ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Прырода і сутнасць сям’і ў сучасным свеце

Семінарыйная газета

Божа, ад якога паходзіць усякае бацькоўства на небе і на зямлі. Ойча, які ёсць Любоў і Жыццё! Здзейсні так, каб кожная чалавечая сям’я на зямлі станавілася сапраўднай святыняй жыцця і любові для ўсё новых пакаленняў з дапамогай Твайго Сына, Езуса Хрыста.Няхай Твая ласка накіроўвае думкі і ўчынкі сужэнцаў да дабра іх уласных сем’яў і ўсіх сем’яў на свеце. Учыні, каб маладое пакаленне знаходзіла ў сем’ях моцную апору для сваёй чалавечнасці і яе развіцця ў праўдзе і любові. Здзейні, каб любоў, узмоцненая ласкай сакрамэнту Сужэнства, аказалася мацнейшай, чым усе слабасці і крызісы, цераз якія не раз праходзяць нашыя сем’і. Амэн.
Ян Павел II
Аднойчы мне задалі такое пытанне: “Як ксёндз ці клерык можа штосьці парадзіць ці дапамагчы сям’і, калі ў яго няма яе?” Я падумаў: “Праўда, што я, клерык, магу сказаць аб сям’і?” Але адразу ж адкінуў гэтую думку і адказаў: “Але ж я правёў у сям’і дзіцячыя і юнацкія гады. Я выйшаў з сям’і, каб рэалізаваць сваё жыццёвае прызванне ў сям’і Божага люду”. З-за гэтага пытання, а таксама з-за апошняга нашага паломніцтва ў Чанстахову на начное чуванне шэнштацкага руху, які ахоплівае выхаванне сем’яў, я хацеў бы падзяліцца з чытачамі сваім роздумам пра сям’ю.
Сярод мноства жыццёвых шляхоў сям’я – гэта першы чалавечы шлях жыцця і самы важны па многіх прычынах. На жаль, у апошні час, менавіта, сям’я з’яўляецца той ячэйкай грамадства, у якую найбольш удараюць сучасныя крызісы, бо людзі забыліся пра тое, чым ёсць сям’я па сваёй сутнасці, што яе характарызуе, якія існуюць у яе заданні.
    Перш за ўсё трэба прыгадаць, што сям’я – гэта не чалавечае “тварэнне”, яна была ўстаноўлена Богам і з’яўляецца дарам любові. Усведамленне гэтай асноўнай праўды праяўляецца ў пазітыўных аспектах: у пачуцці асабістай свабоды, у якасці міжчалавечых адносінаў, у адказным бацькоўстве, у выхаванні дзяцей. Грэбаванне гэтай праўдай вядзе да трагічных наступстваў: неразбярыха ў разуменні аўтарытэту бацькоў і дзяцей, узрастаючая колькасць разводаў, перарыванне цяжарнасці, прыняцце раўнацэннасці сакрамэнтальных сужэнстваў і свабодных саюзаў, ураўнанне гомасексуальных саюзаў з сям’ёй. Таму сёння абавязак вернікаў – сведчыць пра тое, чым жа ёсць сям’я і які намер ў адносінаў да яе ёсць у Бога. Але на якім шляху трэба ствараць гэтае сведчанне аб сапраўднай хрысціянскай сям’і?
    Перш за ўсё патрэбна дайсці да “першароднай любові”: характару сям’і, які сыходзіць з сужэнскай прысягі:
    - сакрамэнтальнасць: сям’я ідзе да Нябеснага Валадарства і прымае ўдзел у справе збавення ў супольнасці Касцёла, дзе ўзрастае, жыве, развіваецца;
    - неразрыўнасць: сям’я – гэта аб’яднанне асобаў, што патрабуе вернасці і адзінства ў радасцях і ў смутках. У Кнізе Быцця (2, 24) Бог сказаў: “Таму мужчына ...з’ядноўваецца са сваёй жонкай так сцісла, што становяцца адным целам”;
    - жыць разам аж да смерці: жыццё адзін з адным у сужэнскім саюзе не з’яўляецца чымсьці абы-чым. Трэба ўсведамляць і не забываць пра тое, што сужэнскі саюз прадаўжаецца да канца жыцця, а не да першай жыццёвай перашкоды;
    - прыняцце, нараджэнне і выхаванне дзяцей, якія з’яўляюцца самым каштоўным дарам сужэнства, плёнам іхняй любові, адлюстраваннем дару з самога сябе, Божым благаславеннем.
    Пасля згаданай сужэнскай клятвы і заключэння шлюбу, дзе маладажоны прызнаюцца і абяцаюць перад абліччам Бога і Касцёла, што свядома і дабравольна заключаюць сужэнскі саюз, трэба ўспомніць пра заданні сям’і, а не толькі пра яе правы.
    Сям’я стварае супольнасць асобаў, асновай якой з’яўляецца чалавечая любоў: поўная, верная, выключная, чыстая, сталая. Усе члены сям’і павінны быць адказны і ахвярна штодзённа ствараць школу любові.
    Сям’я павінна служыць жыццю. Перадача жыцця цераз нараджэнне патомства з’яўляецца ўдзелам у стваральнай Божай моцы. Гэтае нараджэнне можа быць не толькі фізічным, але і духоўным (усынаўленне, дапамога сіротам, хворым дзецям). Гэтая служба выражаецца таксама ў выхаванні дзяцей да адказнай свабоды, да сапраўднай справядлівасці, да чыстай любові, да жыцця ў грамадстве, у рэлігійнасці і павазе да кожнай асобы, да высакароднасці і добрасумленнасці.
    Сям’я ўдзельнічае ў развіцці грамадства цераз сапраўдную сувязь асобаў, удзел у дабрачынных справах на карысць тых, каму патрэбна дапамога; цераз гасціннасць і адкрытасць сэрца для іншых; цераз выкананне правоў, якія дала ёй дзяржава.
    Сям’я ўдзельнічае ў жыцці Касцёла як супольнасць вернікаў, што абвяшчае Евангелле прыкладам свайго жыцця; як супольнасць, якая вядзе дыялог з Богам цераз сакрамэнты, супольную малітву.
    Па сваёй прыродзе і сутнасці сям’я павінна быць глыбокай і жывой супольнасцю жыцця і любові, якая асноўвае сваё існаванне на Богу, які ёсць Любоў.
    У вышэй прыведзеных разважаннях былі закрануты толькі некаторыя праблемы, звязаныя з сям’ёй, што грунтуюцца на навуцы Касцёла. Напэўна, быць традыцыйнай хрысціянскай сям’ёй, якая прытрымліваецца згаданых прынцыпаў, нялёгка ў сучасным свеце і гэта патрабуе неверагоднага высілку, самаахвяравання і штодзённай працы з боку кожнага члена сям’і. Аднак верце, што дзякуючы ласцы і звышнатуральнай Божай дапамозе, супольнаму і жывому “догляду” сямейнай духоўнасці такія сем’і будуць даваць шчодры плён.
    І таму так важна малітва сям’і, малітва за сем’і і малітва з сем’ямі. Мы молімся ў семінарыі за сем’і, каб яны станавіліся сапраўднай святыняй жыцця для новых пакаленняў, каб любоў аказалася мацнейшай, чым усе слабасці і крызісы, якія турбуюць нашыя сем’і. Няхай жа Бог накіроўвае нашыя думкі і паводзіны членаў сем’яў, каб сярод людзей усеагульны Касцёл мог плённа выканаць свае місію і заданні ў сем’ях і цераз сем’і.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.