ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Праўды жыцця

З жыцця Касцёла

Мы не ў стане зразумець Божую волю, не можам зразумець веліч, мудрасць і магутнасць Творцы. Мы можам толькі паверыць. Нашыя вера і надзея былі ўмацаваны ў хвіліны Унебаўшэсця Божага Сына, таму што мы бачым нашае будучае. Бог – усемагутны і вечны. Усё, што ёсць у нас і што ствараем, паходзіць ад Яго. Бог стварыў нас, Ён нас і асудзіць. Мы – шчаслівыя, таму што атрымалі свабодную волю, дары Святога Духа, Божыя запаведзі, ласкі і таленты. Таму мы хочам перажыць цудоўнае зямное жыццё, радуючы Бога сваёй верай, надзеяй і любоўю. Давайце будзем радавацца, таму што ахвяра Хрыста дала нам магчымасць збавіцца.
Такія – асноўныя праўды нашага жыцця. Ці мы памятаем пра гэта? Людзі баяцца смерці. Але тое, што нарадзілася, павінна памерці. Такому прынцыпу быў падпарадкаваны нават Езус, бо Ён быў чалавекам. Але дзякуючы сваёй смерці Хрыстус даў магчымасць выратаваць справядлівых. Збавіцель сышоў у Атхлань і выратаваў душы ўсіх святых памерлых, якія чакалі Яго прыходу. Таму мы можам спадзявацца на збавенне, але пры ўмове пабожнага і справядлівага жыцця. Часта мы не давяраем Богу па тых ці іншых прычынах. Грэбуем штодзённай малітвай, св. Імшой, не памятаем пра любоў да бліжняга. Але калі лёс адкідвае нас на бок, то праклінаем і абвінавачваем Бога, які стварыў такі “несправядлівы” свет. Але і тады мы не памятаем пра Любоў Божага Сына да людзей, пра Апошні Суд, які зробіць парадак ва ўсім і назаўжды.
Мінула 1980 гадоў з часу Змёртвыхпаўстання і Унебаўшэсця Езуса Хрыста, Божага Сына. Для Бога – гэта хвіліна, а для людзей прайшло некалькі эпохаў або палавіна вядомай гісторыі свету. Нашыя веды – узрастаюць, тэхніка і навука аблягчаюць нашае жыццё, але да гэтых пор штогод мільёны людзей паміраюць з голаду, з-за беднасці, эпідэмій. Калі спажывецкае грамадства імкнецца да таго, каб мець рознага роду матэрыяльныя даброты, вышэй згаданыя вартасці – забываюцца. Але за ўсё мы адкажам перад Творцам.
    З хвіліны Унебаўшэсця Хрыста пачынаецца гісторыя Касцёла на зямлі. Езус Хрыстус астаўляе зямлю, але не пакідае свайго люду, застаецца з намі. Спачатку на апосталаў сышоў Святы Дух, а сёння дзякуючы святым сакрамэнтам і падчас св. Імшы кожны чалавек можа прымірыцца з Богам, падзяліцца сваёй радасцю з блізкім чалавекам. Пасля Унебаўшэсця Бог стаў даступны для ўсіх, трэба толькі верыць у Яго. Мы не павінны тужыць з-за таго, што Божы Сын не ходзіць па зямлі як чалавек. Мы павінны ганарыцца, што Ён быў чалавекам, а пасля Унебаўшэсця сядзіць праваруч Бога і валадарыць усім светам. Езус Хрыстус злучыўся ў Небе з Богам-Айцом і Святым Духам. Так Бог стаў адзіны ў Святой Тройцы.
