ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

19 гадавіна стварэння Гродзенскай дыяцэзіі

З жыцця Касцёла

13 красавіка 1991 г. Святы Айцец Ян Павел II стварыў ва ўсеагульным Касцёле дыяцэзію з біскупскай сталіцай у Гродне. Першым ардынарыем яе быў назначаны біскуп Аляксандр Кашкевіч. Змест булы, дзе было занатавана аб існаванні Гродзенскай дыяцэзіі, даносіць нам тое, што мэтай Святога Айца, які стварыў тэрытарыяльную адзінку Касцёла, як і іншыя - ў СССР, было аднаўленне рэлігійнага жыцця вернікаў каталіцкага Касцёла, якое на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў знішчалася і грэбавалася. У гэтым годзе 13 красавіка прыпадае 19 гадавіна надання годнасці біскупа Аляксандру Кашкевічу і стварэння Гродзенскай дыяцэзіі.
    Пасля ўтварэння дыяцэзіі духавенства і вернікі сталі перад новымі выклікамі: аднаўленне парафіяльных касцёлаў, дэканатаў, біскупскай курыі, Вышэйшай духоўнай семінарыі, дабрачыннай арганізацыі Карытас, біскупскага суда, дыяцэзіяльнага выдавецтва, а таксама іншых арганізацый, якія былі неабходны для нармальнай дзейнасці дыяцэзіі.
    Касцёл у Беларусі быў вельмі знішчаны падчас II Сусветнай вайны і ў гады камунізму. Гродзенская зямля сплыла крывёй мучанікаў. Многія асобы аддалі сваё жыццё, абараняючы веру. “Святыя не праходзяць. Яны жывуць святымі і жадаюць святасці” – гэтыя словы Святога Айца Яна Паўла II, выказаныя ім у чэрвені 1999 г. у Старым Сончы характэрны і для Гродзенскай зямлі, якая благаславенна прысутнасцю, працай і жыццём святых мучанікаў. Падчас II Сусветнай вайны жылі на беларускіх землях сведкі веры, якія аддалі сваё жыццё за Хрыста. У Гродзенскай дыяцэзіі ёсць свае благаславенныя гэтага перыяду: Мар’яна Бярнацкая, с. Марта (Казіміра Валоўская, непакалянка), с. Ева (Багуміла Наішэўская, непакалянка), кс. Генрых Глябовіч. Яны апынуліся ў ліку 108 мучанікаў перыяду II Сусветнай вайны. У чэрвені б.г. мы будзем адзначаць 11 гадавіну вынясення іх на алтары.
    У Касцёле на Гродзеншчыне ёсць свае заступнікі ў небе: сёстры-назарэтанкі з Навагрудка, якія 1 жніўня 1943 г. загінулі мучаніцкай смерцю ад рук гітлераўцаў. 5.03. 2000 г. адбылася беатыфікацыя гэтых сёстраў у Рыме. Яна з’яўляецца для вернікаў нашых земляў прыкладам трываласці ў вернасці Крыжу, Евангеллю і Апостальскай Сталіцы.
Сёння з такога пасеву крыві гродзенскі Касцёл чэрпае сваю духоўную сілу. Нельга забыць пра імёны тых, якія засведчылі сваім жыццём аб веры. Мучанікі ёсць і застануцца маяком хрысціянскага жыцця для Касцёла ў Беларусі, які падымаецца цяпер з духоўных “руінаў”.
    Нас радуе той факт, што ў Гродзенскай дыяцэзіі паўстаюць новыя парафіі, будуюцца новыя касцёлы і капліцы, якіх, на жаль, мала. Чуецца перазвон званоў, што запрашаюць у касцёлы, якія запоўнены вернікамі. Людзі горнуцца да Хрыста. У гродзенскім Касцёле ёсць многа моладзі, якая з’яўляецца будучыняй нашага Касцёла і народу. Маладыя прымаюць актыўны ўдзел у жыцці супольнасці, з ахвотай удзельнічаюць у жыцці дыяцэзіі і ў арганізаваных пешых паломніцтвах, хоць бы ў санктуарыі ў Тракелі, Рось і Капцёўку.
