ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

XXV Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Казаў Езус сваім вучням: “Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. I паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу з кіравання свайго, бо ўжо не можаш быць эканомам”.
    Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”.
    I, паклікаўшы кожнага паасобку даўжнікоў свайго гаспадара, сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. I сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзесят”. Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто коп пшаніцы”. I сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”.
    I пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
    I Я кажу вам: “Здабывайце сяброў сабе нікчэмнай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў нікчэмнай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? I калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне”.

Лк 16, 1-13

Мамона – сродак, а не мэта
Прытча пра несумленнага і хітрага кіраўніка з’яўляецца як бы дапаўненнем Евангелля з мінулай нядзелі. Бог з’яўляецца тым багатым чалавекам, які давярае свой маёнтак нам - адміністратарам. Гэта для напаміну, што ў нас нічога няма, чаго б мы не атрымалі ад Бога ў якасці дара, пачаўшы ад самога жыцця, цераз здольнасці і магчымасці, якія мы павінны развіваць і памнажаць для нашай карысці і Божай радасці.
    Мы атрымалі цалкам “бясплатна” таксама матэрыяльныя даброты: зямлю пад нагамі і неба над галавой, сям’ю, кола сяброў. Божым дарам з’яўляецца прыналежнасць да народу, да канкрэтнай супольнасці. Вельмі памыляецца кожны, хто хацеў бы прыпісаць што-небудзь ва ўласнасць на гэтым свеце. Найлепшым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца факт, што адыходзячы з гэтага свету, мы забіраем з сабой нямногае… Усё, што ёсць у нашым распараджэнні, служыць для павелічэння нашага і іншых людзей шчасця. Шчаслівы чалавек з’яўляецца славай Бога – Айца ўсіх дзяцей, якія карыстаюцца Яго дарамі.
    Езус не вучыць несумленнасці сваёй прытчай пра хітрага кіарўніка. Хутчэй за ўсё Ён аднаўляе правільныя прапорцыі ў матэрыяльным свеце, што належыць да Бога, а нам аддадзены ў “арэнду”. Чым большая “неашчаднасць” да бліжняга, тым большая праўдападобнасць, што мы знаходзімся ( і ў будучым будзем!) на правільным месцы.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.