ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Свята з душой і Божым словам - гэта радасць для ўсіх

Лісты чытачоў

Часта даводзіцца пачуць выказванне: Ну, проста душа радуецца!” І тады нам становіцца зразумела, што чалавек убачыў ці адчуў нешта добрае. Адна з таямніц шчасця гучыць так: “Сваю радасць мы можам знайсці ў радасці іншых”. І як часам нам не хапае дабрыні, радасці, сардэчнасці. Ці кожны задаваў сабе такое пытанне: “Што значыць дарыць чалавеку радасць?” Хіба часам мы забываем, што жыццё складаецца з мноства дробных манетак, а хто іх падымае, той становіцца заможным і шчаслівым. Адна маленькая ўсмешка ці адно добрае слоўца можа зрабіць шчаслівым іншага чалавека!
У апошні час усё часцей мы заўважаем, што кожны заняты сабою, сваімі праблемамі, стараецца быць матэрыяльна больш забяспечаны, чым іншыя. Зразумела, што жыццё мяняецца, але ёсць і будуць на першым плане духоўныя багацці, душа. Здаецца, мы жывём лепш, чым нашы продкі, аднак, радасці і весялосці ў іх было не менш, чым у нас. Успамінаю размову дзвюх бабулек: “А помніш, як нам калісьці было добра? Я табе спяку хлеба, прынясу цёпленькага, а твой Язэп прышле мне місачку свежага мёду. Ох, і смачны быў свой хлеб з духмяным мядком!” Так! Мабыць, гэта дабрыня ішла ад душы, умення падзяліцца апошнім куском і рабіла жыццё весялейшым. І жылі людзі да 100 год.
    Як важна помніць, што жыццё абаграваецца промнямі сонца, і яно адорвае ўсіх нас сваім святлом, нягледзячы на высокія пасады людзей.
    Перадаць святло душэўнасці – важная справа. Цяпер многія людзі ідуць у святыні ў выхадныя і святочныя дні, каб вынесці адтуль гэтае святло.Традыцыйна кожны год у касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе святаром з’яўляецца ксёндз Зайко Андрэй, у вёсцы Рэпля Ваўкавыскага раёна адзначаюцца дажынкі. У гэтым годзе чарговыя “Дажынкі 2010” адбыліся 29 жніўня. Жыхары вёскі Альхова былі адказны за іх правядзенне. Каб парадаваць усіх парафіян, неабходна было аб’яднацца, праявіць творчасць і ўменне. Жнівеньскім ранкам ад плябаніі ксяндза калона моладзі і прыгажунь-жанчын накіравалася да касцёла, дзе парафіяне чакалі іх з нецярпеннем і цікавасцю. Маладая дзяўчына ў касцюме восені несла кошык з дарамі саду і агароду. Гэты кошык, аздоблены гронкамі рабіны, рдзеў ад чырвані. Вянок з жывых кветак абвіваў галаву дзяўчыны - гэта было так прыгожа.
    Восень, нібы гаспадыня, вяла за сабой усіх. Вернікі неслі снапкі збожжа, булкі, кветкі, пячэнне, цукеркі. Калону замыкалі тыя, хто нёс плады саду і агароду. Песня гучала і, здавалася, яна ўзносілася да аблокаў. Усіх захапіла “сэрца” і крыж, зробленыя па-майстэрску з каласоў збожжа. Радасць прыйшла да кожнага і “растапіла” сэрцы ўсіх, хто тут сабраўся.
    Пасля таго, як дары багатай восені былі занесены ў святыню, пачалася ўрачыстая св. Імша, якая ажыццявілася за здароўе ўсіх працоўных людзей. Ксёндз Зайко А. падзякаваў у сваім казанні усім, хто сабраўся тут, за іхнюю працу.
    Маладыя статныя дзяўчаты і хлопцы ў нацыянальных касцюмах дэкламавалі вершы, дзе дзякавалі бацькам за іх стараннасць, за сабраны хлеб, за блакітнае неба і сонца, якое напаўняе колас сілай. Нізкі паклон і падзяка былі выказаны кіраўнікам гаспадарак. У канцы святочнай літургіі былі асвечаны вучнёўскія ранцы і падручнікі перад пачаткам навучальнага года. Усе былі пачаставаны вырабамі, зробленымі працай чалавечых рук.
    Ці не заключаецца радасць у адзінстве? Свята ад душы, свята для душы, свята з душой і Божым словам – гэта ёсць духоўны хлеб.Нягледзячы на тое, што кожная хвіліна радасці існуе вельмі нядоўга, а пазней знікае, аднак, яна астаўляе за сабой трывалую надзею і яшчэ больш трывалыя ўспаміны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.