ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Новы катэхэтычны год: для дарослых

З жыцця Касцёла

У людзей заўсёды паўстаюць пытанні. Чым чалавек становіцца сталейшым, тым іх - больш. Вельмі часта гэта пытанні матэрыяльнага плану, што ўзнікаюць у сувязі з нашымі праблемамі і жаданнямі. Мы непакоімся аб заробках, дыпломах, працы, пакупках, адпачынку, здароўі, дзялцы і г.д. Людзі імкнуцца да матэрыяльнага дабрабыту, а маральнае выхаванне застаецца на другім плане. Мы даведваемся па тэлебачанні і з газет аб забойствах, крадзяжах, аварыях. Бачым, як дарослыя не займаюцца выхаваннем дзяцей, а пакідаюць усё на выхавацеляў у дзіцячых садках і настаўнікаў у школе, нават на міліцыю і сацыяльныя службы. Мы назіраем вынікі гэтага бяздзеяння: дзеці хуліганяць, дрэнна вучацца, хлусяць, а бацькі абвінавачваюць настаўнікаў, выхавацеляў, грамадства. А калі на вуліцы сутыкаемся з хлопцам, які брыдкасловіць, або з чалавекам, які п’е і нідзе не працуе, то задаем сабе пытанні: чаму так здарылася, што яны сабе думаюць, навошта так сябе паводзяць. Нам непрыемна на гэта глядзець. Нам хочацца, каб было інакш, каб кожны чалавек задумаўся аб сэнсе свайго існавання, каб ён не перашкаджаў жыць іншым.
Вось цікава, ці думаем мы аб сваім жыцці, калі пазбаўляем сябе саміх і ўласных дзяцей веры і выратавання душы. Вы скажаце: “Мы гэтага не робім”. Добра, калі гэта праўда. Аднак часта мы самі служым дрэнным прыкладам для дзяцей. Многія бацькі ўскладаюць маральнае выхаванне сваіх дзяцей на плечы жонак. Часта дзеці з’яўляюцца сведкамі таго, як бацька едзе ў нядзелю на працу або застаецца ў кватэры з бутэлькай піва перад тэлевізарам. Або іншая сітуацыя: дарослыя ходзяць з дзецьмі ў касцёл да таго моманту, пакуль іх сыны ці дочкі не падрастуць, а потым з’яўляюцца ў святыню толькі ў вялікія святы. Такія прыклады можна пералічваць бясконца - усе яны негатыўна ўплываюць на выхаванне дзяцей і моладзі.
    Вось і мы паставілі пытанне аб сэнсе жыцця. У якасці адказу згадваюцца традыцыйныя каштоўнасці: сям’я, радзіма, каханне. Радзей называецца вера, што здаецца дзіўным, таму што, паводле сацыёлага Алега Манаева, сацыялагічныя даследванні, праведзеныя ў Беларусі пад канец 2009 г. Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў, гавораць аб тым, што большасць грамадства дэкларуе веру ў Бога (92,6%). Аднак на практыцы ўсё спыняецца на парозе храма, які 50% анкетаваных пераступае раз у год. З чым гэта звязана? Напэўна, з адсутнасцю выхавання, веры або ведаў аб Богу, а гэтыя веды могуць нам даць менавіта катэхетычныя заняткі. Катэхетычны клас – гэта месца, дзе можна знайсці адказы на пытанні, якія задае сэрца. На катэхетычных занятках дзецям даюцца веды па этыцы, маралі, гісторыі, філасофіі, праву. Падрастаючае пакаленне вучыцца малітвам, разуменню тэкстаў Святога Пісання, ветлівасці, маральным нормам хрысціяніна. Асоба, якая наведвала заняткі па катэхезе, напэўна, будзе больш устойлівая да спакусаў сённяшняга свету. Адначасова такі чалавек больш падрыхтаваны да жыцця ў сучасным свеце, яму прасцей зразумець казанне ксяндза ў касцёле, што асноўваецца на тэкстах з Бібліі і разлічана на разуменне вернікамі навукі Касцёла. Такая асоба хутчэй знойдзе маральнае вырашэнне новай праблемы. Яна не схлусіць, не ўкрадзе, не сагнецца пад складанасцямі жыцця, а знойдзе такое рашэнне праблемы, што прывядзе да дабра.
    Распачаўся новы навучальны год. З 1 верасня дзеці і моладзь перайшлі на чарговую ступень навучання. Таксама і бацькі ўступілі ў новы этап жыцця, таму што дзеці сталі старэйшымі на год, у іх з’явіліся новыя інтарэсы, знаёмыя, праблемы, жаданні. Дзеці імкнуцца пазнаць свет, “пакаштаваць” яго цалкам, але гэта вельмі небяспечная справа. Прывяду жыццёвы прыклад: хлопцы скончылі фізіка-матэматычныя клас, паступілі ў БНТУ ў Мінску, аб якім марылі, аднак, трапіўшы ў сталіцу – “згубілі галаву”. Яны марнавалі свой час у клубах, дыскатэках і барах вялікага горада – і развіталіся з універсітэтам. А магло б быць інакш. Вернік, які ажыццяўляе сваю веру на практыцы, больш устойлівы да спакусаў, таму што ён ведае цану, якую трэба заплаціць за сваю слабасць, за хвілінную прыемнасць. Гэтая цана – душа чалавека. Вернік клапоціцца аб чысціні сваіх думкаў і ўчынкаў. Вялікая роля ў выхаванні добрасумленнага верніка належыць менавіта катэхетычным заняткам, паколькі яны грунтуюцца на жыцці чалавека, на яго захапленнях, думках, словах і вопыце. Мэта катэхезы – гэта веруючы чалавек, а галоўнай яе функцыяй з’яўляецца інтэрпрэтацыя праблемаў яго існавання. Катэхеза асноўваецца на Божым Аб’яўленні і навуцы Касцёла. Зместам яе з’яўляецца чалавечы вопыт, культура і збаўленчае пасланне.
    Таму калі Вы хочаце, каб Вашыя дзеці выраслі сумленнымі людзьмі – прывядзіце іх на катэхетычныя заняткі!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.