ГРОДНА
Пятніца,
06 снежня
2024 года
 

Любоў у сям’і

На шляху да святасці

Святая Сям’я з’яўляецца прыгожым прыкладам для пераймання для сучасных сем’яў. Святы Юзаф – гэта ўзор мужнага чалавека, які не баяўся ўзяць адказнасць за бяспеку Марыі і Езуса. Святы Юзаф выратаваў сям’ю ад жаўнераў Ірада, забяспечыў Марыі Панне і малому Езусу харчаванне і дах над галавой. Ён стараўся быць прыкладам для падрастаючага Езуса. Марыя, Яго Маці, з’яўляецца вытокам любові, веры і надзеі. Мільёны людзей дамагаюцца Яе заступніцтва. Яна з’яўляецца сімвалам па-сапраўднаму любячай маці.
    Кожнае дзіця заслугоўвае такіх бацькоў. Аднак у нашых асяроддзях ёсць вельмі мала прыкладаў пераймання Святой Сям’і. Сучасны свет пагражае будучыні. Аборты, кантрацэпцыя, аднаполыя сужэнствы, разводы, убоства, п’янства, экалогія і шмат іншых фактараў пагражаюць нашай будучыні. Прадзюсары паказваюць кінафільмы на гэтыя тэмы. Тэлебачанне, інтэрнэт робяць даступнай гледачам шмат негатыўнай інфармацыі, якая моцна ўздзейнічае не толькі на розумы дзяцей, але і дарослых. Алкагалізм, наркотыкі, самазабойствы становяцца найлягчэйшым выйсцем з цяжкай сітуацыі.
Хто стаіць у абароне чалавецтва ад гэтага зла? Людзі з Божай дапамогай. Дзяржава не можа кантраляваць кожнага чалавека, правяраць стан яго псіхікі, маралі. Кожны чалавек абараняе сам сябе. Таму бацькі абавязаны апекавацца сваімі дзецьмі. Дзеці – гэта наша будучыня. Бацькі арыентуюць дзяцей на жыццё паводле ўласных прынцыпаў. Гэты працэс прадаўжаецца ўсё дзяцінства і юнацтва. На працягу доўгага перыяду жыцця мы патрабуем бацькоўскай падтрымкі: у раннім дзяцінстве, падчас навучання ў школе, ВНУ, падчас пошуку працы і г.д. Прыклады можна памнажаць, але адно верагодна: у кожным узросце хацелася б адчуць цяпло мацярынскіх рук, матчынага клопату і бацькоўскага погляду.
    Бацькі першымі цешацца поспехамі свайго дзіцяці, першымі перажываюць таксама кожную яго няўдачу. Яны асуджаны на гэта з-за любові да ўласнага дзіцяці. Нельга дакладна акрэсліць моманту, калі дзіця становіцца самастойным. Мы часта лічым, што гэтая хвіліна наступае, калі сын ці дачка змогуць зарабіць на сваё ўтрыманне і не патрабуюць дапамогі бацькоў. Мы думаем пра самастойнасць у матэрыяльным плане. А што з духоўнасцю? Часта мы проста забываем пра яе. Ці наступае момант, калі дзіця перастае мець патрэбу ў бацьках? Напэўна, не! А пасля смерці бацькоў асабліва адчуваецца іх адсутнасць. Не гаворачы ўжо пра сіроты, пра пакінутыя дзеці… Што адбываецца ў іхніх сэрцах, у сэрцах тых, якія ніколі не спазналі матчынай і бацькоўскай любові? Але ж яны жадаюць гэтага больш, чым іншыя…
    Любоў з’яўляецца вытокам, які дапамагае бацькам у выхаванні дзяцей. Што ж ёсць больш прыгожага, чым нараджэнне дзіцяці, пачутае яго першае слова, якім часцей за ўсё ёсць слова “мама”, сузіранне яго першых крокаў. Кожны бацька памятае таксама штодзённыя клопаты, звязаныя з дзіцяткам, напр. яго купанне, прагулкі, плач, усмешку.
    Давайце будзем любіць дзяцей. Гэтая любоў дадасць сіл і дазволіць выхаваць дзяцей добрымі і справядлівымі людзьмі. Прыклад Святой Сям’і патрэбны. Вялікая Любоў Марыі і Юзафа да Езуса вылучыла іх сярод людзей. Яны з’яўляюцца прыгожым прыкладам для сучасных бацькоў. Нельга эксперыментаваць на дзецях, прымяняючы адносна іх самыя навейшыя педагагічныя метады, што паходзяць з іншых краінаў. Давайце будзем памятаць, што мы жывём у Беларусі, а не ў Японіі ці ЗША. Давайце будзем памятаць пра хрысціянскія традыцыі, якія з’яўляюцца асновай нашага грамадства. Напэўна, ніхто не жадае сабе, каб у яго горадзе раптам увялі чужы закон, мову, традыцыі.
    Найлепшым сродкам выхавання з’яўляецца любоў. Бацькі, у якіх адсутнічае любоў да дзяцей, варты жалю. Ніхто не можа паведаміць прыклад нядобрага выхавання ў Святой Сям’і. Яна з’яўляецца прыгожым узорам для пераймання. Штодзённая малітва і адкрытае сэрца дапамогуць знайсці любоў у сваім сэрцы. З-за адсутнасці любові да бліжняга паходзяць вялікія праблемы сучаснага свету. Мы не хочам заўважаць чужых праблемаў, не любім чуць крытычныя ўвагі ў дачыненні да сябе, не задумваемся пра пачуцці свайго мужа ці жонкі. Што ж гаварыць пра нашыя адносіны да дзяцей, калі ў свеце ёсць столькі негатыўных прыкладаў...
    Любіце бліжняга, а перш за ўсё дзяцей, бо яны з’яўляюцца будучыняй гэтага свету. Што будзе, калі мы пакінем іх? У якуюсьці хвіліну не хопіць любові…
    У святы Божага Нараджэння і Святой Сям’і давайце ўсе звернемся ў малітве да Бога і Найсвяцейшай Багародзіцы з просьбай аб любові бацькоў да дзяцей. Давайце папросім, каб у надыходзячым годзе кожны бацька прысвяціў больш часу для выхавання ўласных дзяцей і моцна іх любіў.
    На працягу некалькіх год у нашай дыяцэзіі арганізаваны пілігрымкі ў дыяцэзіяльныя Марыйныя санктуарыі ў Тракелі і Капцёўку.
    Гэта ёсць мясціны, дзе асаблівым чынам можна аддацца пад апеку Найсвяцейшай Панне Марыі і папрасіць аб Яе заступніцтве ў інтэнцыях нашых сем’яў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  26

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.