ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Таямніца Вялікадня

З жыцця Касцёла

2003 год. Рэзурэкцыйная працэсія  на плошчы імя С. Баторыя ў Гродне.
Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана
Сённяшні дзень мы называем нядзеляй Змёртвыхпаўстання Пана, таму што падзея адбылася ў нядзелю. Урачыстасць Пасхі Пана называем таксама Вялікаднем, бо гэты цуд Езуса Хрыста адбыўся зранку, на світанні. А паколькі Змёртвыхпаўстанне з’яўляецца найбольшым з цудаў, то дзень гэтай надзвычайнай падзеі слушна называем Вялікім.
Вялікдзень – гэта першая і найбольш даўняя ўрачыстасць у Касцёле. Апосталы адзначалі яе ў той час, калі габрэі святкавалі сваю Пасху, бо цуд Змёртвыхпаўстання адбыўся днём пасля габрэйскай урачыстасці. Ізраільцяне святкавалі Пасху як даніну памяці аб сваім вызваленні з егіпецкай няволі. На гэты час прыпадае таксама смерць Езуса Хрыста і Яго Змёртвыхпаўстанне – таямніца нашага адкуплення, нашага вызвалення з няволі д’ябла і ўвядзення нас у абяцаную зямлю, да дому Нябеснага Айца.
Цуд велікоднай раніцы пераканаў усіх людзей добрай волі. Хрыстус пацвердзіў цалкам сваім Змёртвыхпаўстаннем, што Ён быў сапраўдным Месіем, Божым Сынам. Вось чаму ў іерархіі ўрачыстасцяў Касцёл ставіць Вялікдзень заўжды на першае месца. Гэтая ўрачыстасць з’яўляецца “сонцам” літургічнага году, цэнтрам усіх таямніцаў, звязаных з жыццём і місіяй Хрыста на зямлі.
    У гэты дзень мы вітаемся адзін з адным такімі словамі: “Хрыстус уваскрэс!”, у адказ чуем: “Сапраўды ўваскрэс!” А гэта азначае, што сапраўды Ён паўстаў з памерлых! Гэты адказ сведчыць пра тое, што ўжо з пачатку хрысціянства вернікі ўсведамлялі гэты вялікі цуд і ўсю складанасць яго разумення, а можа нават і веры ў яго існаванне. Таму з вялікай пакорай і ўшанаваннем паспрабуем разам задумацца аб гэтай загадкавай і невытлумачальнай таямніцы Вялікадня.
    Некаторыя лічаць, што ўсё на зямлі – надзейна, а надзейнасць - там, дзе ёсць веды і эксперымент, але гэта – не так на самай справе. Усё, што нас акружае, з’яўляецца таямніцай: і матэрыяльныя рэчы і духоўнае, а ў кожнай таямніцы закладзена пэўная праўда: ці то навуковая, ці псіхалагічная, ці рэлігійная. А па меры пазнання яе паступова ўзрастае нашая вера. Змёртвыхпаўстанне Хрыста – гістарычны факт, які з’яўляецца асновай нашай хрысціянскй веры. Сэнс гэтай таямніцы – захапляльны! А дзе ж знаходзіцца гэтая абвешчаная таямніца? У заўжды актуальнай таямніцы пасхальнай містэрыі.
    Фактычна, ніхто не быў відавочцам падзеі Змёртвыхпаўстання і ні адзін евангеліст не апісвае яго ход. Ніхто не можа сказаць, як яно адбывалася на фізічным узроўні. Яшчэ больш няўлоўна для чалавечага разумення ўнутраная сутнасць пераходу да іншага жыцця. Змёртвыхпаўстанне (хоць гэта – гістарычная падзея), пацверджана знакам пустой магілы і тым, што апосталы сустрэліся з паўсталым з памерлых Хрыстом, застаецца ў цэнтры нашай хрысціянскай веры, выходзіць за межы часу, гісторыі і знаходзіцца па-над імі.
    З эпохі Асветніцтва нашае мышленне кіруецца часта прынцыпамі прыродазнаўчых навукаў. Іншы раз у чалавека з’яўляецца спакуса перажыць Змёртвыхпаўстанне Езуса ў “лабараторных умовах”. Сёння паўстанне з памерлых было б, напэўна, падзеяй, якое знайшло б сваё адлюстраванне ў мас-медыях. Калі б Хрыстус уваскрэс з пачатку трэцяга тысячагоддзя, то Яго магіла была б, напэўна, абкружана групай рэпарцёраў, былі б устаноўлены адпаведныя тэлекамеры для таго, каб наталіць чалавечую цікаўнасць. Але ці тады нам лягчэй было б паверыць у Хрыста? Можна пераканаўча сказаць, што – не. Проста навука занатавала б яшчэ адну з’яву, менш ці больш растлумачаную з прыродазнаўчага боку.
    Змёртвыхпаўстанне Хрыста застаецца таямніцай веры. Той другі вучань, які разам з Пятром прыбыў да магілы свайго Настаўніка “убачыў і паверыў” (Ян 20, 8). Ён знайшоў пустую магілу. Гэта было для яго знакам, што Езус, які быў нядаўна ўкрыжаваны, памёр (і цела якога было пакладзена, менавіта, у гэтую магілу), перамог смерць, уваскрос і, такім чынам, увайшоў у вечную хвалу, быў узвышаны Богам, валадарыць зямлёй і небам як Гаспадар і Уладар усяго свету. Збавенне чалавецтва здзейснілася. Злыя сілы былі пераможаны і з той пары кожны чалавек можа без перашкодаў кантактаваць з Богам. Любоў Езуса да людзей, якая прывяла Яго да таго, што Ён аддаў за нас сваё жыццё, з’яўляецца душой пасхальнай таямніцы. Таму св. Ян гаворыць (замест таго, каб акцэнтаваць увагу на тым, што Хрыстус памёр за нашыя грахі), што Збавіцель памёр з любові: “Узлюбіўшы Сваіх, што былі ў свеце, да канца іх узлюбіў” (Ян 13, 1). І далей: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў” (Ян 15, 13). Зрэшты, аддаць жыццё за чыесьці грахі, а таксама аддаць жыццё з любові – тое ж самае: “Хрыстос узлюбіў нас і выдаў Самога Сябе за нас” (Эф 5, 2) г.зн. за нашыя грахі.
    Таму таямніца пасхальнай містэрыі патрабуе паверыць у тое, што, па-першае, Езус памёр і ўваскрэс; а па-другое, памёр за нашыя грахі і паўстаў з памерлых для таго, каб нас апраўдаць; па-трэцяе, Хрыстус памёр за нашыя грахі, усведамляючы, што памірае за нас з любові. І менавіта ў гэтым – нашая вера! Змёртвыхпаўсталы Езус паўтарае кожнаму з нас тое, што калісьці сказаў Марце: “Я ёсць уваскрэсенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр, жыць будзе; і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вечна. Верыш у гэта?” (Ян 11, 25 – 26). Благаславенны тыя, якія з дапамогай Божай ласкі могуць шчыра адказаць : “Так, Пане! Я веру ў моц і таямніцу Твайго Змёртвыхпаўстання!”
    Давайце ж пажадаем адзін аднаму, каб моцнае святло, якое сыходзіць са Змёртвыхпаўстання Хрыста, асвятліла ў гэтую велікодную раніцу ўсякі змрок нашых сэрцаў, каб заставалася ў нас пасхальная радасць сведкаў Божай любові, якая так неабходна сённяшняму свету.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.