ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Навучанне Яна Паўла II - у сэрцах моладзі

З жыцця Касцёла

Любоў, якая гатова аддаць, нават, жыццё, не загіне”
Ян Павел II
“Мы ведаем, што любоў – несмяротная, але не заўжды гэта дачуваем. Часта мы баімся самаахвярнасці, страціць іншага чалавека. Езус Хрыстус быў укрыжаваны, але яго любоў не загінула. Папа Ян Павел II аддаў сваё жыццё для чалавецтва, але мы не перасталі адчуваць вынікі яго любові. Так і сёння не палохайцеся ісці за любоўю, бо яна ніколі не загіне.”
Павел Раманчук

“Не бойцеся адкрыць “дзверы” Хрысту”
Ян Павел II
“Не бойцеся адкрыць дзверы Хрысту” – калісьці так звярнуўся Ян Павел II да моладзі, якая сабралася на плошчы ў Ватыкане. Але ці сапраўды “дзверы” нашага сэрца адкрыты для Хрыста? Я задумвалася над гэтым. Нават часта практыкуючы вернік хоча аставіць Хрыста ў касцёле і не ўпускаць Яго ў сваё прыватнае жыццё. Чаго мы баімся? Ён жа ёсць тым, Хто палюбіў нас так моцна, што памёр за нас на крыжы. Папа Ян Павел II даверыўся Пану і “дзверы” яго сэрца былі заўжды адкрыты для Хрыста. Таму гэтыя словы былі выказаны з такім перакананнем. Будзьце адважныя ў веры!”
Людміла Чэканава

“Патрабуйце ад сябе, хоць бы іншыя ад вас не патрабавалі”
Ян Павел II
“Патрабаваць чагосьці ад сябе... “Дастаткова таго, што ад мяне патрабуюць бацькі, настаўнікі, на працы. Я ж – ідэал?” – напэўна, гэта перш за ўсё прыходзіць у галаву маладым людзям. Патрабаваць – гэта значыць ставіць планку вышэй, чым ты можам, прымушаць сябе і імкнуцца да чагосьці лепшага; быць добрым; паглыбляць свае веды, прабачаць і прасіць аб прабачэнні; любіць кожнага чалавека, штодзённа перамагаць сваё гультайства і самалюбства. Ян Павел II не стараўся спрасціць Евангелле. Ён ставіў перад моладдзю высокія патрабаванні. Сённяшні свет крычыць маладым людзям пра тое, што трэба быць самім сабой, у нічым сабе не адказваць, ісці за сваімі прыхамацямі. Сёння грэх становіцца нормай паводзінаў. Людзі не ўсведамляюць, што гэта робіць іх не свабоднымі, але заложнікамі граху. Маладым асобам у такім свеце досыць цяжка патрабаваць ад сябе. Аднак калі хоць раз паспрабаваць дасягнуць такой высокай планкі, то чалавек пачынае разумець, што толькі такія адносіны да жыцця і веры дапамогуць дасягнуць галоўную мэту: Неба.”
Iрэна Барсукевіч

“Толькі любоў можа выключыць выкарыстанне чалавекам іншай асобы”
Ян Павел II
“Як часта сёння мы чуем ад іншых, што новыя знаёмствы калісьці будуць прыдатнымі. Але як можна ўжо з самага пачатку міжчалавечыя адносіны ўспрымаць выключна як выкарыстанне кагосьці для сваёй карысці? Менавіта словы Яна Паўла II “Толькі любоў можа выключыць выкарыстанне чалавекам іншай асобы” вельмі дапамагаюць мне паразважаць над сённяшнімі міжчалавечымі адносінамі. Трэба ў кожным чалавеку заўважыць штосьці добрае або проста тое, што кожны з нас з’яўляецца Божым дзіцяткам і ёсць чалавек, які мае свае пачуцці і думкі. Часта ў сваім жыцці мы забываемся пра гэта сярод штодзённых клопатаў. Мы імкнёмся паспець усюды, але часам робім гэта, “ідучы па галовах жывых людзей”.
    Як толькі кожны з нас палюбіць сябе і акружаючых, то ўбачыць, што не ўсе матэрыяльныя рэчы – важныя, што лічыцца толькі жывая асоба і яе пачуцці. Існуюць слабейшыя людзі, якімі лёгка маніпуліраваць, але гэта не праяўленне любові. Бо любоў сама па сабе - чыстая і не мае карысці.”
Ірэна Ус

“Кожнае людское жыццё – святое. Абараняйце святасць жыцця з моманту зачацця аж да натуральнай смерці.”
Ян Павел II
“Катэгорыя сапраўднай любові – блізка катэгорыі жыцця. Бог стварыў чалавека з любові і толькі Ён мае права адабраць жыццё. Калі я вучылася ў школе, то праяўленнем любові для мяне было рабіць дабро для іншых і таму эўтаназію па ўласнаму жаданню вельмі пакутуючага чалавека я лічыла слушнай справай. І нават аборт быў для мяне тым жа праяўленнем любові да бліжняга.
    Я думала б так можа і да сённяшняга дня, калі б выпадкова не пачула словы нашага Папы Яна Паўла II: “Кожнае чалавечае жыццё – святое. Абараняйце святасць жыцця з моманту зачацця аж да натуральнай смерці” на адным з першых сустрэчаў акадэмічнага душпастырства. Я доўга раздумвала над гэтымі словамі, спрачалася сама з сабой, са сваімі поглядамі на смерць і жыццё. Безумоўна, у мяне засталіся яшчэ сумненні ў некаторых выпадках, напрыклад, калі нараджэнне дзіцяці пагражае жыццю і самой маці, і яе дзіцяці – звычайна тады выбіраюць “найменшае зло”. Але ці можна як-небудзь “змераць”, вырашыць: чыя смерць прынясе меншае зло?
    Натуральная смерць... але ці яна – зло для блізкай асобы? Ёсць жа час нараджэння і пара смерці. Толькі Бог ведае адказ: “калі і як”. Я мы, як хрысціяне, павінны проста змагацца за кожнае жыццё, бо яно з’яўляецца падарункам Божай Любові.
Ірэна Ус

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.