ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

IV Нядзеля Велікодная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св.Яна
Езус сказаў: “Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. I Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. I ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец - адно”.

Ян 10, 27-30

Эфектыўная апека Добрага Пастыра
    Такія кароткія словы, але якія яны змястоўныя! У іх столькі Божай моцы! Хрыстовы Касцёл, асноўваючыся на іх, ідзе за сваім Настаўнікам на працягу столькіх стагоддзяў! Услухоўваючыся ў іх, ён перажыў такія шматлікія і драматычныя выпрабаванні. “Слуга не большы за гаспадара свайго” (Ян 13, 16). Ужо тады за гэтыя словы габрэі хацелі злавіць і забіць Езуса. Але не надышоў яшчэ адпаведны час. Толькі Езус, будучы Гаспадаром жыцця,мог вырашыць пра свой адыход з гэтага свету - і ніхто іншы. І толькі ён вырашае аб сваёй аўчарні - і ніхто іншы, нават, калі б хто-небудзь меў іншую думку і лічыў, што мае права вырашаць пра лёс Касцёла ці пра паасобных яго членаў. Калі хто-небудзь сумняваўся б, то няхай яшчэ раз уважліва прачытае словы Езуса, якія адносяцца да гэтай праблемы.
    Ключом да зразумення гэтай таямніцы: заставацца ў Хрысце з’яўляюцца Яго словы: “Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго” (Ян 10, 27) не толькі вушамі, але перш за ўсё - сэрцам. З сэрца, з чалавека паходзіць рашэнне пайсці за Езусам.
    Так было з самага пачатку сустрэчы Бога з чалавекам. Творца магутнасцю свайго слова вывеў свой люд з няволі. Ізраільцяне даверыліся Богу, які цераз Майсея аб’яўляў ім сваю волю. Божае слова было не толькі адлюстраваннем моцы Творцы, але і яго любові да выбранага народу. Цяжка знайсці народ, які ішоў па цярністай дарозе пакутаў больш, чым ізраільскі. Як і цяжка знайсці народ больш “цвёрдага карку”. Аднак ніколі Бог не адступіў ад дадзенага Ім слова: заўжды габрэі былі і застануцца ў руках Бога, які іх любіць.
    А калі настолькі эфектыўным было слова ў Старым Запавеце, то наколькі ж больш яно эфектыўнае, калі паходзіць з вуснаў ужо не прарокаў, але самога Божага Сына! Ужо не Майсей звяртаецца да чалавека, але - Езус Хрыстус. Больш таго: Ён прамаўляе да нас не толькі словамі, Яго чыны гавораць таксама: цуды, шматлікія знакі. Да нас звяртаецца Езусовы крыж і пустая магіла. Не можа быць больш эфектыўнага навучання і дару моцы, неабходнай для яго захавання.
    Як бы для пацвярджэння ўсяго гэтага Езус гаворыць пра свайго Айца: пра нашага Айца і Ён запэўнівае пра сваё адзінства з Ім. “Таму калі Бог з намі, то хто ж – супраць нас?” – вырвецца з грудзей Паўла.
    Збавіцель чакае ад нас, каб мы прызналі Яго як нашага Пастыра, былі паслухмяныя Яго слову і вырашылі пайсці за пачутым голасам. Што можа нас пераканаць, што Езус давядзе свае планы да шчаслівага заканчэння ў дачыненні да нас? Апрача эфектыўнасці Яго слова ёсць яшчэ другі аргумент: Ён ведае нас лепш, чым мы – Яго: “Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх” (Ян 10, 27). Ён будзе ведаць, як да нас звяртацца, каб канчаткова пераканаць нас у сваёй праваце. І не толькі гэта: Езус - Добры Пастыр гатовы шукаць кожнага, хто згубіцца па дарозе.


Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.