ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Адвэнт

На шляху да святасці

“Затрымацца на хвіліну,адпачыць прыгажосцю свету,
Спыніцца на хвіліну, заўважыць свайго брата.
Затрымацца на хвіліну над тым, што ў сэрцы ўкрываеш.
Спыніцца на хвіліну і падумаць, для чаго жывеш”.
Кожны Адвэнт, а таму і сёлетні, з’яўляецца перыядам чакання Хрыстовага прыходу. З тугой мы чакаем Яго прыходу. Чакаем так, як у Старым Запавеце выбраны народ чакаў Месію, так, як сёння жонка чакае, каб прыйшоў дадому муж, як маці чакае вяртання дзяцей са школы, як сябар з тугой выглядае сябра.
    Адвэнт – гэта чаканне. Калі свет, нам здаецца, імчыцца без хвіліны рэфлексіі, то літургічны перыяд Адвэнта загадвае вернікам затрымацца і падумаць. Гэта ёсць таксама час ранішніх Раратаў, калі мы спяваем: “Нябёсы, спускайце расу зверху...” і “Чакаю Цябе, Езу мой малы,...” Час, калі незалежна ад веку ў нас абуджаецца дзіця, якое жадае свят, ёлкі, падарункаў, вігіліі.
    І чакаем... Толькі, ці сапраўды мы ведаем чаго? Што павінна наступіць пасля нашага ўласнага, прыватнага Адвэнта? Ці на самай справе мы адкрыем сэрцы, каб у іх нарадзіўся Збавіцель, так як звыш двух тысячагоддзяў таму, каб ахапіў нас святы час бэтлеемскага цуду. Ці зноў, як ужо было не адзін раз, мы скажам, што чаканне было лепшым, чым тое, на што мы чакалі, таму што было поўнае надзеі, таямніцы, радасці.
Разам з Адвэнтам мы пачынаем адначасова новы літургічны год у Каталіцкім Касцёле. З пачаткам чагосьці новага мы можам яшчэ раз пачаць нанова нашую прыгоду з Езусам. Паспрабаваць распачаць у чарговы раз працу над сабой. Пачаць яшчэ раз, часта можа нават ад саміх асноў, а таму ад наладжвання нашых сувязяў з бліжнімі, ад выхаду і выцягвання сваёй далоні да іх. Вярнуцца да малітвы, якая няхай перараджаецца ў шчырую размову з Хрыстом, калі мы не толькі будзем “атакаваць” нябёсы, узносячы свае просьбы, але і таксама будзем слухаць тое, што Бог будзе кіраваць да нас.
    На працягу ўсяго часу трэба ўсведамляць тое, што толькі Бог зможа перамяніць зацвярдзелыя людскія сэрцы. Толькі Езус можа вылечыць гэтую нашую, апаганеную злом і грахом зямлю, якая дала Яму бэтлеемскую стайню і крыж на Галгоце. Святы Аўгустын пісаў, што Той, які стварыў чалавека з гразі, зможа перамяніць яго ў анёла. А таму Бог з’яўляецца лекарам нашых душ, і гэта толькі Ён можа змяніць нас. Але ці мы хочам гэтага на самай справе? Толькі ад нас залежыць, ці гэты час мы пражывём добра, ці ў нашым духоўным жыцці наступіць рух наперад і збліжэнне да Бога.
    Час Адвэнта з’яўляецц таксама парой пошуку Хрыста. А для таго, каб Яго знайсці, павінны нанова адкрыць вартасць цішыні. Мы не можам заглушаць яе, бо толькі ў ёй прыходзіць Бог і жадае нас адорваць надзеяй. Ён хоча разбіць бетонны мур, цэгламі якога з’яўляюцца нашыя грахі, і нанова нарадзіцца ў нашым сэрцы, укараняючы ў яго супакой. Заставацца ў цішыні нялёгка, але варта. Яе плён - благаславенны. Пра гэта ў сваім “Дзённічку” піша св. Фаустына Кавальская: “Мая цішыня - для Езуса. Я старалася мець вялікую суцішанасць для Езуса. Сярод найбольшага шуму Езус знаходзіў заўжды цішыню ў маім сэрцы, хоць часта мне гэта многае каштавала. Але што ж можа быць вялікім для Езуса, для Таго, каго люблю ўсёй сілай маёй душы?” (Дз, 185).
