творцу за дар жыцця і за ўсё, што ёсць у ім добрае. У кожнага з нас ёсць магчымасць падзякаваць Богу, ахінаючы сябе знакам крыжа, таму што ўсё, што паходзіць ад Яго, - добрае і падпарадкавана надзеі збавення. Знак крыжа – выражэнне нашай малітвы, дазваляе нам даверыць Божай любові нашае бяссілле. Мы можам выпрошваць ласкі для сябе і для тых, каму яны неабходны, злучаючы нашыя малітвы з крыжам Хрыста і перш за ўсё ўдзельнічаючы ў Яго збавеннай справе.
Крыж – знак Божай любові
У хрысціянскую самасвядомасць глыбока ўпісаны крыж, які дазваляе іншым распазнаць, што мы – хрысціяне. Сёння мала хто карыстаецца такімі сімваламі ранняга хрысціянства як рыба, ягнятка, вінаградны куст. Крыж акрэслівае нашыя адносіны да Бога і моцна ўплывае на наш лад жыцця. На крыжы чалавек бачыць боль і любоў Хрыста, якую не можа зразумець абмежаваны людскі розум. Знак крыжа выражае стан духа таго, хто моліцца ці сведчыць пра сваю веру. Абодва гэтыя знакі сустракаюцца ў прасторы нашай веры і тут, з аднаго боку, так многа сілы і любові, а з другога – чалавечай слабасці і бездапаможнасці. А тое, што іх злучае, гэта Любоў, якая знішчае ўсякае зло. Надзея надае сэнс Божай ахвяры і чалавечаму ў ёй удзелу. І пасля Змёртвыхпаўстання крыж Езуса – не пусты, бо Яго кананне мы носім у нашым целе, а Ён не астаўляе нас сам-насам у нашым цярпенні. Крыж Хрыста – гэта знак любові Бога. Знак крыжа можа быць згодай чалавека на Божы план збаўлення. Хрыстус прымірыў людзей з Айцом сваёй смерцю на крыжы (вертыкальнае вымярэнне: прадаўгаватае бервяно крыжа) і паміж сабой (гарызантальнае вымярэнне: папярочнае бервяно крыжа). Крыж (у такім разуменні) паказвае таксама нам поўную таямніцу людскога цярпення, ілюструючы, як можа яна стаць найвышэйшым сведчаннем любові. Святы Павел піша ў сваім Лісце да Рымлянаў: “Бог жа паказвае сваю любоў да нас тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас” (Рым 5, 8). Толькі тая асоба, якая сапраўды разумее значэнне крыжа і яго любіць, даказвае, што ў яе ёсць бязмежная любоў.
Прапаведванне крыжа ў сучаснасці
У адным са сваіх казанняў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў, што хрысціянін мае падставы ганарыцца крыжам, жыццёвым вопытам, цярпеннямі, слабасцямі і ганеннямі, у якіх праяўляецца Божая магутнасць. Таму ён мае поўнае права паўтараць словы св. Паўла як свае ўласныя: “Таму найбольш ахвотна буду хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне магутнасць Хрыстова. З-за таго падабаюцца і мае немачы, знявагі, нястачы, пераследаванні і прыгнёты дзеля Хрыста: бо калі я слабы, тады я дужы” (2 Кар 12, 9 –10). Многія хрысціяне прымаюць з ахвотай Хрыста, але без крыжа, цярпення. Гэтая тэндэнцыя ідзе па свету, праходзіць праз Касцёл і сэрца кожнага верніка. Касцёл навучае нас, што няма Хрыста, хрысціянства, Евангелля без крыжа. Жыццё і вопыт вучаць яшчэ іншай, вельмі важнай справе. Сапраўднае хрысціянства мераецца мерай крыжа, здзяйсняецца на крыжы, у цярпенні. А чалавечнасць вымяраецца таксама мерай крыжа. Езус узяў крыж першы, памёр на ім для нашага збавення, заслужыў нам ласку. Дзякуючы гэтаму кожны з нас павінен мець сілу несці крыж. Наш крыж павінен быць адказам на крыж Езуса, на найбольшую любоў. Крыж можа несці той, хто адораны ласкай, збавеннем і Святым Духам. І пра гэта ніколі ніякі хрысціянін не павінен забываць. Заклік несці крыж трэба заўжды спалучаць з увядзеннем чалавека ў паўнату хрысціянства. Крыж можна зразумець толькі тады, калі чалавек жыве ў адзінстве з Хрыстом. Жыццё ахрышчанага нясе на сабе сімвал пасхальнай таямніцы: “штодзённа паміраем”, кожны дзень мы носім у сабе “кананне Хрыста”. Без штодзённай ахвяры, цярпення, самаахвяравання, дабравольнай строгасці можна выхаваць вялікае дзіця, але ніколі – сапраўднага чалавека і хрысціяніна. А каб жыць духам, трэба кожны дзень паміраць для цела – такая дыялектыка хрысціянскага жыцця.
Крыж – гэта шлях, брама, якая вядзе да славы і Змёртвыхпаўстання. Так было для Езуса, так павінна застацца для нас, Яго вучняў. Вялікая пятніца – не апошняе слова Бога і гісторыі. Канчатковае слова – Вялікая нядзеля. Насілле і смерць – гэта не апошняе слова, але свабода і жыццё. Падрыхтавала Іаанна Немчыноўская
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 22 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.