ГРОДНА
Аўторак,
15 ліпеня 2025 года |
Маці Божая Шкаплерная
Каралева святога шкаплера | |||
![]() Дзевяцітыднёвая навэнна, якая была пачата 19 мая біскупам Аляксандрам Кашкевічам, а пазней прадоўжана пад кіраўніцтвам біскупаў нашага краю і выбраных святароў, стала духоўнай падрыхтоўкай да гэтых прыгожых урачыстасцяў. Падчас навэнны кожны мог прадставіць свае малітвы і просьбы, падзякі за атрыманыя ў Бога ласкі за пасрэдніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі. Каранацыйная ўрачыстасць пачалася ўжо ў суботу 14 ліпеня Нешпарамі аб Найсвяцейшай Панне Марыі, а таксама св. Імшой, якой кіраваў генерал аа. кармелітаў босых з Рыму. Пасля св. Імшы адбылося чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Раніцай у 6.00 вернікі пачалі збірацца на прыгожыя спевы Гадзінак аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. У 9.00 пасля св. Імшы можна было заўважыць, як паступова наплываюць натоўпы вернікаў, якія жадаюць выпрасіць для сябе і сваіх блізкіх неабходныя ласкі ад Той, «Аб якой ніколі не чулі, каб Яна пакінула таго, хто да Яе звяртаецца і ў Яе шукае ратунку...». Можна было заўважыць, як у доўгай чарзе на каленях старэйшыя і дзеці ішлі да Марыі, выпрошваючы ў Яе заступніцтва ў розных патрэбах, каб у чарговы раз адчуць тое Мацярынскае цяпло, якое як з крыніцы выплывае на вернікаў. |
|||
|
Кожны паломнік мог добра падрыхтавацца да галоўных урачыстасцяў, пабыўшы ў споведзі, аб чым сведчылі доўгія чэргі ля канфесіяналаў. Галоўная каранацыйная ўрачыстасць пачалася ў 12.00, калі браты-кармеліты прынеслі ікону Гудагайскай Божай Маці з парафіяльнага касцёла ў спецыяльна падрыхтаванае месца на палявым алтары. Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтак з Пінска кіраваў св. Імшой, ён жа і здзейсніў абрад каранацыі іконы Божай Маці. З пачатку ўрачыстай св. Імшы кардынал зачытаў дакумент Кангрэгацыі па Справах Божага Культу, звязаны з каранацыяй. Біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў сардэчна ўсіх паломнікаў і гасцей урачыстасці. У ёй прынялі ўдзел наступныя асобы: архібіскуп Марцін Відовіч, апостальскі нунцый з Мінска, біскупы Антоній Дзям‘янка з Мінска, Уладзіслаў Блін з Віцебска, архібіскуп-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з Масквы, генерал аа. кармелітаў Луіз Арастэгві Гамбоа з Рыму, айцы-правінцыялы кармелітанскага ордэна Мар‘ян Станкевіч з Варшавы і Альберт Вах з Кракава, прадстаўнік апостальскага візітатара для грэка-католікаў на Беларусі айцец Андрэй Крот, генеральная настаяцелька ордэна сёстраў-кармелітанкаў ад Дзіцятка Езус сястра Фаустына Гуроўская, правінцыяльныя сёстры-кармелітанкі, рэктары ВДС з Гродна і Пінска ксёндз Юзаф Станеўскі і Ян Саламон, святары і манахі з розных дыяцэзій Беларусі, Літвы і Польшчы, клерыкі, сёстры з розных ордэнаў і манаскіх супольнасцяў, а таксама каля 10 000 вернікаў. Падчас св. Імшы архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў казанне на беларускай, польскай і літоўскай мовах. У сваім выступленні ён згадаў, што менавіта ў гэтым касцёле ў Гудагаі 25 ліпеня 1989 г. урачыста было абвешчана, што Божы Слуга Ян Павел II назначыў яго першым біскупам для католікаў на Беларусі. Ён зазначыў, што каранацыя для нас – гэта пацвярджэнне нашага ўшанавання і любові да Марыі, а таксама напамін аб нашай хрысціянскай самасвядомасці: «Змяняюцца Мінск, Масква, нашы гарады і вёскі, але гэта не ўсё. Трэба, каб змяніўся чалавек, каб ён стаў на новыя «рэйкі» Евангелля, каб ён угрунтаваў сваё жыццё на Божым Праве... З аднаго боку мы бачым росквіт духоўнасці, а з другога – як многа працы трэба прыкласці ў змаганні з сіламі зла, якія прыходзяць у нашае жыццё. Мы бачым, колькі працаў павінен укласці сённяшні чалавек, каб сілы цемнаты не перамаглі нас у гэтай барацьбе. Чалавек пачынае ставіць сябе на месца Бога. Ён сам устанаўлівае маральнае права, якое ў выніку становіцца заўсёды драматычным». У казанні, якое часта перарывалі апладысменты, можна было заўважыць, наколькі словы архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча закраналі сучасныя праблемы нашага грамадства, часта прыкрытыя прыгажосцю вуліцаў і гмахаў нашых гарадоў і вёсак. Пасля гаміліі кардынал Казімір Свёнтак прачытаў малітву і пад гукі фанфараў змясціў кароны над выявай Божай Маці.У час малітвы вернікаў можна было заўважыць многанацыянальны характар нашай дыяцэзіі, пачуць малітвы на польскай, літоўскай і беларускай мовах. Падчас літургіі малітвы святароў і вернікаў супольна зліліся ва ўшанаванні Бога за Яго любоў і за дар Божай Маці ў гісторыі збаўлення і гісторыі кожнага чалавека як заступніцы і абаронцы ў цяжкіх момантах нашага жыцця. Перад благаславеннем айцец Аркадзь Куляха OCD, суарганізатар каранацыйнай урачыстасці, прачытаў «Пасланне апостальскага нунцыя да 13-ай пілігрымкі вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі». Затым у сваёй прамове ксёндз-нунцый архібіскуп Марцін Відовіч звярнуў ўвагу на малітву аб адзінстве Касцёла: «Мы пакліканы да няспыннай малітвы аб адзінстве і абавязаны канкрэтна з ёй супрацоўнічаць. Нас не могуць не датычыць словы і змест малітвы нашага Езуса Хрыста «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). Адзінства Касцёла – гэта заданне, якое штодзённа мы павінны адольваць. Яно паказвае, наколькі вернікі з‘яўляюцца даставернымі вучнямі Хрыста...». Ксёндз-нунцый прывітаў вернікаў на польскай, літоўскай і беларускай мовах. У заключнай прамове кардынал Казімір Свёнтак падзякаваў Богу за магчымасць чарговай каранацыі абразу Божай Маці. Гэта ўжо другая каранацыя ў Гродзенскай дыяцэзіі: перад гэтым быў каранаваны абраз Кангрэгацкай Божай Маці ў 2005 г. у Гродне. Свае прамовы абвясцілі таксама прадстаўнікі дзяржаўных уладаў. Кардынал Казімір Свёнтак закончыў св. Імшу ўрачыстым благаславеннем, а ў 18.00 адбыліся Нешпары да Божай Маці, якія ўвянчалі ўрачыстасці каранацыі абразу Шкаплернай Панны Марыі ў Гудагаі, які праславіўся ласкамі. Аднак напэўна, нічога так не будзе аздабляць скроні Панны Марыі, як нашае сэрца, якое гатова служыць Богу і выконваць Яго Волю, паўтараючы Яе словы: «Няхай стане Воля Твая». |
|||||
|
|||||
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 170 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.