    Адвэнт з’яўляецца таксама парой роздуму над сваім жыццём. Каб заўважыць свае недасканаласці і ўбачыць, якое месца ў іерархіі нашых каштоўнасцяў займае Бог, трэба паглядзець на жыццё з перспектывы іншага чалавека, іншымі вачамі. Трэба крыху затрымацца, запаволіцца і задумацца над сваім жыццём. А таму, як спяваецца ў адной рэлігійнай песеньцы, Адвэнт існуе для таго, каб:
    Як жа мы, людзі XXI стагоддзя, вельмі патрабуем у сваім жыцці Божай прысутнасці! Як жа сучасная Еўропа, якая спрабуе адарвацца ад Бога, забываючыся пра хрысціянскія каштоўнасці і высакародныя ідэалы, вельмі патрабуе Бога-маяка! Таксама і наш край патрабуе ўкаранення ў Богу! Наша моладзь мае патрэбу ў Ім, бо пагоня за сучаснасцю не прывяла да таго, аб чым гаварыў св. Вінцэнт з Лэрыну: “Калісьці нашыя продкі засеялі поле Касцёла “пшаніцай” веры. Было б чымсьці нягодным і неадпаведным, калі б мы, іх нашчадкі, цяпер збіралі куколь памылак замест зерня праўды”.
    І далей актуальнымі з’яўляюцца словы св. Паўла, скіраваныя да хрысціянскай гміны ў Калосах, дзе ён заахвочвае іх укараніцца ў Хрыста і далейшага на Ім узвядзення, умацоўваючыся ў веры (пар. Клс 2, 7). Таму таксама мы павінны аддаваць сваё жыццё Хрысту, просячы Яго, каб гэты перыяд Адвэнта быў для нас благаславенным і плённым часам. Адвэнтавае чаканне не было б плённым, калі б не прысутнасць Найсвяцейшай Маці. Гэта Яна была выбрана Богам і як адзіная была захавана ад грахоў, стала Маці Божага Сына. Аналагічна як і мы, калісьці і Яна з радасцю чакала нараджэння Збавіцеля.
    Найсвяцейшая Маці з’яўляецца асаблівай Апякункай адвэнтавага чування.Таму ў гэты час мы асабліва звяртаемся да Той, якая вучыць нас даверлівай малітве, да Той, якая захоўвала поўнае ўшанавання маўчанне, разважаючы аб вялікіх таямніцах веры. Мы просім Яе аб дапамозе вытрымаць у добрых пастановах, а таксама аб цярплівасці, каб пад канец нашага Адвэнта, маглі паўтарыць за св. Паўлам: “Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў. На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя” (2 Цім 4, 7 – 8). У перажыванні Адвэнта дапамагае нам таксама прарок Ісая, прадказаўшы прыход Збавіцеля, і св. Ян Хрысціцель, які непасрэдна падрыхтоўваў люд да сустрэчы Месіі. Гэта менавіта яны заклікаюць нас выпростваць сцежкі ў нашым сэрцы для Хрыста: “Падрыхтуйце ў пустыні шлях для Пана, выраўняйце на пустэчы гасцінец нашаму Богу!” (Іс 40, 3).
    У Адвэнце мы павінны быць радаснымі, таму што Пан знаходзіцца блізка. Мы, чакаючы кагосьці, якога вельмі любім, нязвыкла радасныя, поўныя энтузіязму. Менавіта радасць дапамагае развіць нашае ўнутранае жыццё ў правільным напрамку і добрыя адносіны з бліжнімі. Таму давайце будзем чакаць у радасці, бо Адвэнт, нягледзячы на тое, што ў Касцёле з’яўляецца часам навяртання, перамены і пакуты, павінен быць поўны сапраўднай хрысціянскай радасці.
    Дарагія браты і сёстры! Бог дае нам гэты благаславенны і радасны час! Выкарыстайце яго добра! Памятайце, што Бог чакае Вас цяпер! Старайцеся штодзённа жыць так, каб не заглушыць святых крокаў Бога, які набліжаецца да вас! Адвэнт з’яўляецца нагодай зрабіць рахунак сумлення і задумацца над сваім жыццём. Яшчэ не ўсё страчана. Мы можа змарнавалі шмат нагод ў жыцці, аднак, яшчэ жывём на гэтым свеце і нам многае што трэба зрабіць. Варта прыгледзецца да самога сябе, заўважыць свае таленты і здольнасці, заўважыць, чым мы адрозніваемся ад іншых людзей, што такое даў нам Бог як дар і заданне для выканання. Давайце не будзем чакаць, пакуль іншыя зробяць штосьці за нас, але возьмем справы ў свае рукі.
    Таму няхай Адвэнт, які мы пачынаем, будзе часам рэфлексіі, чування, падрыхтоўкі. Няхай гэта будзе пара суцішанасці, глыбокай малітвы, “складання” нанова нашага жыцця, радаснага чакання не толькі свят Божага Нараджэння, але таксама спаткання з Богам у небе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.