ГРОДНА
Аўторак,
10 снежня
2024 года
 

Год Святарства

З жыцця Касцёла

Фотарэпартаж
29 мая - пасвячэнні дыяканату і прэзбітэрату ў катэдральнай базыліцы ў Гродне
О Езу, Боскі Пастыр, які прызваў апосталаў, каб зрабіць іх лаўцамі душаў, прыцягні да Сябе гарачыя, высакародныя розумы маладых і зрабі іх сваімі паслядоўнікамі і слугамі. Здзейсні, каб таксама яны падзялялі Тваё жаданне ўсеагульнага збавення, для якога аднаўляеш сваю Ахвяру на алтарах. Ты, о Божа, які заўжды жывеш, каб заступацца за нас, адкрый перад імі гарызонты, каб заўважылі свет, у якім узносіцца нямая просьба многіх братоў аб святле праўды і аб цяпле любові. Каб яны, адказваючы на Твой заклік, прадаўжалі тут на зямлі Тваю місію, “стваралі” Тваё Містычнае Цела – Касцёл і былі соллю і светам Зямлі.
    Пашыр, о Божа, Твой заклік любові на многія жаночыя чыстыя і высакародныя сэрцы і ўлі ў іх жаданне евангелічнай дасканаласці, аддацца служыць Касцёлу і братам, якія патрабуюць дапамогі і любові. Амэн.
    Малітва Святога Айца Паўла VI за святарскія і манаскія прызванні