    У кожнага чалавека ёсць свая мэта ў жыцці. А калі яе няма, то чалавек разгубліваецца і “плыве па цячэнню” жыцця. Ужо ў дзяцінстве мы пачынаем акрэсліваць гэтую жыццёвую мэту. Нашыя бацькі і настаўнікі паказваюць нам свет, расказваюць пра нашыя правы і абавязкі. Пазней кожны з нас карыстаецца гэтым і вопытам іншых людзей пры пастаноўцы сваёй мэты. А для кожнага жыццёвая мэта розная: хтосьці хоча пабудаваць дом, нарадзіць і выхаваць дзіця, перамагчы ўсіх ворагаў, зарабіць грошы, стаць вядомым у свеце і г.д. Нашыя выхаванне і вопыт моцна ўплываюць на гэтыя мэты. А калі нам ніхто не раскажа пра Бога, пра Яго ролю ў паўстанні жыцця на Зямлі? А калі мы не даведаемся пра Божага Сына і пра Яго вялікую ахвяру? Тады нам цяжэй будзе знайсці шлях да збавення.
    Кожны з нас не можа быць спакойны нават тады, калі сумленна выконвае законы, устаноўленыя чалавекам. Важны абавязак бацькоў – навучыць сваіх дзецей Божым запаведзям і растлумачыць ім пра вынікі таго, калі людская істота не выконвае Божае права. Дзіця можа ніколі не дайсці да Бога без пазітыўнага прыкладу бацькоў – і гэта будзе віна і грэх бацькоў.
    Мы самі ў стане намеціць свае жыццёвыя мэты, але найважнейшую мэту дапаможа вызначыць Бог. А такая мэта, напэўна, не ёсць спажывецкія даброты ці збіранне ўсякага роду багацця. Кожны з людзей акрэсліць з лёгкасцю гэтую мэту правільна, калі будзе памятаць пра ўсё, што зрабіў для нас Бог. “А хто выконвае Яго словы, у тым сапраўды любоў Бога ажыццявілася” (1 Ян 2, 5). “Бо кожны, хто з Бога нарадзіўся, перамагае свет... А хто перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сын Божы!” (1 Ян 5, 4 – 5).
    Мы бачым шмат прыкладаў розных паводзінаў людзей, чытаючы радкі Святога Пісання. Давайце прыслухаемся да адной з прытчаў Божага Сына. Адзін заможны чалавек сабраў шчодры ўраджай на полі. Ён вырашыў разбурыць старыя свірны і пабудаваць большыя і туды засыпаць усё збожжа. Ён хацеў карыстацца гэтымі дабротамі на працягу доўгіх гадоў і адпачываць. Але Бог сказаў яму: “Дурню! У гэтую ноч запатрабуюць ад цябе душы тваёй, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе? “ (Лк 12, 20). Так адбываецца з кожным, хто збірае скарбы для сябе, а не з’яўляецца багатым перад Богам.
    Гэтая прытча напамінае нам пра тленнасць нашага зямнога жыцця і пра тое, чым кожны з нас павінен кіравацца ў ім. Памятайце, што дзякуючы місіі Божага Сына на Зямлі, кожны з нас атрымаў ўказанні для шляху збавення. Час праходзіць, жыццё кожнага чалавека з кожнай хвілінай няўмольна пасоўваецца да старасці. Зрабіце рахунак сумлення: для чаго я жыву на гэтай зямлі, ці мае справы мілыя Богу? Выпраўце свае жыццёвыя мэты паводле прыкладу Езуса ці святых.
    Місія Езуса Хрыста з’яўляецца самым прыгажэйшым прыкладам добра абранай мэты. Езус прайшоў цярністую дарогу: нарадзіўся ў стайні, з маленства спазнаў лёс выгнанніка, Яго спакушаў д’ябал у пустыні, на Яго паклёпнічалі фарысеі, Ён зазнаў здраду, быў асуджаны на смерць за людскія грахі, памёр на крыжы, хоць і не быў павінны. І Ён зрабіў усё, каб выканаць Божую волю. Так і мы павінны шчыра і свядома выконваць яе ў сваім жыцці. Унабаўшэсце Езуса Хрыста з’яўляецца для нас сімвалам велічы Бога, які нас любіць, і довадам Яго боскай прыроды.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.