ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

VІІ Нядзеля Велікодная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св.Яна
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: “Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. I славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
    Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.
    Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх”.

Ян 17, 20-26

Плён Хрыстовай малітвы
Чалавек, які моліцца, абуджае павагу: вось хтосьці звяртаецца думкай да Бога, размаўляе са сваім Творцам. Асоба, якая кленчыць, схіляе да засяроджання, заахвочвае да суцішанасці, напоўненай думкамі пра істотныя, самыя важныя рэчы. Малітва адкрывае ў чалавеку яго годнасць, робіць яго высакародным, дае яму найвышэйшую годнасць Божага дзіцяці.
    Езус Хрыстус – Божы Сын, прыняўшы людскую постаць, таксама многа маліўся. Яго малітва прыцягвала вучняў. Скрупулёзна евангелісты занатавалі, што не раз пасля таго, як Настаўнік навучаў натоўпы людзей цэлы дзень, вылечваў хворых, на змярканні Ён адпраўляўся ў адасобленае месца, каб цэлую ноч маліцца. Гэтае жаданне асабістага кантакту з Айцом павінна было крануць апосталаў. “Навучы нас маліцца” – прасілі вучні ў Езуса.Тады ўпершыню ў адказ на сваё пытанне яны пачулі словы, з якімі штодзённа кожны хрысціянін звяртаецца да Бога: “Ойча наш, які ёсць у небе”. Існуе яшчэ адна малітва, якой мы не ведаем, магчыма, на памяць, але пра якую мы павінны заўжды памятаць. Гэтая малітва, якую называюць архісвятарскай малітвай Езуса, выказана ў вячэрніку ў Вялікі чацвер, перад канчатковым развітаннем з апосталамі перад мукай і смерцю. Езус маліўся за апосталаў, а потым – за ўсіх, хто, дзякуючы іх слову, будзе верыць у Яго: маліўся за нас! Што было зместам Хрыстовай малітвы? Каб мы былі адзінымі паміж сабой і былі аб’яднаны з хвалой Айца ў небе. Цяжка ўявіць сабе плён гэтай просьбы да Бога. Бо і далей мы шукаем адзінства паміж хрысціянамі ў тленным вымярэнні. І няспынна яго не відаць. Тым больш таямнічым з’яўляецца гэтае адзінства, якое выплывае з хвалы самога Бога! Але калі сам Езус прасіў аб гэтым падчас таго, як выконваў Божую волю: “І Я з’явіў ім імя Тваё” (Ян 17, 26), то цяжка ўявіць сабе, каб Айцец у небе застаўся абыякавым да Яго просьбы! Таму мы ахоплены малітвай Хрыста з яе дасканалай эфектыўнасцю. Адзінства вучняў Хрыста з’яўляецца нашым прызначэннем, Божая хвала – дарам, які вымаліў Езус, а Божая любоў – сілай, якая дзейнічае ў нас і здольна перамяніць наш свет.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.