ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Каб не шкадаваць пасля

З жыцця Касцёла

Рэктар ксёндз  Юзаф СтанеўскіЦяпер у семінарыі працягваюцца канікулы. Клерыкі паехалі дамоў, а таксама выехалі, каб прайсці душпастырскую практыку. Нягледзячы на канікулы ў семінарыйным гмаху я сустрэўся з ксяндзом-рэктарам Юзафам Станеўскім. У сувязі з тым, што закончыўся год Святарства і перад пачаткам чарговага году навучання ў ВДС у Гродне я задаў некалькі пытанняў ксяндзу-рэктару.
Ксёндз Юзаф, скажыце, калі ласка, колькі гадоў Вы выконваеце абавязкі рэктара ў нашай семінарыі?
    З 23 чэрвеня 2010 г. пойдзе ўжо шосты год.
    Ці алюмн, які ідзе вучыцца на першы курс семінарыі, такі ж самы, што і 10 гадоў назад? Якія яны, сённяшнія клерыкі?
    Сёння – іншы свет. Але сутнасць Хрыстовага закліку: «Пайдзі за Мной!» не змянілася, як і адказ маладога чалавека: «Вось – я, Пане. Пашлі мяне». Таму гэта ёсць рашучая згода маладога чалавека прыняць Хрыстовы заклік, поўная веры і любові да Хрыста і Касцёла – такія сённяшнія клерыкі.
    Што трэба зрабіць і якія існуюць патрабаванні, каб стаць алюмнам першага году навучання?
    Трэба быць практыкуючым католікам, любіць малітву, жадаць служыць Богу і людзям. Неабходна напісаць заяву і здаць экзамены. У нашай семінарыі з благаславення біскупа Аляксандра кожны год праводзяцца рэкалекцыі для маладых хлопцаў, каб дапамагчы ім распазнаць сваё жыццёвае пакліканне.
   Калі праводзяцца ўступныя экзамены?
    Духоўная семінарыя мае статут вышэйшай навучальнай установы і таму мы падыходзім да гэтай справы сур’ёзна. У гэтым годзе ўступны экзамен прадбачаны 19 ліпеня.
Колькі гадоў працягваецца навучанне ў семінарыі і як праходзіць звычайны дзень алюмна ў ёй?
    Звыкла гавораць, што вучыцца ніколі не позна, трэба дадаць: трэба ніколі не пераставаць вучыцца. Навучанне ў семінарыі працягваецца 6 гадоў з перапынкам для гадавой літургічна-душпастырскай практыкі. Малітва і навучанне, адпачынак і радасць жыцця суправаджаюць клерыкаў штодзённа.
   Колькі ў гэтым годзе плануецца набраць навучэнцаў на першы курс?
    Так як і заўжды: мы плануем, а Бог прызывае. Мы молімся за тое, каб у гэтым годзе Божы заклік пачула і распазнала, дала адважны адказ: «Вось – я. Пашлі мяне!» як найбольшая колькасць чалавек. Мы можам прыняць на першы курс нават 30 асобаў.
    Ці сёння на нашых тэрыторыях можна назіраць крызіс пакліканняў? Ці ксёндз-рэктар непакоіцца аб тым, што нашая семінарыя можа пуставаць?
   У нас няма крызісу прызванняў. Для нашых тэрыторый прызванне да святарства, можна сказаць, з’яўляецца чымсьці новым. Гэта не азначае, што Бог забыўся пра нас, зусім не. Быў такі час, калі жыўцом вырывалі Бога з людскіх сэрцаў, не даючы ніякага шансу, каб «прарасло» зерне Божай ласкі прызвання – гэта рабілі ворагі Касцёла, сыны зла. «Пане, пашлі працаўнікоў на сваё жніво» - так штодзённа мы паўтараем падчас малітвы. Ці мог хто-небудзь дапусціць у 80-ыя гады, што будзе існаваць семінарыя ў Гродне. Мы адкрылі яе не для таго, каб закрыць.
    Ці год Святарства, які абвясціў Папа, садзейнічаў павелічэнню прызванняў?
    Яшчэ не было ўступнага экзамену, таму я не магу сказаць аб колькасці пакліканах, але магу сцвярджаць, што год Святарства садзейнічаў умацаванню прызвання ў пакліканых г. зн. у нашых алюмнаў.
    Якія заданні павінен рэалізаваць святар у XXI стагоддзі?
    Тыя, што і раней: абвяшчаць свету Евангелле.
    Ксёндз-рэктар, скажыце, калі ласка, як сёння рэагаваць на нярэдкую крытыку цэлібату? Якая павінна быць рэакцыя святара?
    Цэлібат крытыкуюць людзі, далёкія ад Касцёла, якія не разумеюць яго мэты, у тым ліку - і сутнасці цэлібату. Кожны з ксяндзоў прымае дэкларацыю перад дыяканскімі пасвячэннямі – гэта ёсць акт волі і розуму, аб чым семінарыст разважаў у сваім сэрцы падчас малітвы на працягу ўсіх гадоў навучання ў семінарыі. Касцёл не прымушае нікога прытрымлівацца цэлібату, але тыя, хто жадае прысвяціць сваё жыццё святарству, дабравольна прымае яго і захоўвае. Я лічу, што святар не павінен растлумачваць свету, чаму ён прыняў цэлібат.
    Ксёндз-рэктар,скажыце, калі ласка, у чым заключаецца сэнс святарскага жыцця?
    Прыблізіць чалавека да Бога цераз рэалізацыю місіі, якую перадаў апосталам Езус Хрыстус. Я бачу ў гэтым сэнс святарскага жыцця і гэта вядзе да збавення.
   Ксёндз Юзаф, як сёння святар павінен жыць паводле навучання Хрыста і не страціць кантакту са светам?
    Святарства не прымаецца само для сябе. Ксёндз, прымаючы святарскія пасвячэнні, быў надзелены Сілай з Вышыні, каб быць для людзей настаўнікам веры і дарыцелем святых сакрамэнтаў. Святар не можа цалкам рэалізаваць сваёй місіі без кантакту са светам. Змёртвыхпаўсталы Хрыстус сказаў апосталам: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, удзяляючы ім Хрост у імя Айца і Сына і Святога Духа. Вучыце іх захоўваць усё, што Я вам перадаў. І вось Я – з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету”. І так будзе заўжды і так трэба паводзіць сябе, каб быць светам для свету.
    У наступны год мы будзем адзначаць 20-ці годдзе паўстання нашай семінарыі, а што нас чакае?
    Малітва і праца.
    Якія ёсць у Вас пажаданні для тых маладых міністрантаў, хлопцаў, якія хочуць пачуць голас Хрыста: “Пайдзі за мной!”
    Бог прамаўляе ў цішыні, а цішыня – гэта зусім не маўчанне, але няспынны дыялог Бога з Чалавекам. Творца пытае, а чалавек адказвае. Добра, калі ёсць хто-небудзь, хто дапаможа растлумачыць Божае запрашэнне. Таму я запрашаю сардэчна ўсіх зацікаўленых удзельнічаць у рэкалекцыях, каб разам з нашымі клерыкамі задумацца над шляхам жыцця.
    Малады Сябар! Будзь смялейшы, не палохайся. Скажу больш, трэба рызыкнуць, каб потым не шкадаваць.
    Дзякую за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.