    Пра жывучасць Касцёла на нашых тэрыторыях сведчыць той факт, што тут асаблівым чынам ўшаноўваецца Найсвяцейшая Марыя Панна. У жніўні 2005 г. адбылася каранацыя абраза Кангрэгацкай Божай Маці, праслаўленай ласкамі, Заступніцы г. Гродна. Ян Павел II асвяціў кароны. 5 ліпеня мінулага году ў Гродзенскай дыяцэзіі адбылася аналагічная ўрачыстасць каранацыі абразу Тракельскай Божай Маці. Гэты абраз знаходзіцца ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, куды па традыцыі ў першыя дні ліпеня пілігрымуюць тысяча вернікаў.
    Благаславенныя мучанікі Гродзеншчыны пасадзейнічалі новым манаскім і святарскім пакліканням з нашых тэрыторый. У Гродне функцыянуе Вышэйшая духоўная семінарыя, дзе падрыхтоўваюцца маладыя людзі да святарскай дзейнасці ў нашай дыяцэзіі. У гэтым годзе яна адзначае 20-ую гадавіну свайго стварэння. Ёсць і жаночыя пакліканні да службы ў Касцёле.
    Нягледзячы на гэта патрэбна яшчэ многа часу, каб папоўніць наш Касцёл прызваннямі. Неабходны новыя, шматлікія манаскія і святарскія прызванні, за якія мы молімся ў гэтым годзе Святарства. Яшчэ многія мясцовасці чакаюць свайго святара, які мог бы пасяліцца сярод сваіх парафіянаў і “карміць” іх Божым словам, быць разам з імі, суправаджаць іх на шляху да святасці.
    Гродзенская дыяцэзія паволі сталела. Многае было зроблена, нельга пералічыць усіх дасягненняў і радасці. Але самае важнае тое, што Касцёл у Беларусі – вельмі моцны. Яго ствараюць тысяча людскіх сэрцаў, на якіх ён быў аснованы, а з дапамогай і пры супрацоўніцтве са Святым Духам пастаянна развіваецца. “Парасткі” Касцёла – моладзь прыкладае шмат старанняў, каб “даглядаць” веру сваіх дзядоў і прадзедаў і перадаць яе новым пакаленням.
    Перамены ў рэлігійных структурах, якія адбываюцца на Гродзеншчыне з пачатку 90-ых гадоў, з’яўляюцца адлюстраваннем жывучасці дыяцэзіяльнага Касцёла. Дынамізм развіцця яго, пачатак якога паклаў Божы слуга Ян Павел II, адбудоўваючы адміністрацыйныя структуры, ставіць перад духоўнымі асобамі і вернікамі дыяцэзіі новыя выклікі цераз фарміраванне ўласнай традыцыі, памнажэнне супольнага дабра, чым ёсць дар дыяцэзіяльнага Касцёла.
    Праўда, нам трэба вылечыць шмат духоўных ранаў. І тут – вялікае поле для дзейнасці: многія закрануты хваробай атэізму і пазбаўлены маральных прынцыпаў, вялікае засмучэнне выклікаюць разводы, алкагалізм, сектанцтва. Аднак трэба давяраць Божаму Провіду, які стаіць на варце гродзенскага Касцёла і разумець, што толькі дзякуючы вялікім цярпенням можна дайсці да вялікіх рэчаў. У гэтую радасную гадавіну мы дзякуем Богу за наш лакальны Касцёл. Давайце ж будзем жыць верай, распальвайце ў сабе любоў Хрыста, жывіце ў надзеі і давайце ж рабіць святым наш Касцёл! Маліцеся за нашага біскупа, святароў і за ўсіх вернікаў. Дыякан Юрый Марціновіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.