ГРОДНА
Аўторак,
12 лістапада
2024 года
 

Незабудка

Дзіцячы куточак

Прапаную Вам апавяданне пра маленькую блакітную кветачку з залацістым сэрцайкам у сярэдзіне. Гэтую кветачку называюць незабудкай.
    Калі я была зусім маленькая, то мая бабуля брала мяне з сабою на сенажаць. Бабуля працавала, а я гуляла каля вялікай канавы, якая засталася пасля асушэння тутэйшай некалі забалочанай зямлі. Па краях гэтай канавы расло мноства самых буйных і прыгожых незабудак. Я не магла нагледзецца на іх і не магла нарадавацца. Мне здавалася, што незабудкі глядзяць на мяне сваімі блакітнымі вочкамі і кажуць: “Не забудзься пра мяне!” “А можа гэтыя кветачкі гавораць на невядомай нам мове?” – пыталася я ў бабулі.
    Мая бабуля – незвычайна добрая, сардэчная і глыбока веруючая хрысціянка. Яна любіла чытаць Святое Пісанне і ведала шмат займальных прытчаў. Аднойчы, калі я задала ёй пытанне: “Ці не гавораць пра штосьці незабудкі?” - яна адказала мне так: “Ведаеш, набожныя людзі распавядаюць, што аднойчы кветкі гаварылі, і лепей за ўсіх прамовіла твая любімая блакітная кветачка”. “Раскажы мне, бабуля, што гэта за слова такое - “незабудка?” – спытала я. “Добра,унучанька, – адказала бабуля, якая вельмі любіла мяне, — слухай і не сваволь, пакуль я буду расказваць”.
Я ахвотна ўселася каля бабулі на мяккай траве, каля канавы і не адрываючы вачэй ад незабудак, якія раслі навокал нас, слухала наступную прыпавесць.
    “Гэта было даўным-даўно, калі Бог, стварыўшы свет, адпачываў пасля сваёй працы. Ён паставіў перад Сабою ўсе расліны і кожнаму дрэву, кветцы, траўцы надаваў назву і гаварыў, для чаго гэтае стварэнне прызначана. Толькі адна кветачка стаяла моўчкі ў вялікім замілаванні, узіраючыся на Вялікага Творцу сваімі блакітнымі вочкамі. Яна, адкрыўшы сваё залатое сэрцайка, у захапленні пра ўсё забылася, акрамя Творцы, і не змагла нічога ўспомніць. Блакітная кветачка, апусціўшы да зямлі свае кветкі і бутончыкі, залілася чырванню ад сораму і прашаптала: “Пане, прабач мяне, я не магла адарваць ад Цябе майго позірку і забылася пра сябе. Калі Ты паўторыш маю назву, я ніколі яе не забудуся”. Творца неба і зямлі, зірнуўшы з любоўю на гэтую кветку, прамовіў: “Віны няма ў тым, што ты забылася пра сябе. Пра Мяне толькі не забудзь!”
    “Кветачка так і засталася ў благаславёным стане чароўнага захаплення. З тых пор яна падабаецца ўсім і кожнаму, вось як - і табе” — сказала бабуля. Бог узнагародзіў мізэрную кветачку за любоў да Яго цудоўным імем Незабудка.
    Укладзі і ты ў сваё дзіцячае сэрца запавет Бога, дадзены незабудцы: “Пра Мяне ты толькі не забудзь!”

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  50

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.