Асвяці нас у праўдзе
Для Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перыяд перад канікуламі з’яўляецца асаблівым часам на працягу ўсяго навучальнага году. Прычынай такіх выключных хвілінаў з’яўляюцца дыяканскія і прэзбітэрскія пасвячэнні. Менавіта такая ўрачыстасць адбылася ў Гродзенскай дыяцэзіі 29 мая б.г., калі ў катэдральнай базыліцы ў Гродне было асвечана 5 новых святароў і адзін дыякан. З гэтай пары прэзбітэры будуць выконваць трайную місію: святарскую, настаўніцкую і пастырскую. Лацінскае слова pontifex вельмі добра ілюструе святарскую паслугу. Даслоўна перакладаецца гэтае лацінскае слова як архісвятар, але азначае таго, хто будуе масты; таго, хто пасля атрыманых пасвячэнняў павінен быць пасрэднікам паміж Богам і людзьмі, прыносіць Богу ахвяры, заносячы да Яго малітвы, і прадстаўляць Творцу на зямлі перад вернікамі.
Асабліва год Святарства заахвочвае нас паразважаць пра тое, якіх сёння святароў патрабуюць вернікі. Я спытала пра гэта ў многіх людзей. Сярод адказаў было адно вельмі важнае: кожны вернік хоча “святых святароў”. Усе мы грашым, баімся, што грэх нас пераможа. Таму паводле нашага меркавання ксяндзы павінны быць асабліва ўражлівыя, пільныя і апякунскія для кожнага чалавека, які сумняваецца ў чым-небудзь ці разгубіўся ў жыцці.
    З дзяцінства нас вучылі павагі да духоўных асобаў, растлумачваючы гэта тым, што калі яны былі прызваны і выбраны Хрыстом, калі праявілася іхняя выключнасць, то гэта значыць, што павінен быць у іх бачны бляск евангелічнага хараства, любові да чалавека, узнёсласць, вернасць Божаму слову. Духоўныя асобы належаць да той грамадскай групы, ад якой патрабуецца вернасць у абвяшчэнні праўдаў веры, каб яны прытрымліваліся нормаў маралі, былі добрасумленнымі, гаварылі праўду, былі справядлівымі і адкрытымі на патрэбы вернікаў. Тут можна прывесці выказванне св. Яна Марыі Віянэя: “Добры пастыр, пастыр паводле Божага сэрца – гэта найбольшы скарб, які Бог можа даць парафіі і адзін з самых каштоўных дароў Божай Міласэрнасці”. З цягам часу мы падыходзім да святароў больш патрабавальна. Больш крытычна мы ацэньваем нашага пробашча ці іншых святароў, з якімі сутыкаемся часта. Мы пачынаем успрымаць іх як звыклых людзей з рознымі характарамі і здольнасцямі. І тут хаваецца адно з найбольшых выклікаў нашага часу ў адносінах да святароў: сёння вернікі чакаюць ад іх не толькі стараннага абвяшчэння Божага слова, але каб ксяндзы былі адкрыты на іхнія жыццёвыя праблемы; больш, чым калі-небудзь яны патрабуюць, каб святар быў чалавекам радасці і надзеі.Тыя людзі, якія часам ужо не змогуць зразумець, што Бог – гэта чыстая Любоў, патрабуюць, каб святар быў пацвярджэннем таго, што жыццё варта таго, каб яго пражыць і што Хрыстус надае яму ўвесь сэнс, таму што любіць усіх людзей без выключэння.
    Ці можна падзяліць святароў на добрых і злых? Кожны вернік укладвае ў выражэнне “добры ксёндз” сваё значэнне, адрознае ад іншых. Адно меркаванне супадае ва ўсіх вернікаў: зло адбываецца тады, калі ксёндз пачынае лічыць, што толькі ён належыць да асяроддзя справядлівых і выключных людзей, становіцца ганарлівым, пачынае грашыць пыхай і тым самым аддаляецца ад вернікаў і ад Бога. Асабліва для маладых ксяндзоў важным момантам застаецца абвяшчэнне казання і гаміліі, іншы раз вернікі акрэсліваюць іх як трактаты, пасля прачытання якіх вернікі гавораць так: “Казанне ксяндза было незразумелым і заблытаным”. Сучаснай моладзі неабходны харызматычныя ксяндзы, дзякуючы якім яны не толькі знаходзяць кантакт з Богам, але ўмацоўваюць сваю веру і могуць прадаўжаць і далей верыць у Бога. Такіх святароў ёсць многа на Гродзеншчыне і гэта дзякуючы ім дзеці і маладыя людзі аб’ядноўваюцца, дзякуючы сваёй веры і ўмацоўваюць яе, удзельнічаючы ў дыяцэзіяльных і сусветных днях Моладзі,у парафіядах.
    Мы ўдзячны святарам за сакрамэнтальную паслугу, асабліва за тую, якую яны выконваюць у канфесіяналах, за веру, за падтрыманне ў нас ахвоты жыць з Богам і за прысвечаны нам час. Многія ксяндзы адданы цалкам справам Бога і людзей, многія - адкрыты, захоплены супрацоўніцтвам са свецкімі. Многіх з іх можна назваць “Божымі энтузіястамі”. Ці святар павінен выйсці па-за межы святыні? Так. Гэта – неабходнасць нашага часу. Чаму? На думку Бэнэдыкта XVI у сучасных святароў ёсць заданне: садзейнічаць святасці вернікаў у праўдзе ўсюды і заўжды.
    Нашыя касцёлы і далей – поўныя, у семінарыі і манаскія супольнасці і далей звяртаюцца маладыя асобы, людзі прымаюць сакрамэнты, шукаюць духоўнай апекі, будучы ў шпіталях, у драматычных сітуацыях залежнасцяў ад дрэнных звычкаў, адкрываючы перад ксяндзамі цёмныя бакі свайго жыцця, сваю надзею і роспач. Сустрэча, размова з ксяндзом могуць вызначыць якасць жыцця і досвед праўды, але перад гэтым павінна адбыцца сустрэча з Богам - гэта датычыць усяго Касцёла: як свецкіх , так і святароў. Праўда такая, што будучыя духоўныя асобы будуць такія, з якіх сем’яў яны паходзяць, якая - нашая малітва за іх, але і такія, які існуе прыклад іншых ксяндзоў... І яшчэ вернікі хочуць, каб святары знаходзілі ў выкананні сваёй паслугі асабістае шчасце. Нічога так не прыцягвае іншых да Бога, як кантакт са шчаслівым і шчырым ксяндзом. Ніхто з вернікаў, напэўна, не хацеў бы, каб святары былі даступны для ўсіх на працягу 24 гадзінаў у суткі і каб яны былі лагодныя, як баранчыкі. Ксяндзы маюць права на хвіліны адпачынку, маюць права напомніць і прыструніць, калі бачаць, што вернік сыходзіць з правільнага шляху. Але яны павінны рабіць гэта спакойна і разважліва, як вопытныя настаўнікі. Тым самым яны паказваюць сваю мудрасць, як пасрэднікі паміж зямлёй і небам, як паслядоўнікі Езуса Хрыста.
    Сёння нялёгка будаваць Касцёл. Быць звыклым і адначасова нязвыклым ксяндзом становіцца выклікам сучаснасці. Ужо шмат гадоў назад Ян Павел II перасцерагаў, звяртаючыся да святароў: “Касцёл перамагчы лягчэй за ўсё цераз святароў. Калі не будзе гэтага ладу жыцця, гэтай службы, гэтага сведчання жыццём, то лягчэй за ўсё скарыць Касцёл цераз святароў”.Святарства свеціць паўнатой свайго бляску, калі ксёндз адкрывае верніку шлях да Бога. Прызванні бяруцца з дыялогу, пачатак чаму паклаў Творца, гаворачы так: “Пайдзі за мной”. Жыццё ксяндза з’яўляецца няспынным дыялогам з Богам, які пасылае яго кантактаваць з чалавекам. Можна з упэўненасцю сказаць, што размова з Богам, дзякуючы пасрэдніцтву ксяндза, з’яўляецца крыніцай веры для кожнага хрысціяніна. Сучасны дыялог як з вернікамі, так і з няверуючымі патрабуе дару з сябе. Ён будзе магчымы тады, калі мы ўявім сябе гэты дар, чым ёсць для святара Бог у Езусе Хрысце.
    Заўжды ксёндз з’яўляецца тварцом. Ён, вяртаючы ў канфесіянале адзінства паміж Богам і чалавекам, стварае новую рэчаіснасць ласкі ў душы верніка. Выказваючы наступныя словы: “Бярыце і ешце...”, “Бярыце і піце...” ён стварае адзінства духу і матэрыі. Святарства - заўжды дар. Ксёндз – сведка і крыніца хрысціянскіх каштоўнасцяў. Ён быў, ёсць і застанецца звяном сувязі кожнага верніка з Богам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  22

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.